Стогадовы юбіляр Марыя Борыс: «Здаецца, я і не жыла…»

21 Февраля 2019 1808

У Марыі Юр’еўны Борыс з вёскі Бельскія Дзітвянскага сельсавета нам даводзілася бываць у гасцях і пісаць пра яе не аднойчы: і з нагоды яе доўгажыхарства, і падчас напісання краязнаўчых нататкаў. Таму нядаўнюю падзею, а дакладней – дзень яе нараджэння, 17 лютага, чакалі з нецярпеннем, як асабістай даты. Можа, таму, што споўнілася бабулі сто гадоў! І таму, што яна ўсё яшчэ жыццярадасная і жвавая, памятае не проста многа, а ўсё да дробязей, ды і проста таму, што з ёю так прыемна пабыць, адвесці душу, пагаварыць за жыццё.

Святочная атмасфера ў яе хаце панавала задоўга да дня нараджэння. Яшчэ з пятніцы тут завіхаліся ўнучкі, у суботу з’ехалася радня. А ў нядзелю яе віншавалі прадстаўнікі Дзітвянскага сельскага Савета. Адным словам, было шматлюдна, шумна, радасна і весела. І ў цэнтры ўсяго была яна, крыху расхваляваная стогадовая юбілярша.

Колькі разоў сустракаемся – не перастаю здзіўляцца і захапляцца: такіх людзей, як Марыя Борыс, ужо няма.

Яна пражыла вельмі цяжкае жыццё. Хаця і гэтым “вельмі”, напэўна, мякка сказана… У сям’і, акрамя Марыі Юр’еўны, было яшчэ пяцёра дзяцей. “Жылі і працавалі, як і ўсе, на зямлі, мелі яе шмат, трымалі вялікую гаспадарку, – успамінае юбілярша. – У адной хаце жылі шаснаццаць душ: сем’і таты і яго брата. Ужо пазней пачалі будавацца і перайшлі кожны ў свой дом...”

Была ў яе жыцці і маладосць – радасная і ўжо сама па сабе шчаслівая. Тут жа, у Бельскіх, выйшла замуж. “Пяць год сустракаліся. А жаніліся ў самую вайну”, – распавядае Марыя Юр’еўна. Нарадзіла чацвярых дзяцей: двух сыноў і дзвюх дочак. У 1962 годзе не стала гаспадара. І яна, невялікага росту, кволая, худзенькая жанчынка, засталася ўдавою з чацвярымі дзецьмі на руках. Цягнула на сябе і жаночую, і мужчынскую працу: і дровы секла, і за плугам хадзіла. “Аднаму сыну было 12 гадоў, другому 10, дзяўчаты таксама яшчэ ў школу хадзілі, – расказвае яна. – Жыць не было з чаго, таму хлопцаў у канікулы адпраўляла на работу: у калгас, на поле, моркву плужкаваць. Шкадавала і плакала па іх… Памятаю, як атрымалі яны першую зарплату. Лятуць бягом дамоў і крычаць радасна: “Мама, мы палучку атрымалі!”

У жыцці Марыі Юр’еўны было шмат гора. Яна пахавала траіх сваіх дзяцей. Адну з дачок – у маладым узросце. Зараз у бабулі застаўся адзін сынок, Іван, які сёння з’яўляецца адзінай яе апорай і самым найлепшым памочнікам. Сапраўдны Сын з вялікай літары. Трэба бачыць, як клапоціцца ён аб сваёй матулі, з якой вялікай любоўю даглядае яе. І нагатуе смачна, і прыбярэ, і гаспадарка ў яго ў парадку. “Дай Бог кожнаму такога сыночка”, – не хавае радасці Марыя Юр’еўна Борыс.

Зараз у бабулі васьмёра ўнукаў, пятнаццаць праўнукаў і нават адзін прапраўнук. У пачатку гэтай нататкі я казала, што такіх людзей, як яна, няма, – падпішуся пад кожным гэтым словам. Бо такіх сапраўды няма. У свае сто яна захавала добрую памяць і, як кажа яе сын, дакладна памятае даты, нават лепей, чым ён сам. На вуліцу зімою бабуля не выходзіць, а вось па хаце тупае. Яна любіць есці ўсё, што прыгатуе яе сын. Не прымае амаль ніякіх лекаў, за выключэннем паўтаблеткі аспірыну (па нейкім сваім прынцыпе) і калі-нікалі ”ад ног”. Скажам болей: за ўсё жыццё яна толькі аднойчы ляжала ў бальніцы – калі ёй выдалялі грыжу. Ніколі не піла лекаў і не звярталася да дактароў. “Хай майму сыночку і ўнукам Бог дасць такое ж здароўе”, – шчыра жадае бабуля. Усё, што сёння яе трывожыць, гэта крыху аслаблены слых і боль у нагах. А вось добры настрой, здаецца, прысутнічае заўсёды.

– Часта ўспамінаю сваё жыццё – здаецца, я і не жыла, – разважае Марыя Юр’еўна.

Дарэчы, Марыя Борыс з сапраўднага роду доўгажыхароў. У яе засталіся яшчэ дзве сястры: адна 1924 года нараджэння, другая 1929-га, адна жыве таксама ў Бельскіх, а другая – у Лідзе.

На маю просьбу падзяліцца сакрэтам захавання здароўя і доўгажыхарства Марыя Юр’еўна адмахваецца: “Я яго і не захоўвала… Жыла, працавала і за сябе, і за мужчыну. Усяго хапіла. Няма чаго варушыць. Дзякуй Богу за ўсё”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться