У конкурсах патрабаваўся добры апетыт. Паглядзiце, як у Лiдзе святкавалi Масленіцу

01 Марта 2020 3097
Дзень выдаўся хоць i пахмурны, але блiжэй да абеду выглянула сонейка. І гэтая акалічнасць яшчэ больш падымала настрой жыхароў горада, якія прыйшлі да сцен Лідскага замка.

Менавіта тут у дванаццаць гадзін дня пачалося маляўнічае тэатралізаванае дзейства – народныя гулянні, прысвечаныя Масленіцы. І хоць сапраўднага марозіка і снегу мы так і не дачакаліся, праводзіны самай цёплай зімы за апошнія дзесяцігоддзі абяцалі стаць запамінальнымі.

Разгуляцца па-сапраўднаму народу дазваляла многае: і рамесныя шэрагі, а таксама выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія, нібы па загадзе чароўнай палачкі, сталі ля сцен замка. Каб раскласці вырабы ручной працы, умельцам спатрэбілася нямала часу. Але што дзіўна! Роўна столькі яго потым спатрэбілася і нам, непасрэдным удзельнікам свята, каб уважліва разгледзець усю разнастайнасць унікальных прадметаў, а затым зрабіць нялёгкі выбар на карысць найбольш упадабанай рэчы.

Што за Масленіца без круглых, румяных, з самымі рознымі начыннямі, з полымя з жару бліноў, якія так і прасіліся ў рот. Па традыцыі, ганаровае месца на свяце, якое адзначалі яшчэ нашы продкі, было аддадзена менавіта гэтай страве. Пакаштаваць традыцыйны атрыбут зімовых гулянняў жадалі як дарослыя, так і самыя маленькія жыхары нашага горада.

– Бліны люблю з дзяцінства, – прызналася карэспандэнту «Лідскай газеты» мясцовая жыхарка Алена Мядзецкая. – Мне іх калісьці пякла ў печы мая бабуля Зінаіда Іосіфаўна Рында з вёскі Агароднікі. Памятаю, як таксама дзецьмі святкавалі Масленіцу. Толькі ў вёсцы яна адрознівалася тым, што ўсе людзі спявалі песні. Ды яшчэ як галасіста!

З задавальненнем удзельнічалі жыхары горада ў розных конкурсах і спаборніцтвах, якія выклікалі неверагодны ажыятаж. Праўда забраць запаветны прыз мелі магчымасць толькі самыя спрытныя і ўдачлівыя ўдзельнікі.

Пакуль адны спрабавалі свае сілы, іншыя дарылі гучныя апладысменты гасцям горада – арт-групе «Смаката» з горада Мінску. Сапраўднае прадстаўленне імправізаванай сцэне зладзілі народны тэатр «Ракурс» i народны ансамбль песні і танца «Лідчанка» Палаца культуры горада Ліды, народны вакальны ансамбль «Крэсавяцы», народны ансамбль народнай музыкі «Гудскі гармонік», студыя танца ZAYCEVDANCE, вакальная група народнага хору «Скарбніца», лепшыя творчыя калектывы Лідскага раёна. У выкананні артыстаў гучалі як старыя, так і сучасныя песні. Дзеці вадзілі карагоды, спявалі песні, выконвалі прыпеўкі. Арганізатары свята, а імі выступілі аддзел культуры райвыканкамі і Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, зрабілі ўсё, каб яно атрымаляся цікавым i вясёлым. Напрыканцы, як і патрабуе традыцыя, спалілі пудзіла зімы. Цяпер вясна абавязкова завітае ў горад, парадаваўшы сваім яркім сонцам і цяплом.



































Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться