Дубчык да дубчыка. Жыхарка адной з вёсак Лідскага раёна стварае дзіўныя вырабы з лазы
10 Апреля 2020
1474
Але, як сцвярджае жыхарка вёскі Наркуны Крупаўскага сельсавета Алена Войсят, справа майстра баіцца. Галоўнае – учапіцца за нітачку, улавіць усе тонкасці незвычайнага рамяства.
– Заўсёды займалася рукадзеллем – вязала, вышывала, – распавядае карэспандэнту «Лiдскай газеты» гераіня артыкула. – Але аднойчы ў часопісе знайшла цікавы спосаб майстраваць кошыкі з дубчыкаў вярбы. Вырашыла паспрабаваць сплесці падобны выраб. Вочы баяліся, а рукі рабілі. Але мне здаецца, што ў людзей, якія выраслі ў вёсцы, якія бачылі, як іх продкі самі плятуць кошыкі, гэта ўжо на інтуітыўным узроўні. У выніку загарэлася.
І гэты агонь гарыць i цяпер, настолькі Алена прыкіпела душой да новага захаплення. Спачатку пляла толькі для сябе. Як гаворыцца, набiвала руку. Потым вырашыла, што прыгожыя вырабы павінны бачыць і іншыя людзі. Па словах майстра, галоўныя вартасці плеценых вырабаў – экалагічнасць і трываласць. А яшчэ колер: лаза ў вырабе мае ўласцівасць на працягу трох гадоў набываць бурае адценне. Пры асцярожным абыходжанні вырабы не губляюць сваіх уласцівасцей доўгія гады.
За любімым заняткам жыхарка невялiчкай вёсачкi можа праседжваць цэлымі вечарамі. Калі нешта запала ў душу або з’явіліся новыя ідэі, то ад увасаблення сваіх задум ужо не адыходзіць. Гадзіна-паўтары – і вось ужо на стале цешыць вока новы выраб, які не ідзе ні ў якое параўнанне з гатовымі кошыкамі, што прадаюцца ў краме.
– Нарыхтоўку сыравіны пачынаю з восені, – кажа майстрыха, – а затым цэлую зіму раблю кошыкi, каб ужо да светлага свята Вялікадня ў мяне іх было не адзін і не два дзясяткі, а куды больш.
Алена Войсят сцвярджае: яе незвычайнае захапленне толькі на першы погляд здаецца нескладаным заняткам. На справе гэта карпатлівая і няпростая праца. Рукі стамляюцца. Але затое колькі задавальнення могуць прынесці плеценыя кошык, ваза, хлебніца, вулічнае кашпо. Лаза дзіўным чынам здольная ўпрыгожыць і ажывіць любы інтэр'ер.
– Ніколі не думала, што любімы занятак можа дастаўляць такую радасць, – кажа Алена Генрыхаўна. – Але яшчэ большае шчасце – гэта магчымасць дарыць людзям цяпло сваёй душы. Як і многія рамеснікі, я шавец без ботаў. Толькі спляту вазачку або паднос, падстаўку для кветак, глядзіш – ужо і след іх прастыў. Проста ў дом прыйшлі госці, сябры, блізкія людзі. Але гэта мне дастаўляе вялікае задавальненне. Цяпер я ведаю, што мае вырабы будуць радаваць іншых людзей. I гэта цудоўна.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.







