З нераўнадушшам і дабрынёй ствараецца прыгажосць
Да выхаду на пенсію Ала Мікалаеўна Хаміца ўсур’ёз нават не задумвалася, што час можна прысвячаць свайму захапленню. Усё сваё жыццё жанчына працавала і, якія б абавязкі ні выконвала, рабіла гэта грунтоўна, з усёй адказнасцю. У свой час працавала на заводзе “Оптык”, аператарам у вылічальным цэнтры, кантралёрам-касірам у ашчаднай касе.
16 год працы ў калгасе імя Мічурына – гэта асаблівы радок у біяграфіі. Спачатку была даяркай, затым загадчыцай фермы «Нецеч». У доказ сваіх слоў Ала Мікалаеўна дастала з альбома выразку з газеты. На пажаўцеўлай ад часу паперы артыкул пад назвай “Ідучыя ўгору” – гэта пра той перыяд, калі пад кіраўніцтвам Алы Мікалаеўны калектыў фермы стараўся працаваць належным чынам, адсюль і надоі, і прыбаўленні ў вазе жывёл. “Шмат даводзілася працаваць, – прыгадвае Ала Мікалаеўна. – Зранку на ферму пойдзеш, позна прыйдзеш, ручной працы было нямала, я нават сама абкошвала ферму, мне гэта работа падабалася”. Апошнія гады Ала Мікалаеўна працавала сацыяльным работнікам, мо і сёння яшчэ працягвала б гэта рабіць (вельмі прывязаныя былі да яе падапечныя), але ўласнае здароўе не дазволіла працягнуць гэтую няпростую не толькі ў маральным, але і ў фізічным плане работу.
І калі прыйшоў момант выходзіць на заслужаны адпачынак, само сабой з’явілася захапленне, спачатку гэта было арыгамі. Для стварэння папяровых фігурак часу трэба было нямала. Па вялікім жа рахунку, захапленне – таксама праца, але ўжо іншага кшталту. Ты робіш тое, што прыносіць асалоду і задавальненне табе асабіста. Добра, калі гэта яшчэ і іншым падабаецца. Ідэальны ж расклад – калі тваё захапленне падтрымліваюць твае блізкія. І ў Алы Мікалаеўны менавіта такі варыянт: і муж, і дочкі, а цяпер і ўнукі добра матывуюць на стварэнне новых рэчаў, дачка напярэдадні Новага года папрасіла зрабіць санкі на стол, каб класці ў іх пячэнне.
Увогуле, большасць рэчаў, зробленых таленавітым майстрам, прыкладнога значэння. Кашпо для кветак, вазы для цукерак і садавіны, кошык для бялізны… Гледзячы на гэтыя вырабы, цяжка здагадацца, што выраблены яны з газет… Ды нават ведаючы гэта, цяжка ўсвядоміць, што асноўны матэрыял для вырабу прыгожых, функцыянальных рэчаў – газетная папера.
– Наколькі ж яны трывалыя? – не ўтрымліваюся ад пытання.
– Неяк я зрабіла кармушку для птушак, дык яна тры гады вісела на вуліцы і не мяняла свой выгляд, – адказвае мая суразмоўца.
Што ж, калі такія прыродныя фактары, як дождж, снег, сонца, вецер, не адразу прывялі ў нягоднасць сталоўку для птушак, вырабленую рукамі чалавека, ды з такога далікатнага, на першы погляд, матэрыялу, то дакладна, што ў больш спрыяльных, хатніх умовах, як кажуць, зносу такім рэчам няма.– Але ж папера – гэта проста аснова, я яе апрацоўваю марылкай, потым грунтую, пасля пакрываю лакам, – тлумачыць жанчына.
І я разумею, што працэс ператварэння газетнай паперы ва ўнікальную рэч няхуткі і няпросты. Тым больш што гэта толькі тэхналагічны працэс, а без творчасці тут аніяк, бо прыгажосць не можа быць вынікам рашэння тэхнічных момантаў. Дастаткова зірнуць на рэчы (а іх у кватэры Алы Мікалаеўны шмат), каб зразумець: захапленне – гэта тое, што радуе не толькі майстра.
Гэта магчымасць праводзіць час з цікавасцю і карысцю, ствараць новыя рэчы, у якія ўкладзены цяпло рук і душы. І так ва ўсім. Усё, да чаго дакранаюцца рукі жанчыны, ператвараецца ў прыгожыя рэчы, выпеставаныя кветкі, дагледжаныя тэрыторыі.
Каля дома жанчыны, проста пад вокнамі кватэры, у пасёлку Першамайскім таксама створаны куток прыгажосці. Цяпер хоць і не сезон, а дэкаратыўныя фігуркі з падручнага матэрыялу ўпрыгожваюць участак зямлі. Такі вось характар у Алы Мікалаеўны – неабыякавы да таго, што адбываецца навокал. Як гаворыць сама гаспадыня: “Часу на размовы і плёткі ў мяне няма – столькі ўсяго карыснага яшчэ хочацца зрабіць”.