Шлях вялікага князя да Ліды стаў карацей яшчэ на некалькі крокаў

21 Июля 2018 4279

gedЭскіз помніка “Заснавальнік замка – князь Гедымін” прайшоў узгадненне па лініі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

На днях адбылося пасяджэнне ў Рэспубліканскім мастацка-экспертным Савеце па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве, на якім прысутнічалі і прадстаўнікі Лідскага райвыканкама.

– Экспертная камісія адзначыла добрае навуковае абгрунтаванне самой ідэі помніка, – распавядае журналісту “Лідскай газеты” начальнік аддзела культуры райвыканкама Наталля Леўшунова. – Тым не менш спецыялісты адзначылі невялікія нюансы ў першасным варыянце мадэлі і далі шэраг рэкамендацый па іх удасканаленні. Напрыклад, трэба будзе ўнесці невялікія змены ў надпіс да помніка, падкарэктаваць пластыку плашча вялікага князя.

Наступны крок пасля ўзгаднення з Прэзідэнтам помніка “Заснавальнік замка – князь Гедымін” – выраб рабочай мадэлі 1:4, якую выканаюць самі аўтары – Сяргей Аганаў і Вольга Нячай. Паралельна будзе весціся работа па напісанні праектна-каштарыснай дакументацыі на выраб пляцоўкі, дзе непасрэдна будзе ўсталяваны помнік, таксама будзе прадумвацца светлавое рашэнне. Але гэта ўжо справа Лідскага ГУП ЖКГ, якое з’яўляецца заказчыкам праекта.

Этапы ўзвядзення помніка «Заснавальнік замка – князь Гедымін» пастаянна трымае ў полі зроку кіраўніцтва Лідскага раёна.

Нагадаем, адкрыты конкурс па выбары помніка Гедыміну ў Лідзе праходзіў у пачатку 2018 года. Таго самага князя экспертнае журы выбірала з 28 прэтэндэнтаў. З мэтай захавання ананімнасці конкурсныя аўтары прадставілі свае эскізы пад чатырохзначным нумарам, таму выбар лепшага быў пазбаўлены ўсялякай прадузятасці і асабістых сімпатый да таго ці іншага майстра. Па выніках падліку галасоў найбольшую колькасць “плюсаў” атрымаў эскіз з дэвізам № 4836. І толькі затым быў ускрыты конкурсны канверт, вызначаны імёны аўтараў. Як нам ужо вядома, гэта Вольга Нячай і Сяргей Аганаў.
Помнік “Заснавальнік замка – князь Гедымін” будзе ўсталяваны каля сцен Лідскага замка арыенціровачна ў наступным годзе. Ён будзе выраблены за кошт пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться