8 сакавіка ў Лідскім раёне прайшла занальная шоу-праграма «Спадарыня-сялянка» (фота)
“Шкада, што Міжнародны жаночы дзень святкуецца толькі раз у год”. Хутчэй за ўсё, менавіта з гэтымі думкамі адыходзілі дадому ўдзельнікі і гледачы конкурснай шоу-праграмы “Спадарыня-сялянка”. І такія эмоцыі, паверце, цалкам апраўданыя…
Прадстаўце: нядзеля, 8 сакавіка. Амаль дзве гадзіны дня. Позіркі некалькіх дзясяткаў чалавек скіраваныя… Куды б вы думалі? Не, не ў тэлевізар, а на сцэну Гудскага цэнтра творчасці і вольнага часу. З хвіліны на хвіліну тут пачнецца свята. І яно не прымусіла сябе чакаць. Загучала музыка, на сцэну выйшлі вядучыя.
“Толькі сёння, толькі ў нас вы маеце магчымасць убачыць не толькі працавітую, але і самую разумную, прыгожую, сучасную і, вядома, самую дзелавую работніцу сельскай гаспадаркі”, – адразу заінтрыгавалі яны гледачоў. “Канкурсантка пад №1 Яўгенія Кісялёва, пад № 2 – Юлія Мяткоўская, пад № 3 – Марына Дамброўская, № 4 – Алена Грыцай, № – 5 Наталля Фінашына, № 6 – Наталля Валейша”. Пасля прадстаўлення ўдзельніц шоу-праграмы “Спадарыня-сялянка” прагучала некалькі цёплых слоў і віншаванняў, і пачаліся выпрабаванні…
Падчас правядзення конкурсу жанчыны спаборнічалі ва ўменні прадставіць сябе і сваю прафесію, а таксама раскрыць свае творчыя і гаспадарчыя здольнасці. І тое, наколькі лёгка і як бы само сабой у іх гэта атрымлівалася, міжволі наводзіла на думку: нястомным працаўніцам сельскай гаспадаркі, жонкам і маці пад сілу калі не ўсё, то вельмі многае. Яны і ў вершаванай форме прэзентавалі сябе, і майкі вышывалі, нават кароў на сцэне даілі і яйкі з-пад курачак выбіралі. Апошняе, вядома, было ў гульнявой і жартоўнай форме.
"Нічога сабе свята. Жанчыны працуюць, а мужчыны што?" – могуць падумаць некаторыя. Ой, не скажыце. Мужчыны з усіх бакоў акружылі ўдзельніц конкурсу і прысутных у зале жанчын сваёй увагай. Яны столькі прыгожых песень праспявалі, ды як праспявалі – не горай за вядомых зорак! Не хацелася б нікога выдзяляць – усе спевакі былі вельмі добрыя, – але нечаканым, напрыклад, для мяне было тое, што на сцэну выйшаў старшыня Дварышчанскаго сельскага Савета Іван Ганевіч. З Іванам Феліксавічам даводзілася мець зносіны не раз, але як з кіраўніком, а не выканаўцам. І тое, што ён так прыгожа спявае, што ў яго такі аксаміцісты тэмбр, стала для мяне прыемным адкрыццём. Сапраўды Лідская зямля багатая на таленты!
Але вернемся да нашых канкурсантак. Адразу скажу, что па выніках выпрабаванняў тых, хто прайграў, не было. Тытул “Спадарыня” атрымала кожная ўдзельніца, праўда, у асабістай намінацыі. Аператар машыннага даення МТФ “Траццякоўцы” з СВК “Ёдкаўскі” Яўгенія Кісялёва стала “Спадарыняй Гаспадынькай”, аператар свінаводчага комплексу "Дворышча" з РСУП “Саўгас "Лідскі" Юлія Мяткоўская – “Спадарыняй Адмысловасцю”, повар гудскай сталовай з гэтага ж сельскагаспадарчага прадпрыемства Марына Дамброўская – “Спадарыняй Спрытнасцю”, яе калега з Дворышча Алена Грыцай – “Спадарыняй Чарадзейкай”. Ветэрынарнаму ўрачу РСУП “Саўгас “Лідскі” Наталлі Фінашынай прысвоілі тытул “Спадарыня Творчасць”, аграному гэтага ж прадпрыемства Наталлі Валейшы – “Спадарыня Шчырасць”.
Акрамя дыпломаў, спадарыні-сялянкі атрымалі кветкі і грашовыя падарункі.