У педагогі – са школьнай парты. У трох школах Лідчыны працуюць профільныя групы педагагічнай накіраванасці
Настаўнік – чалавек, ад якога залежыць ні многа ні мала –будучыня краіны. Узняць прэстыж педагагічнай прафесіі, прыцягнуць у яе лепшых, матываваных – такая задача ставіцца сёння ў нашай краіне, а для выканання яе запушчаны шэраг механізмаў. Сярод іх – педагагічныя класы, а па сутнасці – выхаванне будучых педагогаў са школьнай парты.
***
“Калі ў 2015/2016 навучальным годзе ў Беларусі пачало рэалізоўвацца профільнае навучанне (вывучэнне тых ці іншых школьных прадметаў на павышаным ўзроўні) і, акрамя таго, у рамках якога сталі стварацца класы прафесійнай накіраванасці (педагагічнай, ваеннай і г.д.), сістэма адукацыі Лідчыны таксама зрэагавала на запатрабаванне часу. У 2016/2017 навучальным годзе група педагагічнай накіраванасці была набрана ў СШ №17, – расказвае начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Наталля Адалеўская. – Сярэдняя школа №17 невыпадкова стала першай, хто пачаў працаваць у гэтым кірунку. Ужо тады сістэма профільнага навучання ў гэтай школе адрознівалася шматварыятыўнасцю, наяўнасцю розных мадэляў профільнага навучання. У красавіку 2016 года педагогі СШ №17 на семінары з кіраўнікамі школ першымі дзяліліся сваім вопытам профільнага навучання. Ну а галоўнае, без чаго немагчыма было б зрабіць першы крок, – гэта гатоўнасць і зацікаўленасць усіх: навучэнцаў, бацькоў, педагогаў – у стварэнні такіх груп педагагічнай накіраванасці”.
Сутнасць і асноўная мэта педагагічных профільных класаў (груп) – увесці старшакласнікаў ў курс прафесіі педагога, даць магчымасць дакрануцца да яе на практыцы. А яшчэ – выпрабаваць самога сябе на педагагічную годнасць. На заканадаўчым узроўні быў прыняты шэраг дакументаў, згодна з якімі для выпускнікоў менавіта такіх класаў (груп) прадугледжаны прэферэнцыі пры паступленні на некаторыя спецыяльнасці педагаічных устаноў вышэйшай адукацыі. Калі дакладна, то ўказам Прэзідэнта ўстаноўлена, што навучэнцы, якія прайшлі навучанне ў профільных класах (групах) педагагічнай накіраванасці пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці залічваюцца без уступных іспытаў па выніках субяседвання, якое праводзіцца ўстановай вышэйшай адукацыі, пры ўмове далейшай абавязковай работы па размеркаванні пасля атрымання вышэйшай адукацыі на дзённай форме за кошт бюджэта не меней пяці гадоў. Пры гэтым выпускнікі профільных класаў (груп) педагагічнай накіраванасці павінны мець у дакуменце аб сярэдняй адукацыі адзнакі не ніжэй сямі балаў па ўсіх вучэбных прадметах і адзнакі не ніжэй васьмі балаў па вучэбных прадметах, якія адпавядаюць прадметам профільных іспытаў. Акрамя таго, яны павінны прадставіць рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі, і ўласнае партфоліа “Я педагог”.
***
Ітак, першапраходцам у рэалізацыі новай практыкі на Лідчыне стала СШ №17, дзе педагагічная група была набрана тры гады таму і дзе ўжо ажыццявілі яе першы выпуск. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Яніна Кахновіч расказвае:
– Перш за ўсё мы задумаліся: хто з педагогаў возьме на сябе абавязак кіраўніка педагагічнай групы і факультатыва “Уводзіны ў педагагічную прафесію”? Каб захапіць, зацікавіць, павесці за сабой, патрэбна, каб педагог быў творчы і адданы. Мы спыніліся на настаўніцы Алене Антонаўне Жураўлёвай. Гэта творчы педагог, які можа перадаць любоў да сваёй прафесіі, заразіць ёю дзяцей.
Сама Алена Антонаўна прызнаецца: “Сапраўды люблю сваю прафесію і не стамляюся пра гэта гаварыць”.
Гэта былі летнія канікулы, і Яніна Кахновіч з новапрызначаным кіраўніком факультатыва Аленай Жураўлёвай сталі тэлефанаваць дзецям і цікавіцца, хто жадае наведваць факультатыўныя заняткі "Уводзіны ў педагагічную прафесію». Такім чынам, на базе 10-х класаў была набрана група педагагічнай накіраванасці ў складзе 13 чалавек.
“Праграма раздзелена на чатыры модулі, – расказвае Алена Антонаўна. – Вывучаюцца такія, напрыклад, тэмы, як “Знаёмства з прафесіяй”, “Народная педагогіка”, “Сям'я і педагогіка”, “Культура прамовы”, “Артыстызм педагога”, “Прыёмы стварэння іміджу” і г.д. Акрамя таго, прадугледжана шмат псіхалагічных тэстаў, па выніках якіх можна вызначыць, падыходзіць навучэнец да гэтай прафесіі ці не. Дзеці з задавальненнем праходзяць тэсты і сапраўды хочуць ведаць свае схільнасці. І нават калі вучань зразумее, што гэта не яго, таксама добра – выпадковы настаўнік у школу не прыйдзе. Адна справа праслухаць курс тэарэтычны. Іншая – паспрабаваць сябе на практыцы, у ролі педагога. Навучэнцаў педагагічнай групы мы сталі далучаць да педагагічнай прафессіі, далі магчымасць дакрануцца да яе, патрымаць у сваіх руках. Пачыналі з арганізацыі рухомых перапынкаў з маленькімі дзецьмі, правядзення ўрокаў у дні самакіравання, пазакласных мерапрыемстваў”.
– Трэба сказаць, што міністэрства адукацыі, у тым ліку вядучыя педагагічныя вну – БДПУ імя М. Танка, ГрДУ імя Я. Купалы, не даюць навучэнцам педагагічных класаў сядзець склаўшы рукі, – расказвае Яніна Кахновіч. – Праводзіцца шмат конкурсаў, і мы ўдзельнічаем у іх даволі паспяхова. Так, на фестывалі педагагічных класаў Гродзенскай вобласці наша педагагічная група заняла першае месца ў адной з намінацый. Мы ўдзельнічалі ў праекце: «Педагагічная прафесія: ўчора, сёння, заўтра», які праводзіцца ГрДУ. Для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе для вучняў профільных класаў педагагічнай накіраванасці ў праекце “Будучыя педагогі аб школе будучыні” нашы вучні стварылі свой уласны праект, у рамках якога даказалі, што грамадазнаўства ў школе трэба выкладаць не тры гады, а пяць, прыдумалі новыя вокладкі падручнікаў”.
Не ўсе вучні першай набранай педагагічнай групы СШ №17, якая мінулай вясной ужо ажыццявіла выпуск, пайшлі ў педагагічную прафесію. З усёй групы чацвёра. Але настаўнікі сямнаццатай школы і гэта лічаць вялікім поспехам. Бо дзеці паступалі на педагогаў свядома.
У бягучым навучальным годзе з трох дзясятых класаў тут зноў набралі педагагічную групу, 16 чалавек. Нягледзячы на тое, што гэта яшчэ 10 клас, ужо трое хочуць быць педагогамі, астатнім – проста цікава.
– Мы праходзім розныя псіхалагічныя тэсты, каб зразумець, ці падыходзім мы да гэтай прафесіі, ці зможам чамусьці навучыць дзяцей, справіцца з імі, – дзеліцца вучаніца групы Ксенія Цяшко. – Таксама мы вывучаем тэорыю. Рыхтуем партфоліа, у якое збіраем усе свае дасягненні, пачынаючы з дзіцячага сада.
– Нядаўна мы пабывалі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце і былі вельмі ўражаныя: перш за ўсё атмасферай студэнцкага жыцця, – расказвае яшчэ адна навучэнка гэтай жа групы Даша Адамовіч. – Асабіста я зацікавілася факультатывам таму, што на ім мы вывучаем не дзяцей, а ўзамаадносіны паміж дарослымі і дзецьмі, што спатрэбіцца нам у будучым у любым выпадку.
– Я пайшла на педагагічны факультатыў для агульнага развіцця, – гаворыць Маша Шчука. – Я яшчэ не ўпэўнена ў сваім выбары, але мяне ўсё больш пачынае цікавіць прафесія педагога.
***
Следам за СШ №17 педагічны клас адкрылі ў СШ №9. “Перад тым, як пайсці на эксперымент, узважылі ўсе «за» і «супраць», – расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Іна Хартановіч. – Сярод “за” было і тое, што з развіццём педагагічных класаў мы зможам дабіцца, каб у наш калектыў вярталіся нашы ж выпускнікі. Але перш мы прааналізавалі, наколькі навучэнцам цікавая прафесія педагога”.
На пачатку 2017/2018 навучальнага года на базе 10 профільнага класа (на павышаным узроўні вывучаюцца хімія, біялогія, руская і замежная мовы, матэматыка) у дзявятай школе была адкрыта педагагічная група. У 2018/2019 навучальным годзе на базе чарговага 10 класа была набрана яшчэ адна група. Такім чынам, у СШ №9 іх дзве. Вядома, далёка не ўсе стануць у канчатковым выніку педагогамі. Многія проста цікавяцца. Або хочуць падцягнуць свае веды. І гэта таксама добра.
– Прывабнасць факультатыва ў тым, што дзеці маюць магчымасць з розных пазіцый разгледзець прафесію настаўніка, вызначыць ўласныя прафесійныя мэты і пабудаваць індывідуальную траекторыю прафесійнага развіцця, – лічыць кіраўнік факультатыва Надзея Мальчук. – Навучэнцы праходзяць цэлую серыю педагагічных пробаў. Яны спрабуюць сябе памочнікамі педагогаў і ў ролі педагогаў, пазнаюць сябе і свае магчымасці. З'яўляючыся памочнікамі класных кіраўнікоў, арганізоўваюць пазакласную выхаваўчую дзейнасць. Усё як у сапраўдных педагогаў.
Па суботах у школе працуе клуб «Я магу дапамагчы», і навучэнцы педагагічнай групы дапамагаюць малодшым школьнікам падрыхтавацца да ўрокаў, ладзяць для іх конкурсы, віктарыны, арганізоўваюць канцэрты.
– У канцы мінулага навучальнага года па ініцыятыве старшакласнікаў у нашай школе быў арганізаваны круглы стол з удзелам кіраўніцтва школы, педагогаў і бацькоў “Будучыя педагогі – аб школе будучага”. А ў час летніх канікул дзеці практыкаваліся ў прышкольным ваенна-патрыятычным лагеры “Віцязь”, дзе праявілі сябе ў ролі важатых, – расказвае Надзея Мікалаеўна. – Летась навучэнцы профільнай групы Кацярына Сялевіч, Арына Нацэвіч і Лізавета Журава пабывалі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», дзе праходзіла змена для юных педагогаў. Калі вярнуліся, ахвотна дзяліліся новымі ўражаннямі, ведамі і ідэямі. Як вынік, узнікла ідэя распрацаваць уласны праект “Карысны школьны перапынак”.
Дзесяцікласніца, навучэнка педагагічнай групы СШ №9 Ульяна Янчы, ужо рашыла – паступаць на настаўніцу хіміі. “Мне падабаецца хімія, – дзеліцца дзяўчынка. – На мой погляд, у настаўніка хіміі больш свабоды для творчасці, навукі, працы з дзецьмі, чым у іншых педагогаў-прадметнікаў (напрыклад, філолагаў ці матэматыкаў). Мне цікава вывучаць яе на практыцы. І я хачу паказаць і даказаць дзецям, што гэта не сумная і цяжкая, як падаецца на першы погляд, навука, яна вельмі цікавая і дае шмат магчымасцяў для адкрыццяў”.
Адзінаццацікласніца гэтай жа школы Дар’я Волкава збіраецца паступаць у БДПУ імя М. Танка на “лагапедыю”. “У мяне мама працуе ў дзіцячым садку, таму з педагогікай вырашыла звязаць сваё жыццё і я, – гаворыць Даша. – Наведваць факультатыў мне падабаецца: можна зазірнуць у прафесію знутры, праверыць сябе. Спадзяюся, у мяне ўсё атрымаецца.
***
У бягучым навучальным годзе педагагічную групу для арыентацыі на атрыманне педагагічнай прафесіі з вывучэннем на павышаным узроўні англійскай мовы і матэматыкі стварылі і ў СШ №11. У склад групы ўвайшлі дзевяць чалавек.
– Гэта высокаматываваныя навучэнцы, сярэдні бал якіх вышэй за восем з паловай. Трое з іх прэтэндуюць на атрыманне атэстата асобага ўзору з ўзнагароджаннем залатым медалём, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Жанна Сватухіна. – Спецыфічнай асаблівасцю правядзення факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію” з’яўляецца арыентаванасць на развіццё асобы старшакласнікаў у адказны перыяд сацыяльнага сталення, фарміраванне ў іх сацыяльнай кампетэнтнасці, маральнай культуры, пазнаваўчых інтарэсаў, развіццё здольнасці да творчасці. Змест праграмы факультатыўных заняткаў уключае ў сябе тэмы, якія даюць адказы на шэраг пытанняў. Напрыклад, што такое педагагічная прафесія, як і калі яна ўзнікла, у чым яе спецыфіка, якія патрабаванні прад’яўляюцца да настаўніка, што павінен умець настаўнік, якімі якасцямі валодаць, і самае галоўнае: ці магу я быць настаўнікам. Нягледзячы на тое, што педагагічная група працуе ў нас толькі паўгода, навучэнцы ўжо прынялі паспяховы ўдзел у фестывалі педагагічных класаў ГрДУ імя Я. Купалы, дзе заваявалі дыплом 2 ступені. Павышаюць сваё майстэрства і педагогі, якія працуюць з профільнай групай.
***
Між тым, аб першых выніках працы педагагічных класаў на Лідчыне можам меркаваць ужо сёння. Як ужо гаварылася вышэй, СШ №17 летась ажыццявіла першы выпуск. Чацвёра навучэнцаў свядома абралі педагагічную прафесію. Адразу трое дзяўчынак: Юля Данільчык, Насця Вейкуць, Аня Філіновіч – паступілі на філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, адна – у Баранавіцкі дзяржаўны універсітэт.
– Я з 8 класа хацела быць педагогам, таму прапанову наведваць факультатыў прыняла з задавальненнем, – расказвае Юлія Данільчык. – Займацца ў групе мне падабалася. Нас вучылі не толькі тэорыі, але і практыцы, планіраваць і праводзіць урокі. Падчас паступлення я праходзіла субяседаванне. Мы цягнулі білеты, у якіх былі два пытанні: адно тэарэтычнае, другое – выказванне аб выбары прафесіі. Асноўная ўвага ўдзялялася менавіта другой частцы. У мяне пыталі, чаму я вырашыла стаць педагогам, якія мэты стаўлю перад сабой у жыцці. Дарэчы, адзначылі, што ў мяне добра пастаўлена маўленне, – гэтаму я таксама вучылася на факультатыве. Вельмі дапамагло партфоліа, якое мы рыхтавалі. У выніку я і яшчэ дзве аднакласніцы сталі студэнткамі. Мы жывём у адным пакоі ў інтэрнаце, вучымся на бюджэце, атрымлвіаем стыпендыю. Вучоба мне падабаецца. Не расчаравалася і вельмі рада, што пайшла ў педагагічную групу. Я зразумела, што педагогіка – гэта ўсё-такі маё. Дзякую, што дапамаглі мне ў гэтым упэўніцца.
…Ці ўдасца заваяваць прэстыж педагагічнай прафесіі сярод сучаснай моладзі, пакажа час. Але тое, што захады зроблены правільныя, не выклікае сумнення. Мяркуйце самі: якія лідскія выпускнікі прыйдуць зараз паступаць у педагагічныя ўстановы вышэйшай адукацыі? Моцныя ў вучобе, высокаматываваныя, падрыхтаваныя да прафесіі і ўжо нават крыху педагогі. Добры пачатак.
Плануецца, што ў новым навучальным годзе педагагічныя групы з’явяцца таксама ў СШ №8, 12, 15, 16 і Бярозўаскай СШ №3.




