«Яны вельмі страшныя, з вялікімі зубамі, якімі чапляюцца за нашу скуру». Маленькія жыхары Ліды расказалі пра мікробы і свае адносіны да гігіены
18 Апреля 2020
1809
У кожнай сям'і меркаванне пра бруд сваё: хтосьці можа сказаць, што гэта непрыгожа, нехта спашлецца на класічныя прыклады з літаратуры (напрыклад, “Мойдодыр” Чукоўскага). Але, як аказалася, падрастаючаму пакаленню лідчан добра вядома, што менавіта гігіена стаіць на варце нашага здароўя. Чаму важна захоўваць чысціню і ўважліва ставіцца да свайго здароўя, што такое мікробы, па відэасувязі карэспандэнту «Лідскай газеты» расказалі выхаванцы ДУА «Яслі-сад №41 г. Ліды».
Ева Федзіна:
– Мікробы – гэта маленькія істоты, якія жывуць на нашых руках і на самых розных, вялікіх і маленькіх, прадметах. Убачыць круглыя, квадратныя шкодныя арганізмы практычна немагчыма. Для гэтага трэба стаць урачом і купіць сабе сапраўдны мікраскоп. З-за шкодных мікробаў мы можам вельмі моцна захварэць і гэтым засмуціць маму і тату, а таксама выхавальнікаў у дзіцячым садзе. Каб пазбавіцца ад мікробаў, трэба закатаць рукавы, адкрыць кран, капнуць крыху мыла, пацерці далонькі зверху і знізу, кожны пальчык. Мыць рукі некалькі разоў на дзень (пасля прагулкі на пляцоўцы, перад ежай і перад сном) – абавязкова. Тады шкодныя істоты загінуць.
Ірына Плаксіна:
– На вуліцы жыве вельмі шмат нябачных істот. І гэта дрэнна. У жыцці сустракаюцца розныя мікробы: добрыя мікробы жывуць у нас у жывоціку і ў смачных прадуктах, а шкодныя – на вуліцы, на дзвярных ручках і брудных цацках. Мікробы перадаюцца ад чалавека чалавеку пры чханні, кашлі і тады, калі людзі карыстаюцца чужымі расчоскай, зубной шчоткай, ручніком. Пазбавіцца ад шкоднікаў можна толькі шляхам мыцця рук з мылам і кожнага пальчыка паасобку, а таксама калі кожны дзень з раніцы да ночы падтрымліваць асабістую гігіену.
Арцём Кулік:
– На брудных руках заўсёды можа штосьці з'явіцца. Гэта могуць быць злыя прышэльцы-мікробы, якія звычайна пільнуюць дзяцей і дарослых у самых розных месцах: на вуліцы, у краме, у аўтобусе. Я ўмею з імі змагацца вельмі добра, мяне гэтаму навучылі дома і ў дзіцячым садзе. Для гэтага патрэбны не пісталет, а самае звычайнае мыла. Як толькі на ручках з'яўляецца пена, мікробы задыхаюцца, паміраюць, а затым змываюцца цёплай вадой у ракавіну. Я вельмі часта мыю рукі. Калі гэтага не рабіць, то могуць моцна забалець жывот і галава. Так што ўсе – і дарослыя, і дзеці – абавязкова павінны мыць рукі. Тады будзеце здаровыя!
Паліна Карагужына:
– У мікробаў ёсць хвосцікі і жгуцікі. Яны жывуць усюды: на дыване, на руках, нават на ежы. Вельмі доўга чакаюць, калі хтосьці да іх падыдзе, скачуць на яго, а потым сядзяць ціха. З часам іх становіцца вельмі шмат, а значыць, яны могуць нашкодзіць дзіцяці або даросламу – напрыклад, выклікаць небяспечнае захворванне. Тады прыйдзецца прымаць горкія таблеткі. Але лепш, калі ад мікробаў адразу пазбавіцца. Для гэтага іх варта змыць гарачай вадой, тады гэтыя шкодныя істоты не змогуць зрабіць зло і атрымаюць па заслугах.
Нэлі Адамоніс:
– Рукі абавязкова трэба мыць некалькі разоў на дзень – чым больш, тым лепш. Калі не сачыць за гігіенай рук і твару, то на іх могуць з'явіцца розныя дрэнныя істоты, якія жывуць у гразі. Мы не можам гэтых істот бачыць вочкамі. Яны вельмі страшныя, з вялікімі зубамі, якімі чапляюцца за нашу скуру. Калі з'есці іх неспадзявана, можна атруціцца, і тады чалавек захварэе. Таму я заўсёды мыю рукі гарачай вадой з мылам. І ўсім жыхарам нашага прыгожага горада раю гэта рабіць, асабліва хлопчыкам і дзяўчынкам.
Данііл Душкевіч:
– Мікробы жывуць на руках, на адзенні. Калі мы ямо з бруднымі рукамі, яны абавязкова трапляюць у рот, а потым і далей. Калі людзі не ведаюць, як мыць рукі, то могуць моцна захварэць. Потым прыйдзецца выклікаць хуткую дапамогу і доктара з вялікім уколам. Таму кожны дзень я сачу за тым, каб гэтыя маленькія арганізмы мне не нашкодзілі. Заўсёды доўга, акуратна мыю кожны пальчык на руках, твар, ножкі. Калі дзіця выконвае гэтыя правілы, то ніколі не захварэе. Быць вясёлым і здаровым – гэта вельмі добра.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.