У выставачнай зале Лідскага замка адкрылася выстава карцін Уладзіміра Мельнікава

13 Октября 2022 2495

У мінулую нядзелю ў выставачнай зале Лідскага замка адкрылася выстава карцін лідскага мастака Уладзіміра Мельнікава “Жыццё кароткае – мастацтва вечнае”. Адкрылася яна ў дзень нараджэння мастака. У той дзень яму споўнілася б 84 гады. На жаль, за тры месяцы да гэтай даты Уладзіміра Сяргеевіча не стала. Але памяць пра яго жыве, прадаўжаюць сваё жыццё яго шматлікія карціны. Выстава памяці таленавітага і вядомага мастака, якая адкрылася, будзе працаваць доўгі час і папаўняцца іншымі яго творамі.


Уладзімір Мельнікаў як мастак пакінуў вялікую спадчыну. Ён пісаў у розных жанрах, але ўлюбёным яго жанрам быў партрэт. У партрэтах мастаку ўдавалася перадаць стан душы чалавека, яго характар і тэмперамент. Шмат вядомых людзей Беларусі ўвасобіў Уладзімір Мельнікаў у сваіх работах. Выкананы ім партрэт Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі знаходзіцца ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. З-пад пэндзля мастака выйшлі партрэты Уладзіміра Мулявіна, Анатоля Ярмоленкі, Ганны Радзько, Уладзіміра Ліпскага, Ніла Гілевіча і многіх іншых. Дарэчы, у гады работы Уладзіміра Сяргеевіча у сярэдняй школе №14 горада Ліды Анатоль Ярмоленка і Ніл Гілевіч былі гасцямі згаданай школы. 


Дасягнулі поспехаў у выяўленчым мастацтве вучні таленавітага мастака. Сам Уладзімір Мельнікаў не раз быў узнагароджаны і заахвочаны за вялікі ўклад у развіццё беларускага мастацтва, у тым ліку і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Вядомасць гэтага мастака даўно выйшла за межы Лідчыны. Яго карціны захоўваюцца ў найбуйнейшых музеях Беларусі, у многіх галерэях і вядомых дамах Еўропы, а таксама ў ЗША, Аўстраліі. 


Падчас адкрыцця выстаўкі згадалі пра Уладзіміра Сяргеевіча і як пра краязнаўца, улюбёнага ў лідскі край, які шукаў вядомых лідчан па ўсім свеце, як пра мэтанакіраванага чалавека і шчырага сябра, які заўсёды быў сумленным і адкрытым з іншымі і з самім сабой. Успамінамі пра гэтага чалавека дзяліліся з гасцямі выставы паэт Уладзімір Васько (радкі з яго верша “Мастак” сталі загалоўкам гэтага артыкула), навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Анастасія Каладзяжная, генеральны дырэктар СТАА “Бел-Пласт Інтэрнэшнл” Анатоль Вялікін і іншыя, хто добра ведаў Уладзіміра Мельнікава. І, канешне ж, шмат цёплых слоў пра таленавітага мастака казалі на адкрыцці выставы яго дачка Святлана Піваварава і зяць Руслан Півавараў – абое  вядомыя і таленавітыя паэты. 

Здавалася, нябачна прысутнічаў у выставачнай зале і сам Уладзімір Сяргеевіч – у сваіх бессмяротных карцінах, якія глыбока пранікалі ў душу кожнага наведвальніка выставы.




Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться