25-гадовы юбілей адсвяткавала гімназія №1 горада Ліды
Юбілей – гэта нагода аглянуцца назад, падвесці пэўныя вынікі, ацаніць пройдзены шлях, убачыць, чым можна ганарыцца, а што яшчэ чакае наперадзе. На працягу чвэрці стагоддзя ўстанова адукацыі “Гімназія №1 горада Ліды” запрашае да сябе новых навучэнцаў і выпускае ў жыццё граматных, таленавітых маладых людзей. І днямі ў яе было свята.
– Да юбілею пачалі рыхтавацца загадзя і вельмі хваляваліся, – адзначыла дырэктар навучальнай установы Ірына Рубцэвіч. – Сённяшняе мерапрыемства – сумесная праца ўсяго калектыву гімназіі. Ні адзін чалавек не застаўся ўбаку ад падзеі. Кожны ўнёс свой уклад у тое, каб яна адбылася на высокім узроўні, запомнілася гасцям надоўга.
На свяце прысутнічалі старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Пранюк, старшыня Лідскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю Віктар Кандратаў, а таксама ветэраны педагагічнай працы, шэфы, выпускнікі, бацькі навучэнцаў і, канешне ж, настаўнікі, якія сёння працуюць у гэтай навучальнай установе, для якіх лёс гімназіі і іх лёс – адно нераздзельнае цэлае.
– Сёння гімназія №1 – гэта адна з самых паспяховых школ не толькі Лідчыны, але і рэспублікі, – звярнуўся да прысутных у зале кіраўнік раёна. – Тут працуюць майстры сваёй справы, таленавітыя і творчыя педагогі. Падабраць, згуртаваць ва ўсіх адносінах выдатны калектыў здолела педагог, прафесіянал Наталля Андрэеўна Зайцава. Усе педагогі не толькі перадаюць свой досвед і веды дзецям, але і служаць прыкладам высокай маральнасці, сумленных адносін да справы. Мне вельмі прыемна сёння прысутнічаць на гэтым свяце, таму прыміце шчырыя віншаванні з юбілеем вашай установы.
Пад бурныя апладысменты Міхаіл Карповіч уручыў Ганаровыя граматы Лідскага раённага выканаўчага камітэта і Ганаровыя граматы Лідскага раённага Савета дэпутатаў людзям, якія ўнеслі свой уклад у развіццё навучальнай установы. У першую чаргу гэта былы дырэктар установы адукацыі, заслужаны педагог краіны, Ганаровы грамадзянін горада Ліды, таленавіты чалавек, кіраўнік з вялікай літары, які прывёў установу да самых высокіх адукацыйных вяршынь, Наталля Зайцава. З лёгкай рукі Наталлі Андрэеўны, дзякуючы яе намаганням Лідская гімназія стала адной з найбольш эфектыўных школ Гродзеншчыны. Творчая і наватарская праца педагагічнага калектыву не раз адзначалася Падзячнымі лістамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Навучальная ўстанова мае званне "брэнд адукацыі Гродзенскай вобласці", яна неаднаразова ўзнагароджвалася дыпломамі першай ступені сярод устаноў адукацыі Лідскага раёна. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ДУА "Гімназія №1 горада Ліды" занесена на Рэспубліканскую Дошку гонару. Разам з Наталляй Андрэеўнай заслужаную ўзнагароду атрымалі і яе калегі: Таццяна Пяцюк, Ганна Санюк, Ганна Сніціч, Ігар Васерын, Галіна Велькашынская, Віктар Чункевіч, Альфрэд Ладыка. Таксама граматамі ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама ў гэты святочны дзень былі ўзнагароджаны настаўнікі Ірына Клейда, Юрый Астрэйка, Галіна Радаман, Таццяна Хаменка, Ірына Урбан, Валянціна Краўцэвіч, Ядвіга Сачко, Тамара Баярэнка, Святлана Канапацкая.
Мала хто памятае 1993 год. А для мяне, як былой навучэнкі, гэта было як быццам учора. Менавіта ў той час сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 7 па ініцыятыве Наталлі Зайцавай, педагагічнага калектыву і пры падтрымцы бацькоўскай грамадскасці і старшакласнікаў стала сярэдняй агульнаадукацыйнай школай-гімназіяй № 7. Пачаліся змены. У гімназіі з'явіліся свае законы, над якімі разам думалі і вучні, і педагогі. У выніку быў прыняты статут гімназіі, распрацаваны дэвіз і герб навучальнай установы. Разам настаўнікі і вучні стварылі Кодэкс гонару настаўніка і Кодэкс гонару гімназіста. Выпускнікі гімназіі напісалі гімн, які гучыць на ўсіх гімназічных святах і ўрачыстых мерапрыемствах. У 1997 годзе школа-гімназія рашэннем Лідскага гарадскога выканаўчага камітэта была рэарганізавана ў гімназію № 1 г. Ліды. Жыццё станавілася ярчэй, цікавей. З'явіліся свае традыцыі, святы. Калектыў вучняў, настаўнікаў і бацькоў стаў сапраўднай сям'ёй. Так пачынаўся нялёгкі шлях да пакарэння Алімпа ведаў.
Сёння калектыву энтузіястаў ёсць чым ганарыцца. Пачынаючы з 1993 года, гімназістамі заваявана 2169 дыпломаў на розных этапах рэспубліканскай алімпіяды (толькі ў мінулым навучальным годзе – 136!), уручана 258 прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У гімназіі дзейнічае даследчае таварыства навучэнцаў “Афіна", стыпендыят Прэзідэнцкага фонду. З 2010 года яго члены заваявалі 45 дыпломаў па выніках канферэнцый рознага ўзроўню. Педагогі Лідскай гімназіі з'яўляюцца заслужанымі настаўнікамі горада і рэспублікі, выдатнікамі адукацыі, стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за працу з адоранымі дзецьмі. Настаўнік рускай мовы і літаратуры Таццяна Міхайлаўна Глыздова атрымала ў 2012 годзе званне «чалавек года Гродзеншчыны». Імя Наталлі Андрэеўны Зайцавай занесена ў Кнігу Славы Гродзенскай вобласці.
У гэты дзень гучала шмат добрых слоў. Усім прысутным было зразумела: за сваю дваццаціпяцігадовую гісторыю гімназія прайшла вялізны шлях станаўлення і развіцця. З моманту заснавання тут было рэалізавана мноства творчых ідэй. І ўсё гэта дзякуючы працы педагогаў, якія не проста бачылі таленавітых вучняў, а развівалі іх таленты, захаплялі цікавай пазнавальнай і творчай дзейнасцю.
Гімназія сёння – гэта ўвасабленне лепшых педагагічных традыцый раёна, установа адукацыі новай фармацыі. Пачынаючы з 1994 года, са сцен гімназіі выйшла 1347 выпускнікоў, з іх 221 – з залатымі медалямі, 68 – з сярэбранымі. Практычна ўсе выпускнікі сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Цяпер яны – высокакваліфікаваныя спецыялісты, сярод іх ёсць магістры, кандыдаты навук, дацэнты. Усе яны – гонар сваёй альма-матэр.
Са святам, гімназія № 1 горада Ліды!