Лідчане скардзяцца на халтуру прадпрымальнікаў

25 Июля 2013 2135

Літаральна за два тыдні ў рэдакцыю “Лідскай газеты” адна за другой пасыпаліся скаргі, большасць з якіх – на якасць тавараў ці паслуг прыватных прадпрыемстваў. Здаецца, што-што, а гэта сфера не павінна выклікаць у людзей нараканняў, бо працуюць жа прадпрымальнікі кожны на сябе і рэпутацыю павінны трымаць. Але звернемся да скаргаў, якія даслалі нам чытачы.

Марыя Вікенцьеўна – пенсіянерка, жыве ў прыватным доме. Некалькі год яна збірала грошы, нарэшце вырашыла памяняць вокны. У адной з самых прэстыжных у нашым горадзе фірм яна заказала адразу тры акны. Работнікі прадпрыемства прыехалі да яе дахаты, выканалі замеры, а праз колькі часу вярнуліся ўжо з гатовымі вокнамі. Якім жа было расчараванне гаспадыні, калі аказалася, што ўсе тры акны не падыходзяць да аконных праёмаў: два былі завялікія (у выніку прыйшлося адразаць па некалькі сантыметраў сцяны з кожнага боку), а трэцяе – замалое (тут ужо горш: застаюцца шчыліны). Сваё незадавальненне жанчына выказала супрацоўнікам фірмы, і тыя ўжо хацелі было везці вокны назад. Але сітуацыя раптоўна пайшла ў другім кірунку. Да бабулі ледзь не з мальбою звярнуўся адзін з рабочых, які выконваў замеры і які, па сутнасці, усё гэта і “напартачыў”: маўляў, не аддавайце вокны назад, мяне пазбавяць зарплаты, а ў мяне ж сям’я, двое дзетак… Ну, яна і пашкадавала. Той работнік паабяцаў жанчыне, што за такую яе дабрыню ён у пазапрацоўны час выканае ўсю работу – акуратна, што і знаку не будзе. Праз колькі дзён ён прыехаў і тое-сёе падрабіў. Але з тых пор – ні слыху ні дыху, на тэлефонныя званкі не адказвае. Марыя Вікенцьеўна неаднаразова тэлефанавала і ў фірму, прасіла нумар дырэктара, але – дарма. У адчаі яна звярнулася ў рэдакцыю “Лідскай газеты”. Мы накіравалі скаргу Марыі Вікенцьеўны ў аддзел гандлю і паслуг райвыканкама. А хутка атрымалі адказ з таго самага прыватнага прадпрыемства. У ім пісалася, што “свае абавязкі фірма выканала ў поўным аб’ёме, вокны зроблены згодна з картай замераў, узгодненай з Марыяй Вікенцьеўнай, і ўстаноўлены згодна з нормамі і правіламі. На сённяшні дзень прэтэнзій у жанчыны да прадпрыемства няма”. Між іншым, мы звязаліся з Марыяй Вікенцьеўнай і даведаліся, што работнік фірмы сапраўды прыходзіў да яе яшчэ раз, але адно акно ён яшчэ так і не дарабіў. А тады чаму рэдакцыі іншы адказ далі?

А вось яшчэ адно пісьмо, дарэчы – з Навагрудскага раёна: “Я прачытала аб’яву аб устаноўцы нацяжных столяў. Доўга чакаць не прыйшлося, хоць мяне і здзівіла, што фірма – з Ліды. Рабочыя зрабілі замер і сказалі, што я павінна буду заплаціць 290 долараў. Праз тыдзень яны прыехалі на ўстаноўку. Па завяршэнні працы ўзялі з мяне абумоўленую суму грошай, прычым у доларах, і не склалі пры гэтым дагавор прыёму-здачы работ, не выдалі мне чэк на атрыманую суму. Мяне насцярожылі брудныя разводы на тканіне, але прадпрымальнік вельмі пераканаўча мне патлумачыў, што гэта папраўна, трэба толькі ўзяць анучку і працерці іх, на гэтым я і супакоілася. Пасля іх ад'езду брудныя палосы я выцерла, але ў двух месцах столь аказалася абшарпанай. Я патэлефанавала ў фірму і ўсё патлумачыла. Праз дзень рабочы з брыгады прыехаў, агледзеў пашкоджанні і… з'ехаў. А потым прыехалі яшчэ двое рабочых, абвялі квадрат столі маркерам, знялі палатно і з'ехалі, паабяцаўшы памяняць яго ў пастаўшчыка і нацягнуць мне новае. Але з тых часоў прайшло ўжо тры месяцы, а ад іх – нічога. На мае тэлефонныя званкі і SMS яны не адказваюць”. Жанчына піша: “Паважаны прадпрымальнік, я вымушана звярнуцца да Вас такім чынам, бо Вы не адказваеце на мае званкі. Вярніце мне, калі ласка, грошы або зрабіце столь, эквівалентную ўзятай Вамі суме. Самавітыя фірмы з кліентамі так не паступаюць. Я спадзяюся, што ў Вас прачнецца сумленне і Вы даробіце тую працу, якую пачалі і за якую ўзялі грошы”. 

Уразіла і яшчэ адна скарга, што паступіла на “Гарачы тэлефон” рэдакцыі. Жыхарка нашага горада разам з дачкой у сакавіку купілі ў прыватным прадпрыемстве трое дзвярэй. Нічога падазронага спачатку не заўважылі, а вось цяпер, калі ўзяліся іх устаўляць і нанялі спецыяльна для гэтага майстра, аказалася, што дзверы з бракам. “На дробныя хібы яшчэ можна закрыць вочы, – кажа лідчанка, – а вось адны дзверы трэба абавязкова мяняць”. Сітуацыя з дакладнасцю паўтарыла дзве вышэйапісаныя: тэлефонныя званкі ў фірму нічога не далі, а на просьбу пагутарыць з дырэктарам супрацоўнікі адмовілі, маўляў, не маем права даваць нумар яго мабільнага. Тады жанчына звярнулася ў рэдакцыю раённага выдання. Што ж ёй было параіць? Яшчэ раз, прычым разам з дачкой, на імя якой заключаны дагавор, схадзіць у офіс прадпрыемства і патрабаваць кнігу заўваг і прапаноў, зрабіць у ёй адпаведны запіс і чакаць прыняцця мер. 

Так пакрыўджаная жанчына і зрабіла: патрабавала кнігу заўваг, на што супрацоўніца адказала, што кніга нібыта ў бухгалтара. “Тады будзем выклікаць міліцыю”, – заявіла лідчанка. І гэта паўздзейнічала так, што ёй адразу ж назвалі нумар мабільнага тэлефона дырэктара. Ён пасля тэлефоннай размовы і асабістага наведвання кліенткі паабяцаў, што брак абавязкова будзе заменены, прычым не ў адных дзвярах, а адразу ў трох. 

Па ўсіх скаргах мы правялі ўласныя расследаванні, аб сітуацыях было паведамлена старшыні райвыканкама Аляксандру Астроўскаму. Па даручэнні кіраўніка рэгіёна да разгляду скаргаў падключацца кантралюючыя органы.

P. S. Што тычыцца лідскага прадпрымальніка, які нацягнуў столь жыхарцы Навагрудчыны без усякіх дакументаў, то інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах ужо прыцягнула яго да адказнасці і аштрафавала на два мільёны рублёў.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться