Іх узрост – 107 гадоў

29 Августа 2013 2465

У Лідскім раёне (на дату падрыхтоўкі матэрыялу) пражывае 10 чалавек, якія мінулі стогадовы рубеж. Характэрна, што восем з іх – жанчыны, а мужчын толькі двое. Традыцыйная перавага жаночага доўгажыхарства сёлета – у чатырохкратным памеры. Самымі старэйшымі на Лідчыне па праву можна лічыць двух жыхароў – Анатоля Іосіфавіча Грэйбу, дата нараджэння якога 1.01.1906 г., і Ганну Аляксандраўну Салавей, дата нараджэння якой 1.07.1906 г. Карэспандэнты «Лідскай газеты» сустрэліся з абодвума доўгажыхарамі.

Нягледзячы на багаты ўзроставы багаж, Анатоль Грэйба ўпэўнены, што важна не колькі чалавек пражыў, а як ён распарадзіўся адведзенымі яму гадамі. На долю Анатоля Іосіфавіча выпалі цяжкія выпрабаванні: прыйшлося перажыць смерць і дзіцяці, і жонкі, страціць вока ў выніку няшчаснага выпадку – але мужчына лічыць, што жыццё ў яго склалася нядрэнна і пасля сябе ён пакіне добрую спадчыну.

Нарадзіўся Анатоль Грэйба ў Вільні ў 1906 годзе, сям’ю стварыў на Навагрудчыне, а шэсць гадоў назад змяніў прапіску на бярозаўскую. 

– У Вільні жылі і працавалі бацькі майго таты, – тлумачыць дачка Анатоля Грэйбы Сабіна (з-за ўзросту Анатоль Іосіфавіч блытае факты сваёй біяграфіі, дрэнна чуе, забываецца). – Мой дзед спачатку служыў у пана, а як скончыўся царскі рэжым, застаўся тут працаваць машыністам цягніка. У вёску Трасцянка, што на Навагрудчыне, сям’я пераехала толькі ў 1923 годзе. Колькі помню, тата заўсёды цяжка і шмат працаваў. Нас, дзяцей, прыцягваў да гаспадаркі. 

“Праца – гэта сапраўдны залог даўгалецця”, – уключаецца ў размову Анатоль Грэйба. У свой час ён быў загадчыкам Уселюбскай фермы, затым брыгадзірам, даглядчыкам жывёлы. У вольны час займаўся сталярствам: мог зрабіць і печку, і воз і нават хату пабудаваць. У хляве гаспадара заўсёды былі дзве-тры каровы, свіння, куры. Трымаў Анатоль Іосіфавіч і пчол. Першыя навыкі абыходжання з імі атрымаў «пры польскім часе» ў пана, але ж яны былі базавымі. Таму вопыту ў пчалярстве набіраўся ўсё ж такі сам, метадам спроб і памылак. 

107 лет

Нягледзячы на свой далёка не малады ўзрост, яшчэ шэсць гадоў таму доўгажыхар, можна сказаць, сам спраўляўся са сваёй гаспадаркай. Але праца стала зусім не пад сілу, і бацьку да сябе забрала дачка Сабіна, якая пражывае ў Бярозаўцы. Па меры магчымасці ў адведкі з Гродна прыязджае сын Станіслаў, па тэлефоне цікавіцца здароўем бацькі дачка Яніна, якая жыве ў Італіі. Не магла не папрасіць Анатоля Грэйбу параіць чытачам “Лідскай газеты”, як захаваць здароўе і дажыць да такога шаноўнага ўзросту. “Я вельмі ўдзячны Богу за таленты, якія Ён мне даў, – ціхім, але цвёрдым голасам гаворыць Анатоль Іосіфавіч. – Калі не будзеш верыць у Бога, нічога добрага не атрымаецца. А яшчэ захаваць здароўе дапамагаюць добрыя думкі”.

– Многіх падкошваюць цыгарэты, – дабаўляе дачка. – Мой бацька за ўсе свае 107 гадоў не выкурыў ніводнай папяросы. Хаця часта расказваў, якім заядлым курыльшчыкам быў мой дзед Іосіф. Прыпамінаў тата, як юнаком хадзіў у Ліду за тытунём-самасадам. І нягледзячы на тое, што ніхто яго не кантраляваў, ніхто не забараняў яму запаліць цыгарэтку, ні разу гэтага не зрабіў. Такі характар. 

Напрыканцы хацелася б згадаць яшчэ адзін цікавы факт з біяграфіі доўгажыхара. Скончыўшы сем класаў школы, Анатоль Грэйба паступаў у духоўную семінарыю. Але ж не хапіла аднаго бала. І не скардзіцца, што так склаўся лёс. Бо Бог адарыў яго добрай сям’ёй: любімай жонкай, дзецьмі, унукамі і праўнукамі. Дарэчы, унукаў у Анатоля Іосіфавіча 4, праўнукаў – 6. Вось такая багатая спадчына. 

***

Яго аднагодка Ганна Аляксандраўна Салавей родам з Дзятлаўшчыны, але вось ужо каля дзесяці год, як жыве ў Лідзе: спачатку гасцявала ў дачкі, а зараз – ва ўнучкі Святланы Анатольеўны Паўляк. 

Адразу і не верыцца, што гэтай невялічкай жанчынцы ў квятастай хустцы, з ясным, добрым позіркам 107. І толькі дата ў пашпарце і той факт, што дзецям Ганны Аляксандраўны ўжо пад 80 год, прымушаюць у гэта паверыць. Усё жыццё жанчына працавала на зямлі, была паляводам у калгасе. У яе чацвёра дзяцей (адна з дачок ужо памерла). Муж пайшоў з жыцця рана, таму ўсіх дзяцей ёй прыйшлося падымаць адной. 

IMG 1146-1

Уразіў і той факт, што Ганна Аляксандраўна за свае 107 сур’ёзна не хварэла і не лячылася ў бальніцах – аднойчы толькі яе з высокай тэмпературай завезлі ў аддзяленне, але і адтуль на наступны дзень выпісалі. У чым жа сакрэт даўгалецця? Першае – гэта, напэўна, тое, што бабуля вельмі шмат працавала. Другое, як падказвае ўнучка Святлана Анатольеўна, – тое, што Ганна Аляксандраўна – ураўнаважаны чалавек. Ёсць, канешне, і шэраг іншых фактараў: незабруджанае асяроддзе, натуральныя прадукты... Дарэчы, харчуецца сёння Ганна Аляксандраўна добра: есць часта, але пакрысе.

Сёння яна сама тупае па хаце і выходзіць на вуліцу. Глядзіць тэлевізар і цікавіцца падзеямі. Ганна Аляксандраўна – пачэсны госць на сямейных святах, дзе за ёю – абавязковы тост. Часцей за ўсё яна жадае родным людзям: “Каб дачакалі ўсе другога года”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться