Як Ганна Булай захоўвае культурны код у Ганчарах
11 Октября 2026
2832
У аграгарадку Ганчары сярод звыклых вясковых пейзажаў кіпіць жыццё, поўнае творчасці і цяпла. А душа гэтага эпіцэнтра культуры – загадчыца філіяла “Ганчарскі Дом культуры” Ганна БУЛАЙ. Ураджэнка в. Дроздава, яна не проста працуе ў родных мясцінах, але жыве імі, беражліва збіраючы і памнажаючы спадчыну.Гісторыя Ганны Мікалаеўны – гэта шлях чалавека, які не змог жыць удалечыні ад каранёў. Пасля дэкрэтнага водпуску, валодаючы характарам прыроджанага арганізатара і артыстызмам, яна стала працаваць мастацкім кіраўніком Жучкоўскага клуба. А праз пару гадоў пераехала ў Гродна…
– Праўда, я змагла там пратрымацца ўсяго паўтара гады. Настолькі моцна цягнула дадому! – успамінае Ганна Булай. – І я вярнулася.
Прыйшла на пасаду загадчыцы Сялецкага клуба, які ў той час, будзем шчырыя, існаваў на мяжы закрыцця. Але Ганна Мікалаеўна разам з мясцовымі жыхарамі стварыла аматарскае аб’яднанне «Печкі-лавачкі», якое зрабіла сапраўдны фурор.
– Пазней клуб усё ж такі закрылі – і я доўга гаравала. Ведала там кожнага па імені і імені па-бацьку, людзі сталі мне роднымі, – з горыччу кажа яна. – Да гэтага часу мне сняцца тыя маленькія клубы: Жучкоўскі – з калонамі і вялікай сцэнай, і Сялецкі, дзе мы ладзілі неверагодныя канцэрты на біс.
У Сяльцы Ганна Булай, сапраўды, здзейсніла немагчымае: удыхнула жыццё ва ўстанову. «Помню канцэрты: нехта спяваў, нехта расказваў байкі, а нехта танчыў… Я пераканалася: ў кожным чалавеку жыве сапраўдны талент! Пачуўшы «Брава! Біс!», людзі, акрыленыя, верылі ў сябе».
– Мы сталі ездзіць па аддаленых вёсках, аграсядзібах, аб’ездзілі з канцэртамі не толькі Лідскі раён – нам пашчасціла пабываць нават у Мінску на вяселлі. Каманда была класная, дружная! – з цеплынёй успамінае Ганна Булай. – На жаль, многіх ужо няма ў жывых, але памяць аб тым часе – часцінка майго сэрца.
Новым этапам працоўнай біяграфіі стаў Ганчарскі Дом культуры. Сёння яго галоўная «фішка» – майстэрня па апрацоўцы лёну.
Першапачаткова ідэя належала цяперашняму начальніку аддзела культуры Наталлі Вайцюкевіч: калі ў нас толькі-толькі стварыўся фальклорны калектыў «Ульяніца», яна напісала для яго сцэнарый аднаго з мерапрыемстваў – менавіта па апрацоўцы лёну, – распавядае загадчыца. – Мы пачыналі з маленькага пакойчыка, аформленага пад тэму лёну. Але экскурсіі пайшлі адна за адной – экспазіцыю перанеслі ў вялікую залу. Цяпер мы не толькі паказваем, але і даём людзям паспрабаваць зрабіць нітачку з трасты сваімі рукамі ”.
Адмысловае захапленне ў гасцей выклікае «макуха» – страва з насення лёну з соллю, падсушанага і перамолатага. Дарэчы, на фестывалі нацыянальных культур у Гродне гэты пачастунак выклікаў фурор. А яшчэ тут робяць лялькі-абярэгі, развучваюць старадаўнія бытавыя танцы і плануюць развіваць ткацтва – каб паказаць скончаны цыкл з ільном.
– Мы ганарымся, што першымі ў Беларусі адрадзілі ручны працэс апрацоўкі лёну. У нас ужо ёсць кросны, хочам паказаць, як з ніці нараджаецца палатно, – дзеліцца планамі Ганна Мікалаеўна.
Майстэрня становіцца ўсё больш папулярнай: каля 2 000 наведвальнікаў за 9 месяцаў бягучага года, супрацоўніцтва з турфірмамі Гродна, Ліды і Баранавіч. Але галоўнае багацце – гэта калектыў Ганчарскага Дома культуры.
– Сёння мы працуем з Марынай Журко (яна займаецца дзіцячым і падлеткавым накірункам), Сяргеем Журко (гурток разьбы па дрэве), Наталляй Іодчык (народны калектыў «Ульяніца»), Васілём Дымовічам (акампаніятар). І, вядома, Людмілай Краеўскай (наш прыбіральшчык), без якой не было б парадку, – пералічвае Ганна Мікалаеўна. – Калектыў у нас згуртаваны: і на сцэне, і на суботніку – заўсёды мы разам. Гэта самае галоўнае.
“У вёсцы абавязкова павінен быць Дом культуры, – упэўнена Ганна Булай. – Мы збіраем старадаўнія танцы, песні, традыцыі продкаў, каб не толькі паказаць, але і захаваць іх. Няма большай каштоўнасці, чым наша спадчына!”
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.






