Як сустракаюць Божае Нараджэнне ў сям'і падапечных калектыву «Лідскай газеты» – трайнятак Кодзікаў

24 Декабря 2018 1685
Увесь каталіцкі свет стаіць на парозе аднаго з самых значных рэлігійных святаў – Божага Нараджэння. У яго чаканні знаходзіцца і сям’я Кодзікаў, дзеці якой – Артур, Аня і Насця – на працягу вось ужо шасці гадоў з’яўляюцца падапечнымі калектыву “Лідскай газеты”. 

– Гэтыя дні ў нас напоўненыя прыемнымі сямейнымі клопатамі, – сказала мама дзетак Марына. – Вось ёлку ўжо ўпрыгожылі, разам з дзяўчатамі плануем меню, абмяркоўваем стравы. 

Дарэчы, любімая страва трайнятак – піражкі і галушкі. У сям’і іх рыхтуюць только раз у год і па рэцэпце, які Марына Кодзік пераняла яшчэ ад сваёй бабулі.  

– Адна частка піражкоў абавязкова будзе з макам, другая – са згушчаным малаком, астатнія – з грыбамі, – дзелавіта загінаючы па чарзе пальцы, распавяла Насця. 

– Ляпіць піражкі будзем усе разам, нават Артурчык дапаможа, бо мы ўжо досыць дарослыя і вельмі любім кулінарыць і выпякаць, – дадала з усмешкай Аня.

– Але галоўнае на стале – гэта аплатка. Яе мы ўжо набылі ў касцёле Святой Сям’і, – сказаў Артур.

Трайняткі хоць яшчэ і не ходзяць на ўрокі рэлігіі, але каталіцкія традыцыі ведаюць добра, бо штодзённа ў іх выхоўваюцца. Увечары 24 снежня, за некалькі гадзін да святочнай службы, у сям’і Кодзікаў пачнуць сервіраваць вігілійны стол. Спачатку пакладуць сена, затым накрыюць яго белым абрусам, паверх паставяць 12 страў. У цэнтры вігілійнага стала тата Мікалай запаліць свечку як сімвал Ісуса Хрыста, які нясе святло людзям. Мама Марына побач пакладзе аплаткі і Евангелле.

– Але перш чым прыступіць да трапезы, абавязкова будзе малітва, пасля якой мы абмяняемся пажаданнямі і паламаем аплаткі, – гледзячы з цеплынёй на дзетак, сказала Марына.

…Як бачым, сустрэча Божага Нараджэння ў сям’і Кодзікаў вонкава мала чым адрозніваецца ад традыцый іншых каталіцкіх сем’яў. “Але трэба імкнуцца да таго, каб мінімізаваць унутраныя адрозненні. А гэта атрымаецца тады, калі да нас прыйдзе разуменне таго, што ў такі вечар самае важнае – папрасіць прабачэння ў свайго блізкага і ад усяго сэрца прабачыць яму, а таксама ўсім, хто пакрыўдзіў нас. Бо вігілійны стол – гэта стол паяднання, прымірэння, любові”, – лічыць Марына Кодзік.

***

Па традыцыі падчас святкавання Божага Нараджэння католікі абменьваюцца падарункамі. Калектыў рэдакцыі “Лідскай газеты” ў госці да сваіх падапечных таксама прыйшоў не з пустымі рукамі – з грашовым сертыфікатам на куплю неабходных дзеткам рэчаў, а таксама з білетамі на навагоднюю ёлку ў Палац культуры горада Ліды. Да нашых віншаванняў далучылася і раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын, у прыватнасці яе маладая пярвічка з бальніцы “Астроўля”.

– Свой першы дзень нараджэння мы адзначым 31 студзеня, – распавядае старшыня пярвічнай арганізацыі Таццяна Жучкевіч. – Мы – гэта 17 чалавек: урачы, медыцынскія сёстры, агульнабальнічны персанал. Разам прымаем удзел ва ўсіх “каляндарных” мерапрыемствах, якія праходзяць у рэгіёне і непасрэдна ў нашай арганізацыі. Аднак, як жанчыны, у першую чаргу мы, вядома, неабыякавыя да сем’яў і дзяцей. Хочацца адарыць радасцю, сагрэць сваім цяплом як мага большую іх колькасць.

Падарункі ад калектыву “Лідскай газеты” і пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын бальніцы “Астроўля” трайняткі ўжо атрымалі. Аднак святы яшчэ наперадзе. Да дзяцей прыйдзе Дзед Мароз, у лістах якому Насця, Артур і Аня папрасілі цацкі. Чакаюць дзяцей, як паведамілі бацькі, таксама паездка ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Белагруду, навагодняе прадстаўленне на гродзенскай базе адпачынку “Прывал” і шмат чаго іншага.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться