У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі гасцююць героі беларускіх казак, міфаў і легенд. Аднаго з іх вы можаце забраць дамоў (фота)
Багоў грэцкага Алімпу мы пералічым з зачыненымі вачыма. Аб тым, хто такія пакемоны або хобіты, ведаем дакладна. На бонсціках так і наогул усе звар’яцелі – істэрыя з фігуркамі на ліпучцы накрыла не толькі дзяцей, але і дарослых… Усё гэта толькі пацвярджае: казачны прадукт, узяты з мінулага або прыдуманы сёння, пры правільным выкарыстанні ідзе на ўра. Але што нам вядома пра персанажаў беларускага фальклору? Паціскаеце плячыма? А між тым, будні нашых продкаў яркімі ўражаннямі напаўнялі болей за 400 прадстаўнікоў паралельнага свету.
Пра іх ідзе гаворка ў двухтомніку беларускага фальклору і ў кнізе «Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў i казак», ілюстрацыі да якіх афармляў вядомы беларускі графік Валерый Слаук. Пасля таго, як Валерый Пятровіч візуалізаваў персанажаў беларускіх міфаў на паперы, таленавіты скульптар Антон Шыпіца “ажыццявіў” іх у прасторы, стварыўшы аб’ёмныя фігуры. Малюнкі Слаука, скульптуры Шыпіцы і склалі аснову выставы «Старыя героі – новы свет. Героі беларускіх казак, міфаў і легенд», якая сёння экспануецца ў зале Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
Змест выставы накіраваны ў мінулае – у культуру і гісторыю, а вось форма звернутая ў будучыню. Як патлумачыў у інтэрв’ю журналісту “Лідскай газеты” яе аўтар і арганізатар Павел Арлоў, графікай і скульптурай сёння ўжо нікога не здзівіш. Таму і было прынята рашэнне перанесці старажытнае ў іншую плоскасць – сучаснага, зразумелага, крэатыўнага. З гэтай нагоды Павел, які да таго ж працуе айцішнікам, распрацаваў віртуальную гульню, якая не толькі пераносіць у свет беларускай міфалогіі, але і дазваляе зазірнуць за грань рэальнага свету, сутыкнуцца лоб у лоб з ажыўшымі героямі беларускіх казак, міфаў і легенд.
– Знаёмства з экспанатамі праз камп’ютарную гульню – форма дастаткова перадавая, – адзначыла навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея, куратар выставы Вольга Піліпчук. – Але што тычыцца дзяцей, то для іх яна больш зразумелая, чым графіка або скульптура. І такі сінтэз старога і новага вельмі цікавы. Інавацыйным з’яўляецца і другі момант: самыя скульптуры не падпісаны, таму, каб даведацца, хто гэта: зюзя або дамавік, напрыклад, – наведвальніку выставы трэба абавязкова азнаёміцца з малюнкамі, унізе якіх ёсць падрабязныя апісанні. Такі вось квэст.
– Выстава разбаўляе асноўны праект – LIPA.CLUB, мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя беларускага сучаснага мастацтва ў свеце, – распавёў Павел Арлоў. – Пагадзіцеся, тыя, хто правільна выкарыстаў сваю міфалогію, сёння зарабляюць мільярды. Узяць таго ж Гары Потэра або Русалачку. Палякі наогул стварылі адну з самых папулярных камп’ютарных гульняў «Вядзьмак», якая ў свой час стала гульнёй года. У Беларусі таксама ёсць свая міфалогія, якая можа прыносіць мільёны даляраў нашай эканоміцы роўна гэтак жа, як і ў іншых краінах, дзе падобныя кірункі ўжо развіты. Адзенне, сувеніры, турыстычныя маршруты, камп’ютарныя гульні і кнігі – варыянтаў шмат. Што тычыцца нас, стваральнікаў праекта LIPA.CLUB, мы ўжо адздымалі мультфільмы, стварылі камп’ютарную гульню. Але ж галоўным козырам лічым скульптуру. Прагучыць нясціпла, але такой калекцыі няма ні ў каго. І наша задача зрабіць яе як мага большай.
Хутка планы агучваюцца, ды не хутка справа робіцца. Для стварэння аднаго персанажа скульптару Антону Шыпіцу патрабуецца каля 2-3 месяцаў – дастаткова складаная тэхналогія. Таму сёння ў калекцыі пакуль 12 фігур.
***
Гульня «Лідскай газеты» «Шанец для шчасліўчыка»
І ў чытачоў “Лідскай газеты” ёсць магчымасць ажывіць уласную кватэрную прастору невялікай постацю аднаго з персанажаў. Для гэтага трэба правільна адказаць на пытанні гульні “Шанец для шчасліўчыка”.
1. Сядзібны дух, які жыве ў збудаванні для сушкі снапоў перад малацьбою або ў печы, – гэта…
А. Зюзя.
Б. Дзедка.
В. Ёўнік.
Г. Лазавік.
2. Ён дапамагаў сялянам у палявых справах, а калі бачыў безгаспадарчасць, то мог пакараць неўраджаем.
А. Дабраахвочы.
Б. Дзедка.
В. Жыцень.
Г. Дамавік.
3. Злыдні – гэта…
А. Назойлівыя і неадчэпныя нячысцікі, якія жывуць і дзейнічаюць паасобку.
Б. Нячысцікі, варожыя духі, якія насылаюць на чалавека няшчасці.
В. Злыя духі, якія катаюцца па начах на конях.
Г. Такіх у беларускай міфалогіі не існуе.
Правільныя адказы на пытанні можна даць у чацвер, 10 жніўня, з 9.00 да 10.00 па тэлефоне 52-66-74. Пераможца будзе абраны шляхам спецыяльнага камп'ютарнага прыкладання – генератара выпадковых лікаў.
Што тычыцца выставы «Старыя героі – новы свет. Героі беларускіх казак, міфаў і легенд», якая спалучае ў сабе як класічныя формы – графіку, скульптуру, так і сучасныя інтэрактыўныя тэхналогіі, у Лідскім гісторыка-мастацкім музее яна прабудзе да 10 верасня.