У дзіцячым прытулку закладзены фруктовы сад
Зрабіць гэта ананімныя алкаголікі паабяцалі яшчэ ў пачатку лета, калі адзначалі трэці дзень нараджэння групы «Выхад ёсць» (яна збіраецца на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра) і пасадзілі дзве туі. А сама ідэя ўзнікла яшчэ раней – у лідчан-удзельнікаў інтэрнэт-групы АА «Вэсвала» (што значыць «зялёны парастак»), якія на адным з форумаў напярэдадні 20-годдзя групы высадзілі ў Баранавічах хвою. Дрэў многа не бывае, і добрая традыцыя, вераць лідчане, набывае папулярнасць і, магчыма, будзе запазычана іншымі групамі ў Лідзе і іншых гарадах.
Да пасадкі яблынь на тэрыторыі прытулку змаглі далучыцца ўсе, хто пажадаў: прыехалі члены іншых лідскіх груп, самы непасрэдны ўдзел у ёй прыняў настаяцель прыхода Усіх Святых, кіраўнік аддзела па сацыяльным служэнні Лідскай епархіі протаіерэй Уладзімір Яроміч. Актыўна ўдзельнічалі ў падзеі і віноўнікі ўрачыстасці, дзеці, выхаванцы прытулку, якія палівалі пасаджаныя дрэўцы і абяцалі іх даглядаць.
– Чаму яблыневы сад? І чаму ў прытулку? – пацікавіўся карэспандэнт у ананімных алкаголікаў.
– Яблыня была першым дрэвам, згаданым у Бібліі. З ім, вядома ж, можна прывесці шмат алегорый. У любым выпадку яно непатрабавальнае, але прыгожае і шчодрае, – распавядае Антон. – Чаму ў прытулку? Таму што тут жывуць дзеці, пазбаўленыя не толькі бацькоўскай ласкі, але і шматлікіх дароў, якімі карыстаюцца іх равеснікі, што жывуць дома. Тэрыторыя вялікая, растуць на ёй клёны, асіны, бярозы і старыя яблыні. Іншая справа – маладыя фруктовыя дрэвы.
Дарэчы, разам з яблынямі ў новым садзе высаджана і груша, якую прывёз айцец Уладзімір, а таксама парэчка, агрэст, маліна. Пасадкі зробленыя ля агароджы: побач жылыя дамы – калі дрэвы дадуць ураджай, няхай ён радуе не толькі дзяцей, але і мясцовых жыхароў.
Наогул, у акцыі шмат мэт: для дзяцей, для прытулку і для саміх ананімных алкаголікаў. Саджанцы – гэта плён іх цвярозасці. Гэта тая добрая справа, якую, можа быць, сёй-той з іх яшчэ не паспеў у сваім жыцці зрабіць. Гэта дзейснае выздараўленне і цвярозасць. Лідчанін Аляксандр, ананімны алкаголік з групы «Добры вечар», падзяліўся: «Мае дзеці ўжо дарослыя, ім 40 і 38 гадоў (у мяне ўжо ёсць унукі). Але калісьці, у дзяцінстве, яны былі абдзеленыя маёй бацькоўскай увагай і клопатам, таму мой удзел у пасадцы дрэў, жаданне падарыць сённяшнім дзецям, выхаванцам прытулку, таксама абдзеленым бацькоўскай ласкай, крыху цяпла, клопату – гэта патрэба душы».
З радасцю ўспрынялі ініцыятыву ананімных алкаголікаў кіраўніцтва і педагогі цэнтра. Як адзначыла карэспандэнту загадчыца дзіцячага прытулку Кацярына Чыкарова, група АА «Выхад ёсць» актыўна дапамагае бацькам выхаванцаў знайсці выхад з іх складанай жыццёвай сітуацыі. Яны запрашаюцца ў групы, сёй-той ужо ходзіць туды пастаянна.
Фруктовы сад – гэта, вядома, выдатна. Гэта парасткі дабра, надзеі і веры ў лепшае. Вераць і чыстыя, шчырыя дзеці, і дзесьці ў глыбіні душы – іх бацькі, зусім, здавалася б, ачарсцвелыя, і, само сабой зразумела, цвёрда ўпэўнены ў гэтым цвярозыя ананімныя алкаголікі.







