Запрашаюцца ўсе ахвотныя, няма ніякіх абмежаванняў. У Лідскім замку пройдзе лучны турнір «Стары кастэль»

24 Июля 2019 1275
Хочаце пастраляць з лука? Ці вы ўжо бывалы стралок і хочаце бліснуць сваімі ўменнямі? Ці, можа, вы хочаце паглядзець на тое, як страляюць іншыя? У любым выпадку ў вас ёсць магчымасць з карысцю і задавальненнем правесці апошнія выхадныя ліпеня: пры падтрымцы грамадскага аб'яднання «Беларуская федэрацыя стральбы з лука» ў Лідскім замку пройдзе лучны турнір «Стары кастэль». Запрашаюцца ўсе ахвотныя, няма ніякіх абмежаванняў ні па поле, ні па ўзросце.

А каб падагрэць цікавасць да падзеі, журналіст «Лідскай газеты» пагутарыў з адным з арганізатараў лучнага турніру – дырэктарам «Archery Club» Алегам Лаўрэнцьевым. Ён расказаў, у чым асаблівасць імпрэзы, як будзе праходзіць турнір і чаму на яго павінны прыйсці гараджане. 

– Лучных турніраў у рамках розных сярэднявечных фестываляў досыць шмат, – адказваючы на пытанне, чаму месцам падзеі выбрана Ліда, сказаў Алег Лаўрэнцьеў. – Але дагэтуль у свеце не праводзіцца ніводнага лучнага турніру з іскрынкай сярэднявечнага антуражу. Мы вырашылі гэта выправіць – скарыстацца архітэктурным фондам нашай краіны, каб стварыць унікальны праект не толькі для Беларусі, але і для Еўропы і ўсяго свету ў цэлым, паспрабаваць арганізаваць паўнавартасны лучны турнір у сценах менавіта сярэднявечнага замка. Выбар упаў на Лідскі. Ён вельмі падыходзіць для лучнага турніру па часе сваёй пабудовы і сваім прызначэнні. Адсюль, дарэчы, і назва імпрэзы – «Стары кастэль». Паспяхова правялі перамовы з адміністрацыяй Лідскага гістарычна-мастацкага музея, і вось у бліжэйшыя выхадныя пройдзе першы турнір. 

– Чым усё-такі «Стары кастэль» будзе прынцыпова адрознівацца ад іншых турніраў?

– Па-першае, месцам правядзення. Як я ўжо казаў, гэта будзе адзіны лучны турнір у Беларусі, які праходзіць на тэрыторыі замка 14 стагоддзя. 

Па-другое, гэта будзе не проста турнір у рамках фестывалю ці свята, а менавіта турнір лучнікаў з мноствам конкурсаў, якія ўключаны ў міжнародныя дысцыпліны федэрацый стральбы з лука. У дадатак пройдуць конкурсы, распрацаваныя спецыяльна для Лідскага замка. 

Па-трэцяе, на турніры «Стары кастэль» няма абавязковых патрабаванняў да адзення, хаця мы будзем вітаць гістарычныя і нацыянальныя касцюмы нашых удзельнікаў. Любы чалавек можа прыняць удзел у турніры. 

– Алег, летась «Archeru Club» ужо арганізоўваў турнір у Лідскім замку. Раскажыце крыху пра тое, што было і што новага будзе сёлета.

– Сапраўды, летась была свайго роду «проба стралы». На працягу аднаго дня лучнікі спаборнічалі ў трох дысцыплінах. Гэта былі стральба па 3D-мішэнях (афіцыйная дысцыпліна віду спорту «Стральба з лука»), стральба па спартовых мішэнях, або таргет, якая імітавала варожае нашэсце, і стральба на хуткасць і трапнасць – прыкладная стральба з лука, якая ўнікальная для Беларусі і якую Беларуская федэрацыя стральбы з лука плануе прасоўваць. 

Летась таксама было некалькі дывізіёнаў: ад самых простых сярэднявечных лукаў до суперсучасных – блокавых. Турнір сабраў каля 20 лучнікаў рознага ўзросту (ад 16 гадоў і старэй) з трох краін: Беларусі, Расіі, Кітая. 

Сёлета мы чакаем ад 30 да 50 стралкоў. Спадзяёмся, геаграфія ўдзельнікаў таксама будзе пашырана. Праграма прадугледжвае двухдзённы турнір. Прынцыповае адрозненне цяперашняга турніру ад леташняга таксама ў тым, што мы плануем не толькі страляць. Напрыклад, будзе працаваць выстава-продаж абсталявання для стральбы з лука. Пройдуць майстар-класы па стральбе з лука, кіданні нажоў і сучасным гістарычным фехтаванні. Будуць працаваць стралковыя ціры, будзе арганізавана гульнявая пляцоўка лукавых баёў, дзе каманды змогуць паспаборнічаць не толькі ў трапнасці, але і ў спрыце. Адна з галоўных задач турніру «Стары кастэль» – паказаць, што стральба з лука даступная кожнаму, што правесці свой вольны час можна цікава і з карысцю.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться