Чароўная казка і салодкія падарункі: У Палацы культуры горада Ліды прайшла дабрачынная ёлка
Казачныя персанажы, раставыя лялькі, святочна ўбраная ёлка і, канечне, Дзед Мароз са Снягуркай падарылі казачную незабыўную атмасферу ўсім дзецям, якія апынуліся на дабрачынным свяце “Час навагодніх цудаў”. Мерапрыемства традыцыйна праходзіць у рамках навагодняй рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, удзел у ім прынялі прадстаўнікі мясцовай улады.
Юных жыхароў рэгіёна, дасягнуўшых высокіх вынікаў у вучобе і грамадскім жыцці, са сцэны павіншаваў старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Вярсоцкі. Ён падкрэсліў, што нягледзячы на свой невялікі ўзрост, дзяўчынкі і хлопчыкі ўмеюць ставіць мэты і ўмеюць іх дасягаць, што і даказалі на працягу адыходзячага 2025 года.
– Прыемна адзначыць, што Лідскі раён палепшыў свае вынікі ў алімпіядным руху. Хачу сказаць самыя шчырыя словы ўдзячнасці тым, хто стаў пераможцам розных спартыўных пляцовак, дабіўся паспехаў у шматлікіх творчых конкурсах. Дзякуй вам вялікі! – сказаў са сцэны кіраўнік рэгіёна прысутным у зале дзецям. – Дарагія сябры, я веру ў тое, што наступны 2026 год будзе не менш выніковым. І ў гэтым вельмі добрай падмогай будзем мы, дарослыя: вашы бацькі, настаўнікі. Навагоднія святы – гэта заўсёды чаканне цуда, і я жадаю ад усёй душы, каб тое, аб чым вы марыце, здзяйснялася. Каб мэты, якія вы кожны дзень перад сабой ставіце, дасягаліся. Мірнага неба нашай краіне, а ў вашых сем’ях няхай пануюць мір і згода!
Артысты Палаца культуры падрыхтавалі для гасцей цудоўны спектакль, які перанёс дзяцей у чароўную атмасферу казкі. Акрамя таго, кожны з удзельнікаў мерапрыемства атрымаў салодкі падарунак.
У ліку тых, хто прыняў удзел у свяце, былі вучні сярэдняй школы №5 Арына Гіз, Ульяна Матоніс і Кірыл Ткачук. “Мы вельмі рады, што апынуліся на гэтым свяце. Спектакль спадабаўся, цікавая казка, харызматычныя артысты, яркія касцюмы! – падзяліліся дзеці сваімі ўражаннямі. – Будзем старацца і далей добра вучыцца, а таксама працягваць прымаць актыўны ўдзел у жыцці школы і спартыўных спаборніцтвах, каб у наступным годзе зноў быць запрошанымі на падобнае мерапрыемства”.







