У Лідскім раёне курыца нясе зялёныя яйкі (фота)

08 Мая 2014 3519

Скіраваўшы з шашы Ліда – Радунь, якая вядзе праз аграгарадок Крупава і вёску Навіцкія, няцяжка знайсці і вёску Верхняе Крупава. Тым больш што пакладзены роўны асфальт з тратуарамі праз усю вёску не выклікае праблем у паездцы, няхай сабе і на веласіпедзе.

Адэльфіна Камілава ўвіхалася на агародчыку. Убачыўшы мяне, ветліва запрасіла на падворак. 

– Ну, дзе ваша экзотыка? – пытаюся ў жанчыны. 

– Ды вось, ходзіць з усімі, – паказвае яна на загароджаны сеткаю птушыны загон. 

На гэтым участку, не заўважыўшы пакуль мяне, паважна паводзіць сябе птушынае царства: індык з індычкамі, гусі, куры з пеўнямі. Усе заняты сваімі справамі: хто дзяўбе пасыпанае зерне, хто капаецца ў пяску, а мажныя пеўні і індык асцярожна паглядаюць на ўвішных «дам». Ды толькі ўбачыўшы незнаёмага ім чалавека, г. зн. мяне, мажная “варта” падняла своеасаблівую гукавую трывогу. Усе насцярожыліся. 

– Так, яны, здаецца, усе дружныя. Сябруюць паміж сабою, – прызнаецца гаспадыня.

А вось і наша гераіня. Курка з чорным апярэннем, рэдкай для нашай мясцовасці пароды араўкана, убачыўшы мяне з нацэленым на яе фотаапаратам, вырашыла хуткімі перабежкамі схавацца за спінамі сваіх сяброў і сябровак, быццам бы пытала: “А што я такое вытварыла?”

– На мой погляд, дзіўнага ў ёй нічога няма, толькі падбародак крышку абвісае, як у цецерука. Але што цікава – яйкі яна нясе зеленаватага колеру. Нават пры варцы гэты знешні пігмент са шкарлупіны не знікае. Хаця смак іх нічым не адрозніваецца ад смаку звычайнага яйка, – дабавіла гаспадыня.

Як далей расказала Адэльфіна Зыгмонтаўна, у горадзе яна мае ўласны дом, але тут, у Верхнім Крупаве, яна атрымлівае асалоду ад цішыні і чыстага паветра і забываецца пра гарадское жыццё хаця бы на сезон. Прынамсі, і гаспадарка ёсць. Акрамя птушак, маецца і дробная жвачная парнакапытная жывёла – козы і авечка з ягнём. А вось зімой калі-нікалі можна і ў горадзе пажыць. З надыходам цяпла – зноў сюды. 

– Мне ўжо сёмы дзясятак ідзе. Але гаспадарка не стамляе. Весялей жывецца, – зазначае Адэльфіна Зыгмонтаўна.  Першапачаткова, як і ўсе пачынаючыя гаспадары, Адэльфіна Камілава набывала птушку на рынку, а ўжо потым (вядома, прыродным метадам) птушка распаўсюдзілася квактухамі.

IMGP6547

 

– А якім чынам у вас завёўся такі цуда-птах? – з цікавасцю задаю пытанне. 

– Праз “Лідскую газету”. Мінулым летам прачытала аб’яўку, у якой паведамлялася, што ў Малейкаўшчызне прадаецца курыца з куранятамі. Пры пакупцы гаспадыня прызналася мне, што адно куранё з гэтай “кампаніі” будзе несці яйкі зялёнага ці ружовага колеру, паколькі гэты вывадак узнік з яек такой жа квактухі, якую набыла ў Першамайскім.

Гэтым словам Адэльфіна Зыгмонтаўна слаба верыла. У пачатку бягучага года з маладой “кампаніі” сапраўды вылучылася маладая курка. Яна і нясе незвычайныя на выгляд яйкі. 

– А ці вядома вам парода такіх курэй? 

– Не ведаю. Мая дачка, якая жыве ў горадзе, таксама паклала пад курыцу такія яйкі, дазналася, што яны прыраўноўваюцца да перапяліных, паколькі ў іх патрэбная колькасць селену. Скажу, што ад корму гэта не залежыць, бо ўсю птушыную каманду кармлю аднолькава: пшаніцай, ячменем, камбікормам, варанай бульбай.

Ёсць ужо і заказы на гэтае дзіва. А Адэльфіна Зыгмонтаўна не адмаўляе: няхай і іншыя пацешацца гэтай экзотыкай, бо такім чынам і яна калісьці завяла яе.

Даведка. Колер курынага яйка вызначаецца пігментам на знешнім слоі шкарлупіны і можа прымаць шматлікасць адценняў – ад амаль беласнежнага да цёмна-карычневага. Залежыць колер яйка толькі ад аднаго – ад пароды курыцы. Каб заранёў прыблізна прадказаць колер знесенага звычайнай курыцай яйка, дастаткова паглядзець на вушную мочку курыцы. Калі мочка белая, курыца нясе светлыя яйкі, а калі чырвоная – карычневыя. У Паўднёвай Амерыцы вывелі бясхвостых кур з “рагамі” – аперанымі наростамі на галаве. Неслі гэтыя птушкі блакітна-зялёныя яйкі. Назвалі пароду араўкана – у гонар племя індзейцаў, якое і разводзіла іх. Калісьці меркавалася, што ў гэтых яйках паніжаная колькасць халестэрыну і карысных мікраэлементаў. Цяпер высветлілася, што нічым, акрамя колеру шкарлупіны, яны не прывабліваюць. Зараз ёсць араўканы, якія нясуць не толькі блакітныя, але і зялёныя, жоўтыя і нават ружаватыя яйкі. Новую пароду назвалі амераўкана. “Рогі” ў яе зніклі, затое з’явіліся хвост і “бакенбарды”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться