Пытанне святару: ці заўсёды Бог пасылае людзей на шляху?

23 Апреля 2023 1198

Ці заўсёды Бог пасылае людзей на маім шляху? Як зразумець, добры гэта чалавек ці не? Як да яго адносіцца: з даверам ці асцярожна?" – задае пытанне 
Станіслава.

 Адказвае кусташ санктуарыя Каралевы нашых сем’яў, ксёндз-канонік Юрый БЯГАНСКІ:

 – Перш за ўсё трэба памятаць, што чалавек з’яўляецца самым дасканалым з усіх істот Божага стварэння. Ён вянок працы Бога, які быў створаны па вобразу і падабенству. На яго апеку Тварэц аддаў увесь свет. Гэта азначае, што Бог так любіць свой народ і апякуецца ім на кожным кроку, як бацька, які любіць свайго сына. Ён ніколі не пакідае чалавека ў бядзе і трывозе, але абдорвае яго сяброўствам, звяртаецца да яго праз адкрыццё, праз другога чалавека, даючы тым самым спазнаць сябе. Яго любоў асабліва праяўляецца да слабых, нешчаслівых, убогіх, а перш за ўсё Ён не адварочваецца ад грэшнікаў.

 У многіх выпадках нашага жыцця здаецца, што для нас больш няма шанцаў. У нас не хапае сіл, мы ўжо самі нічога не можам зрабіць. Але Бог нас не пакідае і змагаецца да апошняй хвіліны. Ён увесь час прамаўляе да нас і шукае розныя сітуацыі альбо “выпадковых” людзей, каб нам дапамагчы. 

 Ці заўсёды Бог пасылае людзей на маім шляху? 

 Адзін са спосабаў звяртання Бога да чалавека – гэта прамаўленне праз другога чалавека, напрыклад, праз святара (падчас споведзі, гаміліі ці пры асабістай размове), праз сваіх блізкіх, родных ці чужога чалавека. Але таксама можа здарыцца, што нас крануць словы і чалавека грэшнага, слабога ці распуснага. Само сабой зразумела, што гэтыя словы варта ўспрымаць па-рознаму, улічваючы аўтарытэт чалавека, які прамаўляе іх, жыццёвы вопыт, кантэкст і г. д. Аднак нават словы святога чалавека могуць быць нашай памылкай у неразуменні яго выразу. Мы заўсёды павінны памятаць, што кожны раз, калі сустракаемся з другім чалавекам, мы спрыяем яго росту і ўзбагачэнню. Любая такая размова – гэта аказанне дапамогі альбо прывядзенне адпаведнага прыкладу паводзін, якія могуць умацаваць іншага, духоўна ўзбагаціць, заахвоціць да добрых учынкаў, паглыбіць яго веру, распаліць любоў і ўмацаваць надзею. Уносячы свой уклад у развіццё і ўзбагачэнне людзей, якіх мы сустракаем у сваім жыцці, мы тым самым узаемадзейнічаем з Богам. Як кажа святы Ігнат Лаёльскі, “чалавек створаны для таго, каб хваліць Бога, Яму пакланяцца і служыць, а тым самым ратаваць сваю душу”. 

 Як зразумець, добры гэта чалавек ці не?

 “Дабро”, як і “зло”, – гэта проста цэтлікі, якія мы прымацоўваем да дадзенага чалавека, жадаючы яго ацаніць. Праўда, мы не можам дастаткова пазнаць каго-небудзь, каб уключыць у дадзеную групу. Варта таксама памятаць, што людзі могуць змяняцца, бо яны дзейнічаюць пад уплывам эмоцый і розных абставін, якія прымушаюць іх дзейнічаць так, а не інакш. Усё залежыць ад нас, якім шляхам мы пойдзем: добрым ці дрэнным. Добрага чалавека можна вельмі проста заўважыць праз яго дабрыню, культуру, чуласць, вясёласць ці ўсмешку. Ён не імкнецца пакрыўдзіць, умее прасіць прабачэння і г. д. Добры чалавек заўсёды хоча дабрыні для іншага і ўмее дзякаваць. Ён не славіць сябе, а таксама не асуджае і не прыніжае працу іншых. У параўнанні з людзьмі з дрэннай энергіяй, якія праклінаюць, б’юць іншых, кідаюць выклік жывым істотам, рэдка ўсміхаюцца (бо вечна камусьці зайздросцяць), раўнуюць, не могуць засяродзіцца на тым, што ў іх ёсць, і г. д. Дрэнны чалавек ніколі не зможа прыняць канструктыўную крытыку. Ён заўсёды перакананы ў тым, што ён робіць усё правільна і беспамылкова. Таму любую заўвагу прыме за атаку. Варта таксама памятаць: калі хтосьці пры кожнай сустрэчы з вамі абгаворвае іншага чалавека, ведайце, што з кімсьці ён яшчэ гаворыць і пра вас. Размова накіравана на павышэнне пачуцця каштоўнасці гэтага чалавека. У любым выпадку, гэтак жа працуе вымаўленне слоў пагарды да чужой працы. Акрамя таго, калі чалавек не выказвае ніякай падзякі, гэта таксама паказвае, што яго намеры не шчырыя. 

 Як да яго адносіцца: з даверам ці асцярожна?

 У жыцці мы часам задаём сабе такое пытанне: якім людзям сёння можна давяраць? Прычым не толькі свае таямніцы, але і важныя справы. А з якімі лепш трымаць вуха востра? Кожны чалавек можа па-свойму выказаць думку адносна гэтага пытання. Калі на першы погляд хтосьці здаўся вам прыемным, важна памятаць, што першае ўражанне часта аказваецца памылковым або абумоўлена недахопам інфармацыі. Эрнэст Хэмінгуэй сказаў, што “самы лепшы спосаб зразумець, ці можна чалавеку давяраць, – гэта даверыцца яму”. Гэта значыць, што я ўпэўнены ў чалавеку і ў яго ўчынках. Але ў даверы заўсёды ёсць два бакі і чалавек заўжды можа атрымаць не тое, што хацеў першапачаткова. У псіхалогіі тэрмін “давер” трактуецца як стан чалавека, пры якім ён свядома ўваходзіць у залежнасць ад іншага чалавека, якому давярае. Аднак гэты стан заўсёды нясе за сабой пэўныя рызыкі. Гэта як бы своеасаблівая латарэя, у якую чалавек можа выйграць або прайграць. Трэба быць гатовым да любой рэакцыі, нават да самай нечаканай. Адкрываючы каму-небудзь свае перажыванні, чалавек аўтаматычна змяняе дыстанцыю, становячыся бліжэй. Не дзіўна, што некаторыя не давяраюць свае праблемы і думкі людзям, у якіх яны не ўпэўнены. Яны трымаюцца ад іх на адлегласці. А кожны чалавек, які хоча наладзіць адносіны, павінен памятаць, ці хочаш ты змяніць адносіны з людзьмі і навучыцца ім давяраць. Варта таксама памятаць, што давер вельмі часта носіць узаемны характар. “Давяраю я, давяраюць мне”. А яшчэ важным будзе паспрабаваць паназіраць за яго паводзінамі і атрымаць доказы яго асабістых якасцей у выглядзе рэкамендацый, даведак і характарыстык. Знаходзячыся ў такой складанай сітуацыі, трэба памятаць, што гэта адказнасць кожнага чалавека. Калі ёсць жаданне збліжацца з людзьмі і будаваць гарманічныя, сяброўскія адносіны, то не толькі можна, але нават і трэба давяраць. Галоўны прынцып у гэтым пытанні – каб было добра.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться