«Гады выпрабаванняў, надзей і дасягненняў». У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адкрылася выстава, прысвечаная 100-годдзю з дня заснавання БССР

05 Января 2019 1144
У народзе кажуць, што чалавек, які не ведае свайго мінулага, не мае будучага. Толькі дрэва з моцнымі каранямі можа і будзе жыць доўга. Гісторыя – гэта і ёсць нашы карані.

Перш чым перайсці да дыялогу, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея і куратар выставы Наталля Валынец азнаёміла прысутных з цікавымі старонкамі гісторыі нашай краіны і нашага рэгіёна. Мультымедыйная прэзентацыя распавяла нямала фактаў аб першым і другім абвяшчэннях ССРБ, уз’яднанні Заходняй і Усходняй Беларусі, Вялікай Айчыннай вайне і адбудове Ліды ў мірны час. На старых фотаздымках прысутныя пазналі былыя будынкі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў культуры, крам (сёння яны маюць іншы выгляд – абноўлены, сучасны). Якая б галіна народнай гаспадаркі ні называлася, яе развіццё немагчыма ўявіць без ініцыятыўных і адказных працаўнікоў. І яны прысутнічалі ў зале.

Сапраўды, Лідчына ва ўсе часы славілася працавітымі людзьмі. Заслужаныя прадстаўнікі народнай гаспадаркі, адукацыі, культуры дзяліліся ўспамінамі, расказвалі, што паўплывала на выбар будучай прафесіі, а потым і на кар’ерны рост у ёй. Так, дванаццаць рацыяналізатарскіх прапаноў унёс Іван Жук. Усе яны былі рэалізаваныя ў Лідскім лясгасе. Акрамя гэтага, пад кіраўніцтвам Івана Валяр’янавіча была пасаджана больш за 1400 га лясных культур. З 1969 па 2004 гады працаваў дырэктарам СШ №8 Валянцін Фёдаравіч Казак. Творчы падыход, самадысцыпліна, пошук, як лічыць ён, вызначаюць дзейнасць настаўніка і сёння. Але самае важнае ў прафесіі – любоў да вучняў.

Дзяліліся ўспамінамі таксама заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Альфрэд Антонавіч Ладыка, іншыя госці. Перад прысутнымі выступілі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк, якія выказалі словы пажаданняў з нагоды 100-годдзя з дня заснавання БССР.

У нашай вобласці склалася добрая традыцыя – ушаноўваць людзей, чые талент і энергія служаць умацаванню эканамічнага патэнцыялу рэгіёна, якія ўносяць сваю лепту ў фарміраванне іміджу раёна, ствараюць духоўныя каштоўнасці. Ганаровым гасцям мерапрыемства была ўручана кніга «Гродзеншчына ў асобах», а потым наведвальнікі музея мелі магчымасць азнаёміцца з экспазіцыяй выставы «Гады выпрабаванняў, надзей і дасягненняў», убачыць дакументы, фатаграфіі, плакаты, прадукцыю лідскіх прадпрыемстваў.























Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться