«І ўспамінаць страшна, і забыць нельга». Жыхарка Ліды расказала пра вайну, якую бачыла вачыма васьмігадовай дзяўчынкі
09 Мая 2019
1287

Гераіня артыкула нарадзілася ў невялікай вёсачцы Дубатоўка Дзятлаўскага раёна. Напярэдадні страшных падзей сям'я якраз абзавялася новай хатай на хутары, нават яшчэ недабудаванай, наладжвала побыт, завіхалася па гаспадарцы.
– Я была чацвёртай, самай малодшай, – успамінае Алена Аляксееўна. – А брат Васіль (яму ў чэрвені споўнілася дваццаць два гады) – самым старэйшым у сям'і. Ён працаваў у мясцовым лясніцтве і ў той жа час узначальваў камсамольскую арганізацыю. У чэрвені 1941 года яго камандзіравалі ў горад Гомель на курсы павышэння кваліфікацыі. Гэта здарылася якраз напярэдадні вайны. Памятаю тыя гарачыя дні лета і прагрымелую 22 чэрвеня страшную навіну, што Германія напала на нашу краіну. Мама плакала шмат дзён. Мы жылі, разумеючы, што Вася можа ўжо не вярнуцца дадому. У гэты час вораг упэўнена займаў новыя гарады і вёскі, адчуваў сябе гаспадаром. Прыйшлі немцы і ў нашу вёску. Знайшліся здраднікі, якія расказалі, дзе жыве лідар камсамольскай арганізацыі. У дом сталі заяўляцца паліцаі, прыязджалі патрулі з нямецкіх салдат. Васю шукалі, а мы тады яшчэ не ведалі, што праз дваццаць дзён ён прыйшоў у суседнюю вёску, дзе жылі сваякі. Менавіта яны папярэдзілі яго, што дадому ісці нельга. Толькі адзіны раз, уначы, ён усё ж прыходзіў. Хацеў сказаць, што жывы.
У гэты час у навакольных лясах паступова зараджаўся партызанскі рух з камсамольцаў, чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне, мясцовых жыхароў. Былі сярод партызан і аднакласнікі Васіля. Ён уступіў у іх шэрагі. Здагадваючыся аб гэтым, кожную раніцу, да канца верасня 1941 года, паліцаі з'яўляліся ў дом сям'і. Ім патрэбна была інфармацыя аб месцазнаходжанні атраду.
– На сцяне хаты, пад дахам, каб схаваць ад дажджу, мы падвешвалі асноўную канструкцыю ткацкага станка, – расказвае мая суразмоўніца. – Яна была выцесаная з кавалка драўніны (для гэтага ў вёсцы выбіралі гнутую частку ствала дрэва ці нават частку дрэва з коранем). Паліцаі загадвалі выходзіць на вуліцу. Спачатку ставілі да сцяны нас, дзяцей. Накіраваўшы на галовы аўтаматы, заяўлялі бацькам: «Цяпер іх расстраляем!» І стралялі паверх нашых галоў. Мы пачыналі плакаць і крычаць. Тады яны нам, дзецям, загадвалі адысці ўбок і на гэта ж месца ставілі бацькоў. Куль не шкадавалі. Гэты жах працягваўся доўга. На сцяне дома не засталося цэлага месца, а грузная драўляная канструкцыя ткацкага станка ад частаты пападанняў ператварылася ў груду трэсак.
Калі партызаны ўпэўнена абаснаваліся ў мясцовых лясах, сям'я Алены Аляксееўны пайшла ў атрад, камандзірам якога ў той час быў Віталь Панчанкаў.
– Ля дарогі Ліда – Воранава пахаваныя воіны 213-га стралковага палка 56-й стралковай дывізіі, – адзначыла Алена Аляксееўна. – Мне расказвалі, што Віталь Ільіч камандаваў кулямётным узводам гэтага палка. У самым пачатку вайны салдаты Чырвонай Арміі адступалі. І якраз каля нашага горада частка байцоў, пакуль іх камандзір быў у разведцы, была заўважаная гітлераўцамі. Завязаўся няроўны бой з ворагам. Вярнуўшыся, Панчанкаў убачыў забітых салдат і шмат немцаў. З астатнімі таварышамі ён стаў далей дабірацца да сваіх. А як гэта можна было зрабіць на тэрыторыі, занятай ворагам? Зіму перажыў у вёсках Карэліцкага раёна, а вясной 1942 года пайшоў у лес. Пасля стаў камандзірам партызанскага атрада «Кастрычніцкі» брыгады імя Кірава, куды мы і трапілі. Памятаю Віктара Валчэцкага. У групе падрыўнікоў эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага пад адхон пускаў лепш за ўсіх. На яго рахунку іх больш за дзясятак, а таксама чыгуначны мост на перагоне Наваельня – Нёман. Загінуў у баі з карнікамі каля вёскі Малая Ізва. А потым не стала майго брата. У атрадзе Вася быў камандзірам разведкі. У адзін з дзён разам з напарнікам Іванам Палітаевым адправіўся на сустрэчу з сувязным у Лідскі раён. У вёсцы Руда наткнуліся на засаду. Івана забілі першым, Васілю кулі перабілі ногі. Паліцаі пастаялі над ім трохі і забілі стрэлам у галаву, а целы скінулі ў бульбяную яму. Толькі праз восем дзён нашы змаглі іх забраць. Памятаю, як убачыла брата, які ляжаў з адкрытымі вачыма, ускрыкнула і... страціла прытомнасць. Неўзабаве ў атра-дзе з'явіліся радысты з Масквы. Да нас сталі прыходзіць апошнія навіны. Заўсёды з нецярпеннем людзі чакалі новай інфармацыі аб тым, дзе ідуць баі. І вось вызвалены Баранавічы, Карэлічы, Навагрудак, Любча, Ліда, Дзятлава, Бярозаўка. Шчасцю не было мяжы. Хутка мы пакінулі неабсяжны лес і балоты Налібоцкай пушчы.
Пасля вайны сям'і выдзелілі жыллё ў Навагрудку. Там Алена Аляксееўна на выдатна скончыла школу. Потым з'ехала ў Ленінград, дзе паступіла ў лесатэхнічную акадэмію імя Кірава. На пятым курсе выйшла замуж, чатыры гады па размеркаванні працавала ў пасёлку Парфіно Наўгародскай вобласці. Але дарогі лёсу зноў прывялі яе ў родныя мясціны.
– Я заўсёды хацела вярнуцца дадому, да бацькоў, – адзначыла гераіня артыкула. – Прыехала спачатку ў Навагрудак, потым лёс прывёў у Ліду. Доўгія гады з мужам працавалі на заводзе “Лідсельмаш”. Разам пражылі доўгае, шчаслівае жыццё. Але як бы ні хацелася, нават праз дзесяцігоддзі жахі ваеннага ліхалецця з памяці не сцерці.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.