У Лідскім раёне ідзе адраджэнне малых вёсак

06 Августа 2013 2229

Больш за сто паселішчаў знікла на Лідчыне за апошнія сто гадоў. І сёння ў рэгіёне нямала вёсак на мяжы знікнення – такіх, у якіх жывуць усяго па некалькі чалавек. У вёсцы Скаменны Бор Траццякоўскага сельсавета да нядаўняга часу жыхароў было толькі двое. Зараз людзі пражываюць у трох хатах, калі не лічыць тых, хто прыязджае ў вёску на выхадныя або ў адпачынак. Як і чым жывуць гэтыя людзі, пацікавіўся карэспандэнт “Лідскай газеты” і накіраваўся ў Скаменны Бор разам з новым кіраўніком мясцовай сельскай улады – выконваючым абавязкі старшыні Траццякоўскага сельвыканкама Сяргеем Мікулка – і кіраўніком спраў Ліліяй Гольмант.

Як, у прынцыпе, і любая вёска, Скаменны Бор адмысловы па-свойму. Ён нібыта схаваўся сярод балот і лясоў (магчыма, адсюль і назва). Гэта зараз паблізу – траса Мінск-Гродна, тут жа – торфараспрацоўкі, а калісьці населены пункт быў шчыльна акружаны непраходнымі балотамі.

Як сведчаць гісторыкі, Скаменны Бор – адзіная вёска на Лідчыне, у якую так і не зайшлі акупанты ў гады вайны.

Штосьці каля пятнаццаці хат было тут у ранейшыя гады, зараз – сем, жывуць і ўвогуле ў трох.

Абжытая – самая першая хата на ўездзе ў вёску. Гаспадары Іван Іванавіч і Ільяна Станіславаўна Сягла вярнуліся ў бацькоўскі дом, калі абодва выйшлі на пенсію. Спачатку наязджалі з Ліды на выхадныя, а потым – засталіся. Завялі гаспадарку, агарод. Паўсюль у іх цвітуць кветкі, добраўпарадкаваны надворак. Спачатку трымалі чатырох (!) кароў, здавалі малако. Пазней рагуль прадалі, адна толькі засталася – любіміца Забава. “Тут такая прырода! А паветра – у горадзе і блізка такога няма, – прызнаецца Ільяна Станіславаўна. – Калі я была маладзейшая, не магла ўсім гэтым налюбавацца. Іду, бывала, ганю карову на пашу, і ўсё навокал радуе: кветкі, луг, птушкі... Стану, пастаю, палюбуюся, нібы жывой вады нап’юся, і іду далей. Цяпер ужо, канешне, не тое – гады бяруць сваё. Але ўсё роўна ў горад не хачу”.

Па старой брукаванай дарозе, на якой, здаецца, імгненне назад сціх цокат капытоў і драўляных колаў сялянскіх вазоў, праходзім у глыб вёскі. У адным з дамоў жыве 86-гадовая Галіна Фёдараўна Сягла (на здымку). Дзверы ў хату запертыя… Яна зачыняецца заўсёды, з перасцярогі. Але даведаўшыся, што да яе прыехалі прадстаўнікі сельвыканкама і рэдакцыі, прыгожа апранулася і выйшла на ганак, затым ахвотна ўступіла ў размову. А потым нават праспявала – сваю любімую, старадаўнюю песню.

пожилая женщина

“У мяне трое дзяцей, – расказвала Галіна Фёдараўна, – прыязджаюць, дапамагаюць... Але я да іх у горад не хачу. Вунь аўтамагазін пад самую маю хату прыязджае – куплю сабе кілаграм цукерак, смятаны, булку, і я сама сабе пані!”

А на самым ускрайку вёскі, ля лесу, некалькі год таму вырас сучасны асабняк. Відаць, што будаваў яго чалавек нябедны, але пры гэтым – ніякай вычварнасці, звычайны дом вялікіх памераў. Побач – добраўпарадкаваная, з мноствам кветак і кустоў тэрыторыя. А па-за агароджай – дзіцячая пляцоўка з горкамі і арэлямі.

– Чалавек купіў старэнькую хату, – тлумачыць Лілія Гольмант, – і на яе месцы ўзвёў новую. Добраўпарадкаваў навакольную тэрыторыю, нават асфальт дапамагаў пракладваць ад трасы да вёскі. А калі падводзіў да дому камунікацыі, звярнуўся ў сельскі Савет з прапановай – зрабіць вежу для ўсёй вёскі. На жаль, падключацца да вады на той час у Скаменным Бары амаль не было каму.

З самім гаспадаром пагутарыць нам не ўдалося (ён знаходзіўся ў ад’ездзе па-за межамі Беларусі), хаця, упэўнена, было б вельмі цікава паслухаць чалавека, які выбраў месцам пастаяннага жыхарства аддаленую маланаселеную вёску. Дакладна адно: ён таксама, як і Сяглы, не пашкадаваў.

Мінаем ціхую вуліцу, абапал якой з-за зараснікаў бэзу і дзікага кустоўя амаль не бачна хат. Вядзём гутарку... Яшчэ колькі год таму можна было думаць, што гэтай вёсцы прыйшоў канец... Але так не здарылася – дзякуючы таму, што вырашыў пасяліцца тут адзін дбайны гаспадар, і таму, што вярнулася на малую радзіму сям’я Сяглаў...

“Вось гэты дом (як і іншыя, ён ледзь выглядваў з-за кустоўя. – Заўв. аўт.), – паказвае Сяргей Іванавіч, – вырашыў купіць яшчэ адзін чалавек”.

А яшчэ па дарозе нам сустрэлася старэнькая будыніна – па ўсім відаць, толькі пад знос. “Але перш чым гэта зрабіць, – гаворыць Сяргей Мікулка, – трэба паспрабаваць адшукаць спадчыннікаў. Калі такіх не знойдзецца, клопаты бярэ на сябе сельвыканкам”. Між іншым, не толькі гэты бок жыцця турбуе маладога старшыню. “Галоўнае – гэта праблемы людзей, – разважае Сяргей Іванавіч. – Што ні чалавек, то пытанне. І кожнаму, хто звяртаецца за дапамогай, трэба паспрыяць іх вырашыць”.

– Якія ж пытанні хвалююць жыхароў вось такіх, маленькіх вёсачак? – цікаўлюся ў старшыні і кіраўніка спраў. 

– Адназначна, скаргаў ад іх не паступае, – запэўніваюць сельвыканкамаўцы. – Ну, бывае, патрэбны ім нарад на брыкет – не праблема, прывязём. Або ў Галіны Фёдараўны былі праблемы з афармленнем абанемента на газ – паспрыялі. Цяпер жанчына давольная: балон прывозяць пад самую хату. 

“Трэба сказаць, што людзі у такіх населеных пунктах адметныя, – гаворыць Лілія Браніславаўна, – шчырыя, дабрадушныя... Для мяне асабіста прыязджаць сюды – адно задавальненне: яны да цябе – з усёй душой, і ты да іх не можаш інакш”.

Можа, і сапраўды...

...людзі, якія вяртаюцца да сваіх каранёў і жывуць проста, становяцца іншымі. Працэс адраджэння малых вёсак марудны, і ўсё ж... Як будзе, жыццё пакажа.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться