У фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея захоўваецца ўнікальны экспанат – шахматная ладдзя, якая датуецца XIV стагоддзем
25 Июля 2021
1710

Кожны экспанат – скарбніца інфармацыі аб культурных традыцыях нашага краю, абрадах і рамёствах. І сёння ў спецпрaекце «Скарбонка лiдскага краю» мы раскажам аб самых незвычайных і дзіўных прадметах, якія выкарыстоўвалі нашы продкі ў побыце, у паўсядзённым жыцці.
Цікавая прэзентацыя, арганізаваная ў Лідскім замку навуковым супрацоўнікам Таццянай Нікіфаравай да Міжнароднага дня шахмат, прымусіла паглядзець на дадзеную гульню скрозь прызму гісторыі і сучаснасці. У цэнтры экспазіцыі – унікальныя прадметы. Гэта ладдзя XIV стагоддзя і камплект крыштальных шахмат, зробленых не так даўно ў гуце шклозавода «Нёман».
– У 1978 годзе вядомым беларускім археолагам, кандыдатам гістарычных навук Алегам Трусавым на заходнім двары каля ўсходняй сцяны Лідскага замка была знойдзена шахматная фігура – ладдзя, якая датуецца XIV стагоддзем, – расказвае Таццяна Міхайлаўна. – Рэдкі экспанат – унікальны ўзор разьбы па косці, таму выдатна захаваўся да нашых дзён. Артэфакт даказвае, што ў замку такую інтэлектуальную і лагічную гульню, як шахматы, ведалі. Усяго такіх фігур на тэрыторыі Беларусі было знойдзена трыццаць дзве. Паводле ацэнкі навукоўцаў, лідскім экспанатам мог бы ганарыцца любы музей свету, бо карысталіся ёй у час гульні, хутчэй за ўсё, нашчадкі Гедыміна.
Аб тым, што перад намі менавіта ладдзя, сведчыць верхняя частка ўзору са своеасаблівымі «крыламі» руха (рух – гіганцкая птушка, вядомая па арабскіх казках, легендах, паданнях старажытных падарожнікаў). Сярэднявечны рамеснік адлюстраваў нешта сярэдняе паміж усходняй фігурай і натуральнай рускай ладдзёй. Як вынік, па дадзеных узорах і ладдзі з замка ўжо ў нашы дні была зроблена шахматная дошка з фігурамі. Такім чынам, мясцовыя даследчыкі выказалі здагадку, якімі маглі быць шахматы ў часы Вітаўта – Вялікага князя літоўскага (іх таксама можна ўбачыць у вежы Гедыміна).

Яшчэ адзін сапраўдны твор мастацтва – шкляныя шахматы. Імі з нядаўняга часу папоўніўся раздзел «Мастацкае шкло» экспазіцыі «Сучаснае мастацтва краю», якая экспануецца ў музеі. Гэта навадзел, створаны на шклозаводзе «Нёман» знакамітым мастаком Аленай Ткачовай і групай майстроў: інжынерам-канструктарам Валерыем Піцюшкавым, токарам Уладзімірам Лаўскім, чаканшчыкамі Аляксандрам Казлоўскім, Мікалаем Бакарэвічам і іншымі. Усе шахматы ўяўляюць сабой фігуркі з крышталю класічнай формы. Велізарны талент спецыялістаў сваёй справы ўвасобіўся ў сапраўды прыгожым вырабе.

0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.