На працягу амаль года супрацоўнікі Дома Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея праяўляюць цікавасць да ўсяго, што мае дачыненне да вераб’ёў. Чаму так?
02 Января 2022
1432
Хутка тут будзе праводзіцца музейна-педагагічны занятак для дзяцей “Вядзе рэй верабей”, на якім дзеці, магчыма, будуць апранутыя ў касцюмы гэтых птушачак. А ў больш аддаленай перспектыве ў двары Дома Таўлая дзеці будуць выконваць танец “Вераб’і і лежань”… Адкуль жа такая ўвага да вераб’ёў? Чаму верабей з некаторых пор вядзе ў гэтых сценах рэй? Усё звязана з біяграфіяй самаго Валянціна Таўлая…
Сімвал Дома Таўлая
Пачалося ўсё каля года назад. У лютым 2021 года, да чарговай гадавіны з дня нараджэння Валянціна Таўлая, куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун пераглядзеў біяграфію паэта, шукаючы ў гэтай біяграфіі даты, якія ў бліжэйшы час стануць юбілейнымі. Увагу прыцягнула дата напісання Таўлаем свайго першага верша – люты 1922 года. У дзяцінстве, прычым у нашым горадзе Лідзе, пачалося станаўленне Валянціна Таўлая як паэта. Зусім хутка, у лютым 2022 года, споўніцца 100 год з дня напісання гэтага першага верша, які называецца “Wrobelki” (“Верабейкі”). Напісаны ён быў на польскай мове, пазней паэт пераклаў яго на беларускую мову.У творчай біяграфіі паэта гэтая падзея адна з найважнейшых: менавіта дадзеным вершам Валянцін Таўлай праклаў сабе сцяжынку ў беларускую літаратуру. Яму на той час было восем гадоў. Дадзены твор быў напісаны паэтам у нашым горадзе ў час навучання ў школе, якая размяшчалася за паўночным бокам Лідскага замка.
Аб тым, што ў хуткім часе, у 1926 годзе, непадалёку ад таго ж замка будзе пабудаваны драўляны дом, васьмігадовы Валя Таўлай і не задумваўся. Гэты дом захаваўся па сённяшні дзень. Размяшчаецца ён непадалёку ад паўднёва-заходняй вежы Лідскага замка. Менавіта ў гэтым будынку паэт жыў з 1939 па 1941 год. Цяпер тут размяшчаецца Дом Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
У кожнага музея ёсць свая пэўная сімволіка, якая непасрэдна звязана з творчай дзейнасцю той ці іншай асобы. Умоўным сімвалам Дома-музея Валянціна Таўлая з’яўляецца менавіта верабей – птушка, усім нам вядомая. Яе вобраз выкарыстоўвалі многія творцы.
Супрацоўнікі Дома Валянціна Таўлая вырашылі сабраць калекцыю прадметаў і матэрыялаў на “вераб’іную” тэму. Гэта могуць быць вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, творы выяўленчага мастацтва, вершы, апавяданні і інш. Асабліва каштоўнымі тут стануць прадметы або матэрыялы, якія захоўваюць аўтарства. Яшчэ ў лютым 2021 года супрацоўнікі Дома Таўлая кінулі кліч у сацыяльных сетках: дапамажыце ў зборы калекцыі на “вераб’іную” тэму!
Птушыная сталоўка
– Першай на наш заклік адгукнулася СШ №6 горада Ліды, – расказвае Алесь Хітрун, – адтуль нам перадалі кармушку для кармлення птушак зімой. Вырабілі яе вучні 5 “А” класа пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Мікалая Усеваладавіча Філіповіча. І цяпер на клёне каля Дома Таўлая ёсць сталоўка для вераб’ёў і сінічак – у зімовы час яны не застануцца галоднымі. Кармушку мы павесілі якраз у дзень нараджэння Валянціна Таўлая, сыпалі туды семкі. Дарэчы, і той першы верш – “Wrobelki” (“Верабейкі”) – васьмігадовы Валя Таўлай напісаў як водгук на школьную кампанію па зімовай дапамозе птушкам.Між іншым, супрацоўнікі Дома Таўлая даведаліся, які корм трэба даваць птушкам. Ні ў якім разе не чорны хлеб: ён шкодзіць іх кішэчніку. Нельга таксама карміць салёным салам (яно шкодзіць ныркам), смажаным тлушчам (шкодны для печані), просам (на яго шліфаванай паверхні збіраецца шмат таксічных рэчываў), абсмажанымі семкамі, сапсаванымі прадуктамі і прадуктамі са стала. А вось сырымі семкамі (насеннем сланечніка, кавуна, гарбуза) з задавальненнем сілкуюцца вераб’і, сініцы і іншыя. Можна сыпаць любое зерне акрамя проса. Сініцы любяць наведваць птушыную сталовую, калі там ёсць тварог, зваранае ўкрутую яйка, сырое несалёнае сала. Сойкі любяць арэхі – для іх падыдзе нясмажаны арахіс. Недарагім і ўніверсальным кормам з’яўляюцца нарэзаныя свежыя яблыкі.
«Вераб’іная» калекцыя
Аднак вернемся да збору прадметаў і матэрыялаў на “вераб’іную” тэму. Калекцыяй на сённяшні дзень супрацоўнікі Дома Таўлая ўжо могуць пахваліцца.Так, мастак-манументаліст з Мінска Васіль Зянько прысвяціў вершу “Верабейкі” рэльефную карціну (для людзей з праблемамі зроку) з фрагментам верша, перакладзеным на шрыфт Брайля, і перадаў гэтую карціну Дому Таўлая. Супрацоўніца аддзела рамёстваў Ірына Вашкевіч стварыла карціну з выявай вераб’ёў, якая пакуль экспануецца ў гісторыка-мастацкім музеі, але потым таксама зойме сваё месца ў Доме Таўлая. Малюнкі на “вераб’іную” тэму перадалі супрацоўніца музея Дыяна Бянкевіч, лідчанкі Анастасія Ляўкевіч, Марына Мазоль.
