Весяліліся ўсе! У Лідскім замку адбыўся «Калядны фэст»

13 Января 2019 1913
Стаць удзельнікамі насычанага тэатралізавана-абрадавага дзеяння, атрымаць зарад добрага настрою і пазітыву, пачаставацца прысмакамі сёння жыхары горада мелі магчымасць ў Лідскім замку.

Сярод магутных мураваных сцен работнікі культуры наладзілі сапраўднае свята – «Калядны фэст» – з музыкай, спевамі, зімовымі забавамі. Як кажуць, весяліліся ўсе. Выхадны дзень, «прыпраўлены» гэтым цікавым мерапрыемствам, стаў выдатнай магчымасцю адпачыць ад працы і хатніх клопатаў.

Народнае свята сабрала і дарослых, і маленькіх жыхароў нашага горада. У замак лідчане прыходзілі сем’ямі і ў першую чаргу рабілі сэлфі каля навагодняй ёлкі, упрыгожанай вялікімі рознакаляровымі шарамі і цацкамі. А потым разглядалі выставу-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, куплялі сувеніры на памяць. Іх, дарэчы, было шмат і на любы густ.

– Навагоднія ўрачыстасці скончыліся, сын і дачушка пайшлі ў школу, мы, дарослыя, зноў акунуліся ў працоўныя будні, але так хочацца, каб зімовая казка доўжылася яшчэ і яшчэ, – заўважыла жыхарка нашага горада Наталля Смаляк. – Таму ўсёй сям’ёй тут, у замку. Вельмі падабаецца свята Каляды, таму што менавіта яно нагадвае аб дзяцінстве. Мая бабуля жыла ў вёсцы Збляны Лідскага раёна, і ўвесь вольны час мы, унукі, бавілі ў яе. Кожны дзень частаваліся аладкамі, сунічным варэннем, мочанымі яблыкамі і, канешне, гулялі на свежым паветры. Але асабліва часта прыязджалі ў зімовыя святкі, якія пачыналіся ад поснай куцці і працягваліся амаль да  канца студзеня. Вельмі любілі калядаваць. З песнямі і віншаваннямі (а ім навучыла бабуля) абыходзілі ў вёсцы ўсе двары. За гэта нам давалі цукеркі і вельмі смачныя булкі. Памятаю, як дарослыя спявалі пад гармонік, танчылі. Было вельмі весела.

Пакуль размаўлялі з Наталляй, «Калядны фэст» запрасіў да імправізаванай пляцоўкі – сялянскай хаты, дзе з’явіліся гаспадар, хлопчык Пятрок, дзяўчынка Аленка, а потым і Зюзя –  бог зімы. Перш-наперш беларускі Дзед Мароз стаў пужаць, што падрумяніць шчокі.

– Ён жыве ў лесе, але бывае ў вёсках і нават у нашым горадзе, – на маё пытанне, хто гэта такі, сур’ёзна заўважыў хлопчык Цімур Міхалевіч. – Зюзя сваёй булавой б’е па чароўным пні, і тады пачынаюцца траскучыя маразы. Але апошнім часам ён падабрэў. Бачыце, яны зусім адступілі.

На сцэну выходзілі калядоўшчыкі, народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў філіяла «Бердаўскі цэнтр культуры і вольнага часу», завіталі на свята ўдзельнікі народнага ансамбля польскай песні «Крэсавяцы» ДУ «Палац культуры г. Ліды». Пакуль адны гледачы слухалі звонкія песні, другія госці мелі магчымасць стаць удзельнікамі зімовых забаў, цікавых конкурсаў і вясёлых эстафет. Дзеці вадзілі калядны карагод вакол прыгажуні ёлкі і з такім жа задавальненнем глядзелі п’есу «Цар Ірад» лялечнага тэтра «Батлейка». Своеасаблівым сюрпрызам «на закуску, які падарыў яшчэ больш добрага настрою, стала арт-прастора «Калядная» з удзелам творчых калектываў Лідскага раёна.

– «Калядны фэст у Лідскім замку» ўжо стаў брэндавым мерапрыемствам для горада, якое дапамагае звярнуцца да нашых традыцый, зазірнуць у мінулае, – адзначыла галоўны спецыяліст аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Вайцюкевіч. – Менавіта за гэта яно прыйшлося даспадобы жыхарам і гасцям горада. А сёлета яго фармат яшчэ больш пашырыўся. Удзел у свяце выказалі жаданне прыняць многія сельскія ўстановы культуры і іх калектывы. Мерапрыемства прайшло на ўра. Людзі весяліліся на славу, а галоўнае – жадалі адзін аднаму здароўя і шчасця на ўвесь год. Ну а хто, стаміўшыся ўдзельнічаць у насычанай праграме, хацеў падсілкавацца – мог завітаць у кафэ і выбраць прысмакі на любы густ, адведаць гарачай гарбаты.

І гэта яшчэ не ўсё. Цыкл мерапрыемстваў у замку ў гэты дзень прадоўжыла не менш насычаная святочная праграма «Замак-фэст, або Цуды на стары Новы год».




































Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться