«І кошыкі плялі, і байкі вялі». У Ёдках ладзілі свята кошыка

27 Августа 2018 3473

Вось ужо дугі год запар напрыканцы лета, калі прырода адорвае ўраджаем, у аграградку Ёдкі адбываецца свята, прысвечанае бадай самаму незамянімаму прадмету побыту ў гэты час, кошыку.

 “Кошык плесці, не байкі весці” – называецца свята. Якіх толькі кошыкаў сёлета тут не было: лазовыя, у тым ліку з варанай лазы, з упаковачнай ленты, шпагату, газеты, паперы… Прыгожыя, зручныя і неабходныя ў кожным доме… З імі сёння добра ісці і па яблыкі ў сад, і па слівы, і бульбу капаць, і проста кветкі ў лузе збіраць.

Ганаровае месца ў цэнтры падзеі, на пляцоўцы ля Траццякоўскага сельскага  Савета, займалі майстры пляцення, якія тут жа плялі кошыкі і былі гатовы расказаць, паказаць, навучыць, або проста прадаць ці падараваць свой кошык. Другі год прымаюць удзел у свяце кошыка майстры Алена Войсят з Наркунаў Крупаўскага сельсавета, якая асвоіла тэхніку пляцення кошыкаў з варанай лазы, і Канстанцін Дзербук з Панямонцаў Беліцкага сельсавета, чалавек з залатымі рукамі, які пляце не толькі ладныя лазовыя кошыкі, але робіць усё: лодкі, лыжкі, бочкі… Было радасна ад таго, што кола майстроў сёлета пашырылася. Упершыню на свята прыехаў 88-гадовы Міхаіл Кельнік з хутара Збляны, які пляце кошыкі з розных матэрыялаў, а найчасцей – з упаковачнай ленты, і аплятае бутылі шпагатам. Удвайне радасна, што на ёдкаўскай зямлі з’явіўся свой майстар пляцення. Праўда, не кошыкаў, а карзін – з паперы. Але – пляцення віртуознага. Гэта Аксана Каратай, што жыве ў суседняй з Ёдкамі вёсцы Навіцкія-2.

Яго вялікасці кошыку прысвячалі вершы, пра яго жаратвалі, яго прыбіралі, з ім гулялі… Абавязковым атрыбутам свята стаў кошык-самабранка, напоўнены самым смачным вясковым пачастункам: хлебам з салам і агурком, якімі вядучыя частавалі прысутных.

Было тут і ўсё для таго, каб свята адчувалася сапраўдным святам. Добры настрой, які быў гарантаваны ўжо таму, што выступалі перад гледчамі не толькі гаспадары, супрацоўнікі і самадзейныя артысты Ёдкаўскага Дома кульуры, але лепшыя артысты з усяго раёна: Бердаўскага і Мінойтаўскага культурна-дасугавых цэнтраў, Гудскага цэнтра творчасці і дасуга. Калі ногі пайшлі ў пляс, гледачоў запрасілі на побытавыя танцы: згуляць кракавяк, падыспань і нарэчаньку.

Паколькі свята прысвячалася кошыку, а значыць майстэрству рук, то разгарнуўся шэраг выставачных экспазіцый, дзе было прадстаўлена ўсё, на што здольныя чалавечыя рукі: сувеніры, упрыгажэнні, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і нават асобная выстава-продаж “Ёдкаўскія прысмкі” ад мясцовай гаспадыні Святланы Янцэвіч. Узяла ўдзел у свяце і Ёдкаўская інтэгрыраваная бібліятэка, якая аформіла куток літаратуры, прысвечанай Году малой радзімы. Працавала шмат забаўкаў для дзяцей: батуты і тыр, латарэя “Чароўны кошык” і аквагрым.

Гледачы, сярод якіх былі не толькі жыхары Ёдак, але і госці з Ліды, удзельнікі аб’яднання “Актыўнае даўгалецце”, не шкадавалі далоняў для апладысментаў і не хавалі радасных уражанняў. А героі свята, майстры пляцення Алена Войсят, Канстанцін Дзербук, Міхаіл Кельнік, Аксана Каратай, а таксама гаспадыня Святлана Янцэвіч, якая пакарыла сваім кулінарным майстэрствам, атрымалі дыпломы ўдзельнікаў свята і падарункі. На прыгожай ноце свята кошыка завяршала свой чарговы выхад у свет. Яно пакінула шмат уражанняў і думку: калі так пойдзе і надалей, магчыма, Ёдкі стануць сталіцай кошыка, а свята – фестывалем.




































Текст: Вольга Яхантава.Вольга Яхантава.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться