Дажыначны дзед з ЖК-экранам, багач і трохмятровы бусел… Чым яшчэ на свяце здзіўляла лідскае падвор’е?

23 Ноября 2019 1982

У рамках абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2019” лідскае падвор’е і запрашала, і здзіўляла, і частавала кожнага жадаючага смачнымі стравамі беларускай кухні. Ужо на падыходзе, ля варот з трохмятровым буслам, гасцей сустракалі народны ансамбль бытавых інструментаў “Каханачка” з полькай-весялухай і гаспадары з сімвалічным багачом.

– Калісьці нашы продкі святкавалі дажынкі, праводзячы абрад ушанавання ўраджаю “Багач”, – заўважыла карэспандэнту “Лідскай газеты” вядучы метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнавй культуры Ганна Некраш. – З багачом у руках, з песнямі і жартамі яны абыходзілі ўсю вёску, пакідаючы багач самаму лепшаму гаспадару да наступнага ўраджаю. Згодна з павер’ем, ён забяспечвае ніву добрым ураджаем і прыносііць у хату дастатак і шчасце. Сёння мы ўручым багач ганаровым гасцям нашага падворка, каб у наступным годзе палеткі Гродзеншчыны далі яшчэ большы ўраджай.

“Фішка” лідскага падворку была ў тым, што кожны жадаючы мог адчуць сябе сапраўдным селянінам, сеўшы за жорны нашых бабуль. “Круці жорны пільна – і тут будзе Вільна”, – падбадзёрвалі артысты, заўважыўшы, што найсмачнейшы хлеб -- ад сваёй працы. “Нацёршы мазалі”, госці маглі зайсці ў імправізаваную хатку, здзівіцца колькасці прыгатаваных гаспадынькамі беларускіх нацыянальных страў, паспрабаваць іх, а таксама пабачыць выстаўку прадукцыі такіх вядомых нашых прадпрыемстваў, як “Лідскія харчовыя канцэнтраты”, Лідскі хлебазавод, “Лідахлебапрадукт”, “Лідскае піва”, Лідскі малочна-кансервавы камбінат. Немагчыма было прайсці і каля дажыначнага дзеда з ЖК-экранам, на якім трансліраваліся прэзентацыйныя відэаролікі прадпрыемстваў раёна. Не дзед, а рэжысёр. Ну і як не паспрабаваць журавіны! Гонарам Лідчыны з’яўляецца біялагічны заказнік “Дакудаўскі”, які мае рэспубліканскае значэнне. Акрамя торфу, на балотах здабываюць гэтыя цудоўныя ягады. Кіслыя, але такія карысныя!

Сказаць, што я была здзіўлена, -- не сказаць нічога! На невялічкім падворку гісторыя раёна і вясковы каларыт спляліся ў адзінае цэлае. Прадметы побыту нашых бабуль, у самым цэнтры “хаты” – стол з разнастайнымі прысмакамі... Адным словам, заходзь, глядзі, дэгустуй. Падсілкаваўся – і ў скокі.

А як тут не пець і не танцаваць, калі настрой ствараюць такія таленавітыя музычныя калектывы і артысты. Канцэртна-забаўляльную праграму для наведвальнікаў лідскага падворка падрыхтавалі народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік”, народны ансамбль бытавых інструментаў “Каханачка”, салісты Аляксандр і Інэса Парфенчыкі.






















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться