Узнаўленне царквы ў Зблянах, прафілактыка негатыўных з’яў і тур выхаднога дня па святынях Лідчыны

20 Декабря 2018 1301

На Лідчыне дзейнічае дамова аб супрацоўніцтве паміж Лідскім райвыканкамам і мясцовай праваслаўнай царквой. У рамках яе рэалізуецца мноства сумесных праектаў, вырашаюцца пытанні на карысць агульных мэтаў. 

Штогод прадстаўнікі мясцовай улады і святары збіраюцца разам, каб абмеркаваць напрацоўкі, агучыць існуючыя праблемы і пытанні, акрэсліць задачы для рэалізацыі на перспектыву. Адна з такіх сустрэч адбылася ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Сустрэчу ўзначаліў намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк, а ўдзел у ёй узялі не толькі святары, але і прадстаўнікі раённых службаў: зямельнай, санітарнай, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і аддзела ўнутраных спраў, гісторыка-мастацкага музея.

Напачтаку нарады благачынны Лідскай акругі протаіерэй Расціслаў Салаўёў перадаў бібліятэцы падборку духоўнай літаратуры. У тым ліку – кнігу “Запіскі” мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), юбілейны год з дня нараджэння і скону якога адзначаецца сёлета. Мітрапаліт Іосіф, выбітная асоба ў гісторыі царквы, звязаны з Лідчынай: ён неаднаразова бываў у нас, служыў у нашых храмах, у Дзікушскай царкве святаром быў яго бацька. Перададзеная літаратура паступіць у фонд бібліятэкі і будзе даступная для кожнага чытача.

– Цеснае супрацоўніцтва мясцовай праваслаўнай царквы і Лідскага райвыканкама доўжыцца на працягу дзесяці год, а ўсе тыя праекты, якія рэалізуюцца і сталі традыцыйнымі, нават акрэсліць немагчыма! Сярод іх і сумесны праект Лідскай епархіі і “Лідскай газеты” “Праваслаўныя святыні Лідчыны”, дзякуючы якому аб святынях нашага краю, часам малавядомых, даведваецца шырокая аудыторыя лідчан, – распавёў благачынны айцец Расціслаў. – Мы адчуваем падтрымку раённай улады, знаходзім узаемаразуменне і ўдзячныя за сумесную паспяховую працу.

Падчас сустрэчы не раз гучала: “у нашым супрацоўніцтве няма праблем – час ад часу ўзнікаюць толькі пэўныя рабочыя пытанні...” Іх і прызвана была абмеркаваць дадзеная сустрэча.

Сярод сёлетніх маштабных праектаў Лідскага райвыканкама і Лідскай епархіі – рамонт у адным з старадаўніх храмаў Лідчыны – царкве Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Збляны. Узнаўленне храма ўзяў пад свой асабісты кантроль старшыня райвыканкама Міхаіл Карповіч. Складаны працэс стаў паспяховым дзякуючы падтрымцы, прыцягненню спонсараў і вырашэнню розных юрыдычных пытанняў. У адзіночку было б не справіцца. Толькі агульнымі намаганнямі прыгожы і велічны храм узнаўляецца. Дарэчы, менавіта падчас гэтага працэсу ў Зблянах абодва бакі ўбачылі, што ўзнавіць, адрамантаваць храм не так проста – узнікае многа розных праблем. Нездарма падчас сустрэчы і былі сабраныя ўсе службы – каб іншыя храмы змаглі пазбегнуць памылак і цяжкасцей. Якія дакументы на зямлю павінны мець храмы? Якія саніатрныя патрабаванні прад’яўляюцца да іх? Якія меры пажарнай бяспекі павінны быць прынятыя падчас правядзення святочных набажэнстваў? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні прагучалі з першых вуснаў.

Удзельнікі акрэслілі бакі супрацоўніцтва ў тых ці іншых напрамках. Напрыклад, ёсць дамоўленасць аб цесным супрацоўніцтве святароў з медыкамі па прафілактыцы захворванняў, у правядзенні дней здароўя, барацьбе са шкоднымі звычкамі. Упершыню прагучала прапанова, якая, напэўна, стане новым напрамкам супрацоўніцтва – па прафілактыцы наркаўжывання. На раённым узроўні прымаецца шмат мер, каб больш тэрыторый стала свабоднымі ад тытуню. Тэрыторыі цэркваў плануецца таксама ўключыць у гэты спіс.

Яшчэ адна тэма размовы была звязана з развіццём турызму. На Лідчыне праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, якія прыцягваюць мноства турыстаў, у тым ліку выхадцаў з Лідчыны. Аддзелу культуры, аддзелу спорту і турызму і Лідскай епархіі сумесна даручана распрацаваць тур выхаднога дня, скласці маршрут па цікавых мясцінах і праваслаўных храмах Лідчыны.

Напачатку будучага года запланавана яшчэ адна сумесная сустрэча, падчас якой будуць пастаўлены канкрэтныя планы і акрэслены праекты для рэалізацыі ў 2019 годзе. Безумоўна, іх будзе нямала, у тым ліку – новых напрамкаў.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться