Люстэрка душы і скарбніца гумару
14 Апреля 2023
942
Ганна Гайдукевіч дае аўтограф
У рамках чарговага пасяджэння літаб’яднання “Суквецце” ў Лідскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя дэбютнай кнігі лідскай паэткі Ганны Гайдукевіч “З душой і жартам”. Гэтая кніга – люстэрка багатай і чулай душы паэткі, а таксама скарбніца гумару і жыццёвай мудрасці. Выхад яе стаў прыемнай нечаканасцю для літаратараў Лідчыны, улічваючы, што Ганна Іванаўна прыйшла ў паэзію параўнальна нядаўна. Але прыйшла як чалавек з багатым жыццёвым вопытам, якому ёсць што сказаць свайму чытачу.
Ганна Іванаўна Гайдукевіч выкладала музыку, беларускую мову і літаратуру ў Лідскім педагагічным вучылішчы, каля трыццаці гадоў была актыўнай удзельніцай народнага ансамбля песні і танца “Лідчанка”. З’яўлялася арганізатарам і кіраўніком фальклорнага калектыву навучэнцаў і выкладчыкаў педвучылішча “Пралеска”. Актыўна пісаць вершы пачала тры гады назад. Друкавалася ў “Лідскай газеце”, літаратурна-мастацкім зборніку “Ад лідскіх муроў”, газеце “Літаратура і Мастацтва”.
Кніга вершаў Ганны Гайдукевіч “З душой і жартам” складаецца з двух раздзелаў – лірычнага і гумарыстычнага. Шмат вершаў з першага раздзела прысвечана малой радзіме паэткі – дакудаўскай зямлі, яе прыгожым краявідам у розныя поры года. З цеплынёй піша аўтар пра сваё дзяцінства, якое прайшло ў Дакудаве, пра сваіх бацькоў. Ёсць у кнізе і настальгічныя вершы, прысвечаныя юнацтву, маладосці, а таксама вершы, у якіх раскрываюцца ўнутраны свет, думкі і мары чалавека пенсійнага ўзросту. У другі раздзел увайшлі байкі, гумарыстычныя вершы, якія сама Ганна Іванаўна назвала “смехГанкі” (ад словазлучэння “смех Ганны”). У гэтых вершах у жартоўнай і іранічнай формах закранаюцца асобныя жыццёвыя з’явы і пытанні, якія хвалююць аўтара.
Павіншаваць Ганну Гайдукевіч з выхадам дэбютнай кнігі прыйшла на пасяджэнне “Суквецця” член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік дырэктара – галоўнага рэдактара па друкаваных СМІ ДУ “Рэдакцыя “ЛідаМедыяКампанія” Кацярына Серафіновіч. Віншавалі паэтку таксама калегі па літаратурнай творчасці і былыя калегі па працы ў педвучылішчы. Апошнія разбавілі пасяджэнне яркімі і гучнымі музычнымі нумарамі. Увазе прысутных быў прадстаўлены падрыхтаваны работнікамі бібліятэкі буктрэйлер (відэаагляд) па кнізе “З душой і жартам”.
Былыя калегі па педагагічнай працы шмат расказалі пра Ганну Іванаўну як таленавітую, творчую выкладчыцу, якая на сваіх уроках цесна спалучала літаратуру з музыкай, пра фальклорны калектыў “Пралеска”, які шмат дзе выступаў і неаднаразова станавіўся лаўрэатам. Цяпер Ганна Гайдукевіч актыўна займаецца літаратурнай творчасцю. У яе вершах бачна асоба аўтара – педагога, музыканта, аматара фальклору, проста нераўнадушнага чалавека. Пажадаем ёй творчага даўгалецця, натхнення і выдання яшчэ не адной паэтычнай кнігі!
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.