Горад на старых выявах. На выгане вырасла Вялікая Ліда (фота)

14 Апреля 2014 3045

Працягваем цыкл пад назвай “Горад на старых выявах” аўтара Леаніда Лаўрэша. У сённяшнім выпуску – падборка, звязаная з гісторыяй іншых вуліц і раёнаў горада.

Яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. на поўдні горад заканчваўся руінамі замка, за якім ляжала адкрытая балоцістая пустка, а далей, у бок сучаснага вакзала, цягнулася ралля. На поўнач ішла вуліца Віленская (зараз Савецкая – Л. Л.), на якой стаяла некалькі драўляных дамкоў, у апошнім з іх была карчма нейкага Закса. Карчма атрымала назву “Закасанка”, і калі горад працягнуўся яшчэ далей, утварыўся раён горада, які атрымаў назву Закасанка. З захаду Ліда таксама была атачоная вялікімі балотамі, якія захоўваліся да 1930 г. Дрыгва гэта ў народзе называлася “выган”, бо там было добрае месца для таго, каб пасвіць хатнюю жывёлу. У канцы 1920-х гадоў на Выгане вырас самы новы раён горада – Вялікая Ліда. З 1918 г. да канца 1930-х гг. колькасць жыхароў горада амаль што падвоілася і наблізілася да 30 000. Такі моцны рост тлумачыўся пашырэннем старых раёнаў горада, далучэннем да горада вёскі Раслякі, разбудаваннем раёнаў Зарэчча і Ферма, але ж галоўным чынам ростам раёна Слабодка.

З выдатнага артыкула Уладзіслава Абрамовіча ў перадваеннай газеце “Лідская зямля” мы ведаем, што раён Ферма цягнуўся ад замка і каталіцкіх могілак да чыгуначнага вакзала і сваю назву атрымаў, праўдападобна, ад досыць урадлівай зямлі, якая раней належала да каралеўскай маёмасці. На шляху ад вакзала да горада, недалёка ад замка, увагу прыцягвала вялікая яма – вынік нямецкага гаспадарання падчас акупацыі. Менавіта на гэтым месцы ў старажытная часы быў велізарны двор старасты – рэзідэнцыя каралеўскага намесніка. Сярод іншых зямель гэтага двара, ці, як тады звалі, “дварца”, была і вёска Слабада. Палі гэтай вёскі цягнуліся ў паўднёва-заходнім кірунку, мяжуючы з гарадской тэрыторыяй каля сучаснай вуліцы Горкага. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай усе каралеўскія землі, якія прылягалі да горада, перайшлі ў скарб Расійскай імперыі. Недалёка ад былой рэзідэнцыі намесніка пачалі сяліцца сем’і расійскіх дваран. Паўстаў шэраг густоўных дамоў, аточаных садамі, і так пачаўся вялікі зараз раён горада, які завецца Ферма. А паколькі на Ферме маглі сяліцца толькі дваране, каля 1860 г. было вырашана заснаваць у Лідзе іншую калонію, на землях вёскі Дварцовая Слабада. Расійская адміністрацыя не мела дакладных указанняў наконт таго, якія сем’і трэба сяліць у новай калоніі, і спачатку пасялілі там чатыры яўрэйскія сям'і. З іх дзве сям'і Ліпнішскіх, адну Баруховічаў, а прозвішча трэцяй сям’і ўдакладніць ужо немагчыма. Праз некаторы час, калі справа пра пасяленне яўрэяў на Дварцовай Слабадзе дайшла да Пецярбурга, адтуль была зроблена заўвага пра памылку – пасяленне яўрэяў у новай калоніі, бо папярэдне гэтая калонія прызначалася для засялення праваслаўных сем'яў. Патрэбна было выселіць яўрэйскія сем'і, якія да таго часу там грунтоўна атабарыліся. Каля 20 дзесяцін зямлі для кожнай сям’і ўяўлялі немалую каштоўнасць, таму яўрэі былі павінны пайсці на кампраміс і прынялі праваслаўе. Пасля хрышчэння Ліпнішскія прынялі прозвішча Ліпінскіх, Баруховічы сталі Барысевічамі, а чацвёрты яўрэй стаў Крыжаноўскім. У 1866 г. выдзеленыя землі былі аддадзены на выкуп.

01

03

Раён Ферма, пачатак ХХ ст.

Да часу, калі праз Ліду прайшла чыгунка, пасяленцы займаліся сельскай гаспадаркай. Аднак рост Слабодкі непарыўна звязаны з чыгункай. Першай, ў 1883-84 гг., была пушчана ў дзеянне чыгунка Вільня – Ліда – Лунінец. Праз 20 гадоў, у 1902-05 гг., дзякуючы пракладзенай лініі Маладзечна – Ліда – Ваўкавыск, наш горад стаў важным камунікацыйным вузлом. Пры будаўніцтве чыгункі сем'і пасяленцаў мелі добрыя заробкі. Пры гэтым дочкі, якія былі немалой прыгажосці, знайшлі сабе мужоў сярод чыгуначных жандараў. Паступова пачалі з'яўляцца новыя сямейныя ачагі, усё новыя і новыя дамы і пабудовы. Па меры падрастання моладзі жыхары Слабодкі змянялі характар сваёй дзейнасці, пераходзячы з сельскай гаспадаркі на чыгунку. Калі пабудавалася чыгуначная станцыя, некаторыя сем’і перанеслі свае дамы ўглыб поля. Раён пачаў пашырацца, колькасць дамоў павялічвалася з кожным годам. 

05

Вуліца Пастаўская, ці раён горада, вядомы як Пастаўшчына.

У 1920-30-я гг. Слабада становіцца важным раёнам горада. У 1932 г. дзякуючы старанням ксяндза-вікарыя Станіслава Мажэйкі на Слабадзе паўстаў касцёл. У 1936 г. Гарадская рада падарыла слабадской парафіі 2 га гарадской зямлі для заснавання могілак. Падчас геадэзічных работ і работ па агароджванні будучых могілак адзін з работнікаў спытаў меркаванне другога пра тое, хто з іх першы ляжа на новых могілках. Так здарылася, што той, хто пытаўся, і стаў першым нябожчыкам на іх. Весткі пра гэта імгненна разышліся па парафіі, і вернікі зрабілі яму ўрачыстае пахаванне.

06

Зарэчча (зараз – вуліца Калініна і прылеглыя да яе вуліцы і завулкі). Адзін са старэйшых раёнаў горада.

У 1930-х гадах на Слабодке з'явіліся крамы, аптэчны склад, добраахвотная пажарная ахова, пастарунак паліцыі, чыгуначная лазня. Над усім раёнам узвысіліся гмах грамадскай 7-класнай школы (сучасная СШ №10) і пажарная вежа, якая зараз не існуе.

04

Дзяканка. Мясцовасць паміж Фарным касцёлам і р. Лідзейкай.

11

Лідскі завулак.

09

Камерцыйны завулак. Гэты завулак, а таксама Лідскі і Паліцэйскі адыходзілі ад вуліцы Віленскай (Савецкай) уніз, да рэчкі Лідзейкі.

071

Садовая вуліца, у перспектыве – Лідская сінагога. Вуліца вяла ад вуліцы Каменскай (Ленінскай) да Рыначнай плошчы.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться