Вуліца Каменская (зараз Ленінская): якой яна была? (фота)
Адна з самых старажытных вуліц горада звалася Каменскай (зараз – Ленінская). Каменская атрымала сваю назву ад прытока Лідзеі – Каменкі, гэты прыток перасякаў вуліцу, рэчка мела балоцістыя берагі з заліўнымі лугамі. Гараджане называлі вуліцу і рэчку аднолькава – Каменка. Вуліца пачыналася з цэнтра горада, ад перакрыжавання з Віленскай, і выходзіла на дарогу ў м. Васілішкі і Астрыну.
Жыхар Ліды Януш Сегень так апісаў гэту вуліцу: “Другая вуліца, якая ідзе на захад, – “Каменка”, таксама досыць вялікая і густа забудаваная. Павятовая школа была пры вуліцы Каменскай у доме пана Рудніцкага. Была таксама і турма пры той жа вуліцы Каменскай. Толькі далей на захад, амаль на канцы горада – будынак дзяржаўны, існуе і зараз... Ні адна вуліца, акрамя Віленскай і часткі Каменскай, не была брукаванай…”
Павятовая турма знаходзілася ў канцы вуліцы Каменскай, на Гарадзенскім тракце, зараз тут друкарня.
У 1901 г. па вуліцы Каменскай была адчынена жаночая пачатковая школа М. К. Навіцкай. Потым гэта школа стала прагімназіяй і да 1918 г. існавала як прыватная гімназія з правамі дзяржаўнай.
На гэтай вуліцы (прыкладна на месцы сучаснага кінатэатра “Юбілейны”) быў гарадскі парк. Сюды людзі прыходзілі на адпачынак, тут, у летнім тэатры, праходзілі гастролі тэатральных труп і вандроўных цыркаў са звярынцам і каруселямі, якія звычайна круцілі ўручную тыя, хто жадаў пакатацца бясплатна.
У маі 1908 г. невядомы жыхар горада пісаў у газеце “Кур’ер Літоўскі”: “У суботу 10 мая ў гарадскім тэатры прайшло прадстаўленне тэатральнай трупы Арлоўскага. Гараджане задаволеныя тым, што ў горадзе гастралюе тэатр... Сярод гледачоў, акрамя суддзі (рускага), двух землеўладальнікаў, лекара і аптэкара, у асноўным былі небагатыя людзі. Яўрэі дэманстратыўна шпацыравалі па парку каля тэатра, не рызыкуючы, за выключэннем 2–3 старазаконных, купіць квіток. Зал быў запоўнены не больш чым на траціну... Такую абыякавасць з боку лідзян да мастацтва і тэатру можна растлумачыць толькі адсутнасцю або прытупленнем усялякіх вышэйшых інспірацый духу...”
А падчас мабілізацыі напачатку Першай сусветнай вайны, як успамінаў лідскі краязнаўца М. Шымялевіч, “рэгістрацыя і агляды прызваных у войска адбываліся ў гарадскім парку, які знаходзіўся каля вуліцы Каменскай (у 1920-30-я гады – вуліца 3-га Мая, каля Народнага банка), у парку раслі цяністыя стогадовыя вольхі. Тут з дошак была збудаваная дужая пабудова з лаўкамі, каб сядзець пад адкрытым небам, яна называлася летнім тэатрам, сюды прыязджаў на гастролі вандроўны цырк, у парку народ адпачываў, праводзіліся народныя забавы, былі каруселі і г. д.”.
У 1921 г. вуліцу назвалі вуліцай 3-га Мая (у гэты дзень у 1791 г. была прынята канстытуцыя Рэчы Паспалітай).
У 1920-я на скрыжаванні вуліц Сувальскай і 3-га Мая паставілі макет авіяцыйнай бомбы вышынёю больш за 2 м, гэтая бомба рэкламавала Лігу супрацьпаветранай і супрацьгазавай абароны. Па іншай версіі, гэта была бомба, якая не разарвалася, яе скінуў на горад нямецкі дырыжабль-цэпелін.
Забрукаваная вуліца цягнулася ад цэнтра горада да мастка на Каменцы, а потым даходзіла да чыгуначнага пераезда. Дамы, якія стаялі бліжэй да цэнтра, былі пераважна аднапавярховымі камяніцамі, у якіх месціліся розныя крамы. Чым далей ад цэнтра, тым меней было мураваных дамоў, пачыналіся драўляныя дамы з кветнікамі перад фасадам і гародамі з садамі з іншага боку.
Па вуліцы 3-Мая не было культавых устаноў і прамысловых прадпрыемстваў, былі толькі невялічкія фірмы рамеснікаў. У мураваным двухпавярховым будынку былой гімназіі Навіцкай да 1932 г. размяшчалася дзяржаўная гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча.
На сучасным перакрыжаванні вуліцы Ленінскай і праспекта Перамогі да вуліцы 3-га Мая з поўдня падыходзіла вуліца Перацкага, а на поўнач адыходзіла вуліца Фалькоўскага. Каля перакрыжавання з аднаго боку былі пякарня і цукерня “Памаранка”, а з другога, ля абочыны, знаходзілася бензінавая заправачная станцыя “Мабіл Ойл”. На гэтым жа скрыжаванні (сучасных праспекта Перамогі і вуліцы Ленінскай) да канца 1960-х гадоў стаяў дыхтоўны драўляны двухпавярховы дом, у якім месцілася гарадская ашчадная каса. Да 1939 г. у будынку быў Лідскі аддзел “Народнага супольнага банка”. Газета “Лідская зямля” ў 1936 г. пісала: “З атрыманага прыбытку было вырашана стварыць адмысловы фонд для пабудовы ўласнай нерухомасці. У 1926 г. агульны сход (акцыянераў – заўвага аўт.) ухваліў рашэнне адлічваць для будоўлі 6% прыбытку. У тым жа годзе ў Магістраце горада Ліды, пры збегу вуліц 3-га Мая і Перацкага, быў набыты пляц. У 1928 г. закладзены фундамент, а ў 1933-34 гг. пабудаваны дом, у якім на першым паверсе месціліся бюро банка і кватэры для персаналу, а на другім – Сельскагаспадарчае таварыства з секцыямі, Таварыства фабрыкантаў коней, Бюро фінансавых спраў Сельскагаспадарчай суполкі, Праўленне справамі крэдытавання малой сельскай гаспадаркі, Павятовы аддзел саюза асаднікаў і Лідскі аддзел саюза пажарнай варты”. Я добра памятаю, як яшчэ дзіцём наведваў гэты будынак разам з маці.
Вуліца 3-га Мая заканчвалася каля чыгуначнага пераезда. Тут улева адыходзіла вуліца Каляёвая (зараз – Труханава). За чыгункай вуліца 3-га Мая працягвалася вуліцай Пяскі (зараз – Камуністычная).
Пісьменнік Ежы Путрамант пісаў у мемуарах пра вуліцу 3-га Мая: “У цэнтры ... да галоўнай вуліцы Сувальскай пад прамым вуглом далучалася другая – Трэцяга Мая. Вяла яна міма што раз меншых домікаў да паўвёскі, якая называлася Слабодка. Адтуль стары тракт, засаджаны старымі бярозамі яшчэ, бадай, пры Кацярыне, ішоў праз Скідзель на Гародню”.
1 – вуліца Каменская. Месца здымання – каля сучаснай бібліятэкі, наперадзе перакрыжаванне з вуліцай Віленскай (Савецкай), пачатак XX ст.
2 – Каменская, злева – «Заезжий дом, Р. Лазовский». Кропка здымання – каля сучаснага Дома гандлю, наперадзе перакрыжаванне з вуліцай Віленскай (Савецкай), пачатак XX ст.
3 – Каменская. Камера павернута на захад, пачатак XX ст.
4 – Каменская. Камера павернута на захад, паштоўка часоў нямецкай акупацыі ў Першую сусветную вайну.
5 – гарадскі парк і рэчка Каменка, пачатак XX ст.
6 – вуліца 3-га Мая на перакрыжаванні з Сувальскай (Савецкай). Камера павернута на захад, добра бачны макет бомбы, 1930-я гады.