На Лідчыне ладзіўся раённы конкурс працоўных дынастый аграсектара «Дзе нарадзіўся – там і прыгадзіўся»

22 Ноября 2018 1430

Напярэдадні абласных “Дажынак” у Іўі і Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК на Лідчыне ладзіўся раённы фестываль-конкурс працоўных дынастый аграпрамысловага комплексу “Дзе нарадзіўся – там і прыгадзіўся”.

Свята для нашага рэгіёна не новае: упершыню такім незвычайным спосабам сем’і, прадстаўнікі якіх занятыя ў сельскай гаспадарцы, ушаноўвалі ў мінулым годзе. Такі падыход настолькі прыйшоўся ўсім даспадобы, што сёлета вырашылі яго паўтарыць.

– Гэты фестываль-конкурс – перш за ўсё даніна павагі людзям працы, – патлумачыў старшыня Лідскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Марсаў. – Сямейныя працоўныя дынастыі з’яўляюцца залатым фондам і гонарам любога вытворцы, і аграсектара ў прыватнасці. На гэтым свяце мы адзначаем тых, хто з пакалення ў пакаленне, ад бацькоў да дзяцей перадае свой багаты вопыт і веды, а таксама прафесійныя сакрэты.

Такіх сямейных дынастый на фестывалі “Дзе нарадзіўся – там і прыгадзіўся” было тры: Лебядзевіч з гаспадаркі “Філіял “Дзітва” ААТ “Лідахлебапрадукт”, Мулінскіх з сельгаспрадпрыемства “Беліца-Агра” і Чарнель з ЛРСУП “Мажэйкава”.

– Прыняць удзел у конкурсе нам параіла наш прафсаюзны лідар, – адзначыў Арцём Чарнель. – Мы адразу згадзіліся: чаму б і не?! Нешта новае, цікавае… Калі казаць пра нашу дынастыю, то свой пачатак яна бярэ яшчэ ад бабуль і дзядуль, якія таксама былі занятыя ў аграсектары. Іх справу працягваем мы: тата Генадзь Станіслававіч працуе трактарыстам, мама Вольга Пятроўна – ветсанітарам, я другі год выконваю абавязкі галоўнага агранома, малодшы брат праходзіць практыку ў якасці механіка. Усіх нас аб’ядноўвае адно прадпрыемства – “Мажэйкава”.

Арцём Чарнель сказаў, што пасля школы выбар прафесіі быў адназначны: толькі сельская гаспадарка. Таму малады чалавек узяў у гаспадарцы мэтавае накіраванне, з якім паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. “Я вырас на вёсцы, люблю працаваць на зямлі, у іншай сферы сябе нават не ўяўляў. Ды і хацелася назаўсёды застацца на радзіме. З прафесіяй не прагадаў: яна цяжкая, але цікавая і ўдзячная. У бліжэйшы час хачу ажаніцца і застацца жыць у вёсцы”, – падзяліўся планамі Арцём.

Цікавай была каманда сям’і Мулінскіх з “Беліцы-Агра”, агульны калгасны стаж трох пакаленняў якой – звыш 95 гадоў. Заснавальнік дынастыі – дзядуля Анатоль Аляксандравіч, які ў Беліцы працаваў трактарыстам. Яго працоўную эстафету падхапілі сыны. Адзін з іх – Анатоль – ужо 33 гады запар працуе ў палях калгаса ў час жніва. Заўсёды поруч з ім у гэты складаны і напружаны сезон малодшы брат, зяць і дачка Аксана. Дарэчы, сёлета бацька і дачка сталі аднымі з тысячнікаў. Жонка Анатоля – Галіна – у гэтай жа гаспадарцы займае пасаду заатэхніка-селекцыянера, калгасу яна аддала 34 гады свайго жыцця. Старэйшая дачка Анастасія сёмы год працуе тут эканамістам. Нядаўна гаспадарка забяспечыла яе сям’ю асабістай кватэрай у аграгарадку Ганчары.

– Пакуль мы адстойваем гонар нашай сям'і на конкурсе, наш тата і мужы знаходзяцца на “працоўнай вайне”, – пажартавала Анастасія. – А калі сур’ёзна, то быць занятымі ў сельскай гаспадарцы ўсёй сям’ёй даволі складана. Падчас пасяўной і ўборачнай у хаце мы практычна не бачымся, хіба што ў полі. Але мы самі выбралі для сябе такі шлях, бо любім вёску, зямлю, гаспадарку. Затое якія ў нас шумныя і вясёлыя святы, калі ўся сям'я збіраецца разам! Столькі навін, што размоў хапае не на адзін вечар.

Самай шматлікай на фестывалі-конкурсе была сям'я Лебядзевіч з філіяла “Дзітва” ААТ “Лідахлебапрадукт”. Тут працуюць і бабуля з дзядулем, і іх дзеці, і дзеці іх дзяцей – усіх не пералічыць. У зале нават жартавалі, што адна сям’я, мабыць, займае ўсе рабочыя месцы ў сельгаспрадпрыемстве. Журналіст “Лідскай газеты” спачатку спрабаваў запісаць прафесію кожнага, але потым збіўся і проста слухаў, якія ў сям’і Лебядзевіч усё дружныя, працавітыя і ўлюбёныя ў сваю справу.

…Фестываль-конкурс “Дзе нарадзіўся – там і прыгадзіўся” доўжыўся амаль тры гадзіны. Сямейныя дынастыі расказвалі пра сябе ў “Візітцы”, спаборнічалі ў спрытнасці падчас “капання бульбы”, а яшчэ “даілі кароў”, прэзентавалі сваё хобі і дзяліліся рэцэптамі фірменных кулінарных страў. І ўсё было так па-сямейнаму шчыра, без усялякай канкурэнцыі, што напрыканцы вечара не пакідала адчуванне: зараз мы ўсе як адна вялікая сям’я. Як у сем’ях, дзе кожны адзін аднаго па-сапраўднаму любіць і таму не вылучае лепшых (бо такімі з’яўляюцца ўсё без выключэння), так і на конкурсе кожная дынастыя стала пераможніцай.

































Фото: Виктория Позняк
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться