Вынікі гульні «Лідскай газеты» «Шанец для шчасліўчыка»
Гучыць барабанны дробат – і мы называем імёны пераможцаў сумеснай віктарыны “Лідскай газеты” і раённага цэнтра культуры і народнай творчасці “Шанец для шчасліўчыка”. Нагадаем, на коне былі запрашальныя квіткі на рэтрадыскатэку 80-90-х гадоў, якая 8 ліпеня пройдзе ў Лідскім замку з 22.00 да 3.00 і стане выдатным завяршэннем самага даўгачаканага свята лета – Купалля.
Пытанні гульні для нашых чытачоў аказаліся не з простых, таму з 20-ці тых, хто дазваніўся ў рэдакцыю, правільна адказаць змаглі толькі 5 чалавек: вучань СШ №4 Аляксандр Пранкоўскі, педагог ліцэя №1 Наталля Царук, вучань гімназіі №10 г. Маладзечна Максім Крывец, студэнтка БДЭУ Ксенія Цімафеева, а таксама студэнтка лінгвістычнага ўніверсітэта Карына Смолка (г. Мінск), якая гасцюе ў аднакурсніцы ў Лідзе. Кожны атрымлівае запрашальны білет на аднаго чалавека на дыскатэку.
А правільнымі былі наступныя адказы: далучылася да ініцыятывы дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ і атрымала статус «Горад, дружалюбны дзецям» Ліда ў 2011 годзе. Сёлета «Лідская газета» стала лаўрэатам XIII Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Літара» ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця». Па выніках 2016 года Ліда стала лепшай сярод гарадоў раённага падпарадкавання ў конкурсе «Горад культуры ў Год культуры». На рэспубліканскім конкурсе таксама згадалі ўраджэнцаў Ліды: паветраную гімнастку Беларускага дзяржаўнага цырка Алену Чухнову ў намінацыі «Цыркавое мастацтва» і салістку-вакалістку Маладзёжнага тэатра эстрады Вольгу Уронскую (Варановіч) у намінацыі «Эстраднае мастацтва». Пярнатым сімвалам Лідскага раёна была абрана белая чапля. Старт культурна-турыстычнаму праекту «Замкавы гасцінец» быў дадзены 13 мая. Дарэчы, аб усім гэтым было напісана на старонках газеты, таму выпісвайце і чытайце раёнку.
Запрашальныя квіткі на дыскатэку 80-90-х гадоў пераможцы гульні «Шанец для шчасліўчыка» могуць забраць ужо сёння ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці па адрасе: вул. Перамогі, 37а (побач з гістарычна-мастацкім музеем) – або заўтра на ўваходзе ў замак (назваўшы свае імёны).