Ёсць у літаратурным музеі і чучала вераб’я, перададзенае гродзенцам Віктарам Бахматам, які зрабіў шмат чучал для Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Ёсць свістулькі ў выглядзе вераб’ёў. Лідчанка Людміла Русь перадала сувенір у выглядзе вераб’я, які некалі прывезла з Забайкалля, і свой верш да гэтага сувеніра.
Што датычыцца матэрыялаў на “вераб’іную” тэму, з дапамогай інтэрнэту Алесь Хітрун сабраў шмат адпаведных казак, вершаў, загадак, прыказак, прымавак. Ёсць у калекцыі прыжыццёвы зборнік дзіцячых вершаў Петруся Граніта (дарэчы, сябра Валянціна Таўлая), у якім, акрамя іншых, ёсць верш “Верабейчык”. Гэты зборнік яшчэ да аб’яўлення акцыі па зборы “вераб’інай” калекцыі перадаў Дому Таўлая краязнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын. Алесь Хітрун купіў дзіцячую кніжку Максіма Горкага “Воробьишко”.
Нарэшце, маецца ў калекцыі і зборнік танцаў “Вераб’і і лежань” з рэпертуару ўзорнага ансамбля танца “Весялушка” Мінскай дзіцячай школы мастацтваў (1990 года выдання). Куратару літаратурнага музея хацелася б, каб аднайменны танец з гэтага зборніка выконваўся ў Доме Таўлая, а дакладней – у двары Дома Таўлая, летам, на тым жа “Замкавым гасцінцы” (тут можа дапамагчы Лідская ДШМ).
Будзе ў Доме Таўлая свая батлейка
Аднак збор калекцыі (на аснове якой будзе арганізавана выстаўка) – гэта толькі адно з комплексу мерапрыемстваў Дома Таўлая да 100-годдзя напісання верша “Верабейкі”.– Больш за год я выношваю ідэю стварэння пры Доме Таўлая лялечнага тэатра-батлейкі, – дзеліцца планамі Алесь Хітрун. – Планую паставіць лялечны спектакль для дзяцей па вершы “Верабейкі”, у якім бы адлюстроўваўся перыяд вучобы маленькага Валі Таўлая ў Лідзе (канешне, з элементамі вымыслу, у літаратурнай апрацоўцы), была паказана гісторыя напісання ім першага верша. Свая батлейка (але яна больш адпавядае тэатру ценяў) у гісторыка-мастацкім музеі ўжо ёсць. Я напішу сцэнарый. Трэба падрыхтаваць адпаведных лялек. Спектакль стане адной з візітак нашага Дома Таўлая, сродкам прыцягнення да нас дзіцячай аўдыторыі.
А літаральна на днях у Алеся з’явілася ідэя пашыць дзіцячыя касцюмы вераб’ёў альбо зрабіць роставых лялек у выглядзе вераб’ёў. Не супраць гэтай ідэі і калегі. Касцюмы (або роставыя лялькі) будуць дарэчы ў час музейна-педагагічнага занятка “Вядзе рэй верабей”, аб якім будзе сказана ніжэй. Трэба хутчэй вызначыцца, хто зоймецца пашывам: часу да лютага 2022 года застаецца не так і шмат.
А вось доўгая кашуля, накшталт той, якую, паводле ўспамінаў, насіў у школе навыпуск маленькі Валя Таўлай, у літаратурным музеі ўжо ёсць. Яна таксама спатрэбіцца для занятка з дзецьмі.
«Будзем пець, маляваць, кармушку майстраваць…»
– Цяпер пра сам занятак, – гаворыць у заканчэнне нашай гутаркі Алесь Хітрун. – Ён мной ужо распрацаваны, але пакуль я яго не праводзіў – буду праводзіць у лютым, а магчыма, і надалей. У праграму занятка ўключаны майстар-клас па вырабе вераб’я з паперы ў тэхніцы арыгамі (я такога вераб’я ўжо зрабіў), развучванне песні “Верабейка атрымаў капейку”, складанне з “раскіданых ветрам” слоў прымавак, у якіх згадваецца верабей, маляванне вераб’я шляхам злучэння кропак лініямі, азнаямленне з асаблівасцямі кармлення вераб’ёў зімой і многае іншае. Магчыма, запрашу таго ж Мікалая Усеваладавіча Філіповіча, каб правёў для дзяцей майстар-клас па вырабе кармушкі. Кожны ўдзельнік занятка атрымае медаль і дыплом з выявай вераб’я, “пячаткай Валянціна Таўлая” і “аўтографам паэта”. Праз такія заняткі асоба Валянціна Таўлая стане для дзяцей больш блізкай, як і Дом Таўлая па вуліцы Замкавай.Вось так яскрава супрацоўнікі літаратурнага музея плануюць адзначыць 100-годдзе з пачатку станаўлення Валянціна Таўлая як паэта, якое пачалося ў Лідзе, з маленькага вершыка “Верабейкі”.
Верабейкі
Ну й зіма! Трашчаць марозы,І няма ніякіх птушак –
Толькі вераб'і, вароны.
Горка гэтым верабейкам
З думкай аб ядзе
Так падскаківаць галодным.
Але што ж мы зробім?
Вось міне зіма цяжкая
І вясна прыйдзе – накорміць.
1922 г.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.