Чарговую акцыю па бязвыплатным донарстве правялі медыкі станцыі пералівання крыві Лідскай ЦРБ
02 Декабря 2018
954
Чарговую акцыю па бязвыплатным донарстве правялі медыкі станцыі пералівання крыві Лідскай ЦРБ. Упершыню – з выездам да саміх донараў, у Лідскі каледж ГрДУ ім. Я. Купалы.Бязвыплатнае донарства апошнім часам развіваецца ў Беларусі і на Лідчыне. Як паведаміла карэспандэнту загадчыца станцыі пералівання крыві Таццяна Жданук, за адзінаццаць месяцаў бягучага года бязвыплатна здалі кроў больш за шэсцьсот чалавек.
У прынцыпе, донарства крыві, справа міласэрнасці, і павінна быць дарам! Дарам аднаго чалавека другому, дарам добрага сэрца.
Дэсант медыкаў нездарма высадзіўся менавіта ў каледжы, бо менавіта тут вучацца самыя актыўныя бязвыплатныя донары. Па-другое, маладая кроў паступае ў Лідскую цэнтральную раённую бальніцу для патрэб цяжкахворых.
– Спачатку навучэнцы прайшлі медагляд у медпункце каледжа. Фельчар перадала нам спіс рэкамендаваных да здачы крыві, мы праверылі яго па картатэцы адводаў (каб сярод донараў не было хранічных хворых), – адзначае загадчыца аддзела нарыхтоўкі крыві Ала Лях. – Непасрэдна перад кравадачай мы, медыкі станцыі, яшчэ раз аглядаем патэнцыяльных донараў: вымяраем ціск, правяраем гемаглабін, апытваем... Мы вельмі ўдзячныя адміністрацыі каледжа за разуменне важнасці донарства крыві і арганізацыю выязной акцыі.
У крэсле перад доктарам карэспандэнт застаў трэцякурсніцу Дашу Бешцень. У яе вельмі рэдкая група крыві, трэцяя адмоўная, – сапраўды бясцэнны дар. “У маёй сям'і многія здаюць кроў, цяпер донар і я”, – падзялілася яна. Даша здае кроў першы раз і згаджаецца прыязджаць на станцыю заўсёды, калі яе кроў стане экстранна патрэбнай.
У другім медыцынскім кабінеце ідзе забор крыві. У крэслах дзве дзяўчыны: Іна Урбановіч і Насця Барысевіч. З усмешкамі на тварах і без усялякага страху. “Хваляванне трохі ёсць”, – прызнаюцца яны, бо ўпершыню здаюць кроў, якая камусьці выратуе жыццё або дапаможа вярнуць здароўе.
Сваю кроў падчас акцыі здалі 69 навучэнцаў Лідскага каледжа. Акцыя праходзіць у рамках рэспубліканскага мерапрыемства “У Беларусі добрае сэрца”. У Лідчыны таксама.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.







