«Тарноўскі цуд», або З прэтэнзіяй на яблычную сталіцу Лідчыны

22 Октября 2018 3474

На яблычны фэст “Тарноўскі цуд” ў мясцовы Дом культуры ішлі і ішлі людзі, нават з іншых вёсак, іншых сельсаветаў ехалі... Месцаў у фае не хапала, дастаўляліся лавы – яблыку не было дзе ўпасці! На самой справе яблыкі тут былі паўсюль: у кошыках, на сталах, на паліцах, на сцэне, у бутафорскіх кампазіцыях і на банерах – фэст жа яблычны!.. І першая думка – быць, напэўна быць Тарнову яблычнай сталіцай Лідчыны!

Не верыце?.. Мяркуйце самі: у Тарнове расце адзін з найвялікшых садоў, дарэчы, сад, які сёлета ўвайшоў у тройку самых ураджайных на Гродзеншчыне. Тут жывуць прафесійныя садаводы. Нарэшце, брэндавым святам тут афіцыйна з’яўляецца яблычны фэст. І яшчэ: толькі тут, у Тарнове, 21 кастрычніка святкуюць Дзень яблыка. Адным словам, калі пра Беларусь кажуць: край бульбашоў, то Тарнова, адназначна, яблычны край.

Галіны яблынь сёлета гнуліся ад яблыкаў, і ўчора ў Тарнове ўсё было ў гонар яго вялікасці яблыка. І песні аб ім спявалі (маўляў, “і на Марсе будуць яблыні цвісці”),  і ўзвышаныя словы прысвячалі, і ў гульні з ім гулялі. І вядома, стравы гатавалі. Здавалася б, ну што з таго яблыка можна прыгатаваць?.. Калі і вы так думаеце, то памыляецеся. Як Тося Кісліцына з кінафільма “Дзяўчаты” перелічвала стравы з бульбы, так загадчыца Тарноўскага Дома культуры Святалана Антонік - з яблыкаў: варэнне, кампот, яблыкі печаныя, мочаныя, яблычны пудзінг, яблычны сок, шарлотка, мус і пірог... А пацвердзілі гэта тарноўскія і мажэйкаўскія гаспадыні, якія прыгатавалі і частавалі стравамі з яблыкаў ўсіх.

Гатаваць у Тарнове ёсць з чаго. Адных гатункаў яблыкаў у тарноўскім садзе на пальцах не пералічыць. Кісла-салодкі “Айдарад”, зімова-стойкае “Вербнае”, сакавіты “Глостар”, бардова-пурпурны, храбусткі і сакавіты “Імант”, салодка-церпкі велікан “Джонаголд”, ружова-жоўты “Імбрус” і інш. Не па чутках ведаюць аб іх госці фэста. Сярод іх, вядома, большасць – садаводы. Але і не толькі: многія жыхары Тарнова ў сезон выходзяць ім на дапамогу. Загадчыца Тарноўскай бібліятэкі Таццяна Ашмяна, што падрыхтавала да фэсту тэматычную выставу літаратуры пра яблыкі, іх гатункі, догляд, таксама лічыць сябе крыху садаводам. На прысядзібным участку ў яе растуць яблыні, яна ведае ўсё пра догляд за дрэвамі, а штогод у верасні бярэ на рабоце водпуск і ідзе дапамагаць у сад.

Але – вернемся на фэст, які павольна, нібыта яблык, перакаціўся ў канцэртую залу, на праграму-ушанаванне садаводаў. Працаўнікоў сада вітаў выконваючы абавязкі дырэктара ЛРСУП “Мажэйкава” Міхаіл Клімовіч. “Свята ўдвайне прыемней, калі работа дае вынік і усё складваецца найлепшым чынам. У тарноўскіх садаводаў сёлета менавіта так: яны сабралі багаты ўраджай яблыкаў – 2460 тон. Валавы сбор у два разы перавысіў леташні! – адзначаў Міхаіл Міхайлавіч. – Вядома, каб сабраць такі ўраджай, садаводы прыклалі шмат намаганняў. На дапамогу ім ва ўборцы прыйшло шмат людзей. Вялікі дзякуй за дапамогу ў арганізацыі работы старшыні Лідскага райвыканкама Міхаілу Карповічу і яго намеснікам, а таксама супрацоўнікам аддзелаў і ўпраўленняў, якія на добраахвотнай аснове прыязджалі і дапамагалі ва ўборцы яблыкаў”.

 Асаблівыя словы падзякі гучалі, вядома ж, у адрас працаўнікоў саду, хто круглы год даглядаў яго і зараз працуе, рыхтуе сад да зімоўкі, а прадукцыю да рэалізацыі. Праца некаторых садаводаў была адзначана кіраўніцтвам ЛРСУП “Мажэйкава” каштоўнымі падарункамі. Сярод іх начальнік саду Дзмітрый Кажура, садаводы Алена Юрша і Алена Банцэвіч. Увогуле ж кожны працаўнік саду падчас фэсту атрымаў сваю хвіліну славы. Варта аддаць належнае арганізатарам свята: Тарноўскаму Дому культуры і асабіста загадчыцы Святлане Антонік, якая сваім паэтычным талентам у вершах уславіла працу кожнага. Пачала з заснавальніка саду, былога дырэктара гаспадаркі Казіміра Рахаткі: “Тонкий ум, стальная хватка, мудрость, опыт, знаний клад, Казимира Владиславовича Рахатко каждый в зале видеть рад!” Далей – пра начальніка саду: “Кто начальник яблоневого сада? Кто брутален, энергичен и умен? И о ком сказать сегодня надо, что за план болеет сильно он?! Романтичная при всем натура, вы узнали Дмитрия Кажуро?” Ці вось яшчэ – пра брыгадзіра: “Наталья Хартанович – бригадир, Мичурин для нее – кумир! С любовью и заботой наблюдает, как яблони цветут, произрастают!..” І так – пра кожнага. У гонар іх выконваліся песні. У зале накаляліся тэмпература далоняў ад апладысментаў і градус настрою. Свята садаводаў атрымался, а фэст развітваўся не далей чым да наступнай восені.

 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться