Чорнае, сіняе, чырвонае... У Лідзе праходзіць выстава, галоўны герой якой – дрэва (фота)

18 Июня 2016 2519

Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры (былы цэнтр «Спадчына») працягвае радаваць лідчан новымі праектамі. Некалькі тыдняў таму тут адкрылася выстава “Адвечная магія дрэва”, пад чараўніцтва якой трапілі ўжо больш за паўтысячы чалавек.

Галоўны герой экспазіцыі – дрэва. Скажаце: “Дрэва і дрэва, што з яго можна зрабіць?” Не спяшайцеся рабіць заўчасныя высновы. Маркетры, разьба, інкрустацыя, мэбля, карняпластыка… У якіх толькі праявах дрэва не паўстае перад гледачом! З таямнічым і такім разнапланавым светам гэтага прыроднага матэрыялу наведвальнікаў выставы знаёмяць лідчане Аляксандр Башкевіч, Аляксандр Прышчэпа, Ігар Кудзі, а таксама жыхар пасёлка Краснасельскі Анатоль Зубанаў.

Менавіта мяне асабіста ўразілі вырабы Аляксандра Башкевіча. Майстар шукае прастаты, але не спрошчанасці. Эмацыянальная напружанасць, свая філасофія адчуваюцца ў кожнай рабоце. Вырабы прывабныя сваёй натуральнасцю і мінімальным умяшаннем чалавека ў прыроду: аўтар толькі злёгку датыкаецца да матэрыялу – дэманструе спілы, падкрэсліваючы, што драўніна прыгожая ўжо сама па сабе. Тэкстура, малюнак, колер у розных парод дрэў непаўторныя. Цікава, што свае “карціны” Аляксандр не называе, пакідаючы гледачу глебу для разважання, фантазіі і магчымасць убачыць штосьці сваё.

14

Не пакінуць абыякавымі і вырабы нашага госця з Краснасельска. Анатоль Зубанаў працуе з карэнішчамі і галінкамі. Але як ён гэта робіць! У яго ўмелых руках непрыкметнае карэнішча ператвараецца ў сапраўдны казачны сюжэт, дзе героі маюць свой псіхалагічны стан, жывуць, кахаюць, спрачаюцца, знаходзяць узаемаразуменне, засяроджваюцца на саміх сабе. Паверце, вырабы сапраўды ювелірныя!

1

А якім магнетызмам валодаюць драўляныя мазаічныя карціны са шпону, або маркетры, Аляксандра Прышчэпы, мэбля Ігара Кудзі! У таленавітых руках майстроў дрэва на вачах ператвараецца ў сапраўдныя творы мастацтва.

1213

– Дрэваапрацоўчыя рамёствы найбольш старажытныя ў нашай культуры, – знаёмячы з выставай “Адвечная магія дрэва”, апавядае яе куратар, супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая. – Гэтыя рамёствы ўзніклі ў пачатку чалавечай гісторыі разам з вырабам прымітыўных прылад працы. Між тым, мы ўпершыню ўдзялілі ўвагу гэтаму кірунку і арганізавалі выставу. Як у старажытныя часы, так і цяпер роля дрэва ў жыцці чалавека вельмі вялікая, пераацаніць яе немагчыма. Гэта сапраўды бясцэнны дар прыроды. Карыстацца ім можна па-рознаму. І знаходзячыся тут, кожны можа ў гэтым пераканацца.

9

І лепш гэта зрабіць на практыцы. Магчымасць скласці сваё меркаванне аб выставе “Адвечная магія дрэва” ў кожнага з вас ёсць да канца жніўня.

2

8

8

311

10

56

15

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться