«Шанец для шчасліўца»: вынікі гульні
Час, адведзены пад гульню “Шанец для шчасліўца”, якая праводзілася ў рэдакцыі “Лідскай газеты” у чацвер, 2 ліпеня, праляцеў вельмі хутка. Мабыць таму, што тэлефон не змаўкаў ні на хвіліну – усяго паступіла каля 30 званкоў. На жаль, не ўсе, хто дазваніваліся, правільна адказвалі на пытанні. Але перад тым, як раскрыць карты і назваць імёны пераможцаў, нагадаем тэму гульні і заданні.
“Шанец для шчасліўца” “Лідская газета” праводзіла сумесна з раённым цэнтрам культуры і народной творчасці і ён быў прымеркаваны “Дыскатэцы 80-90-х”, якая адбудзецца 4 ліпеня ў Лідскім замке (пачатак у 23.00).
А правільныя адказы на пытанні такія: Купалле прымеркавана да такой астранамічнай з’явы, як летняе сонцастаянне. Магічны агонь, з дапамогай якога распальвалася святочнае купальскае вогнішча, называецца зніч. Традыцыйная купальская святочная страва – кулага (аўсяны кісель з ляснымі ягадамі). У 2004 годзе ў Лідзе выступіў гурт «Boney М», пік папулярнасці якога прыйшоўся на пачатак 80-х гадоў. Песню «Крошка моя» выканала група «Руки вверх». Кампазіцыя стала сапраўдным хітом 90-х.
А цяпер імёны пераможцаў: Вальга Малайла, бухгалтар ВУ “Лідамежрайгаз”, Марына Духаніна, супрацоўнік Белаграпрамбанка, Вера Коршун, пенсіянерка з вёскі Малэйкаўшчына, Людміла Астапенка, кладаўшчык мэблевай фабрыкі ТАА “Стыль”, брат і сястра Лізавета і Владыслаў Ціханавы, навучэнцы СШ № 16. Віншуем пераможцаў!
Нагадваем, так як гульня праводзіцца напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а ў суботу, 4 ліпеня, газета не выходзіць, свае прызы пераможцы павінны забраць сёння да 16.00 у рэдакцыі “Лідскай газеты” па адрасе: вул. Ленінская, 48.