Бярэм ад зімы па максімуме: жыхары Ліды распісваюць канькамі лёд
На каток журналіста “Лідскай газеты” паклікалі галасы… Не, не вышэйшыя, а людскія: хлапечыя і дзявочыя, мужскія і жаночыя – некалькі дзесяткаў чалавек запаланілі ў нядзелю каток по вуліцы Тухачэўскага.
– Працуем з панядзелку, але столькі людзей, колькі прыйшло ў суботу і нядзелю, не было за ўсе рабочыя дні! – падзялілася назіраннямі касір пракату канькоў спартыўнага комплексу па вуліцы Тухачэўскага Ніна Змітровіч. – Прычым за здароўем і добрым настроем на каток прыходзяць не толькі дзеці, але і дарослыя, у тым ліку – пенсіянеры. Аматараў актыўнага зімовага адпачынку сапраўды шмат, толькі і паспявай абслугоўваць кліентаў.
Для тых, хто мае свой спартыўны інвентар 60 хвілін знаходжання на катку каштуе адзін рубель, канькі на пракат – 3 рубля. Важна, што ёсць і самыя хадавыя памеры, і вялікія – 45-46. Маюцца ў пракаце і лыжы розных памераў, але попыту на іх пакуль няма. Як патлумачыла Ніна Змітровіч, у нядзелю ўзялі толькі адну пару. "На лыжах ідуць катацца ў лес, але кліенты кажуць, што снегу ўсё ж выпала яшчэ недастаткова, ды і друзлы ён, лыжы правальваюцца. Трэба, каб яшчэ падмарозіла", – дадала Ніна Іванаўна.
Побач з катком у хакейнай каробцы па вуліцы Тухачэўскага ў нядзелю ўвечары залілі яшчэ адзін каток – бегавую дарожку працягласцю 310 метраў. Работнікі Лідскага РАНС адразу вылілі 5 "кубоў" вады, потым яшчэ некалькі разоў па столькі ж – пакуль не дасягнулі патрэбнай таўшчыні лёду. Катайцеся, як гаворыцца, на здароўе і ў сваё задавальненне. Бо калі ўжо і браць ад студзеньскага мінусу, то па максімуме. Працуюць каткі па вуліцы Тухачэўскага штодзённа з 15.00 да 22.00.