У Лідзе прайшло свята сямейнага адпачынку "Мой адрас – горад Ліда" і "Тата-фэст" (фота)
Лідскі замак – гістарычная жамчужына, што велічна ўздымае свае сцены на ўездзе ў цэнтр горада і красуецца ў водах замкавага возера, сёння асабліва вабіць пад свае прахалодныя муры. З самага рання, нягледзячы на працоўны дзень і спёку, сюды паціху цягнуліся людзі – лідчане і госці горада. Менавіта замак стаў адпраўной кропкай вялікага свята сямейнага адпачынку, прысвечанага Году малой радзімы, “Мой адрас – горад Ліда!”
Мінчане Жанна і Уладзімір Дешкаўцы з унукам Даніілам накіроўваліся з Мінска ў Гродна, на 90-гадовы юбілей мамы Жанны Васільеўны. Але дарога для гэтай сям’і не проста кіламетры, але і магчымасць зазірнуць у гарады і мястэчкі, наведаць цікавыя месцы, на свае вочы ўбачыць і самому пачуць. Так было і на гэты раз: яны наведалі шэраг гарадоў і заехалі ў Ліду, дзе накіраваліся ў Лідскі замак. “Прыгожае, цікавае месца, у якім адчуваецца гісторыя, адроджаны час”, – дзяліліся нашы госці.
Лідчанка Ірына Апанас прывяла ў замак унучку Насцю (хаця, менавіта ўнучка вадзіла бабулю за руку і ледзь паспявала выказваць сваё захапленне, так што, невядома, хто каго прывёў). “Пасля таго, як замак адноўлены, не была тут ні разу. А сёння ўражанні найлепшыя. Буду раіць свайму сыну з нявесткай прыйсці сюды сям’ёй”.
Адпачынак у замку сёння выдаўся сапраўды сямейным. Нярэдка сярод гасцей можна заўважыць сем’і. Таццяна і Аляксандр Галавачовы прыехалі з Масквы ў госці да сваякоў і ў іх экскурсійнай праграме першым пунктам таксама значыўся Лідскі замак. “Мне он напомнил корабль (как тот, что стоит снаружи, у его стен), который спокойно, мудро и горделиво плывет по волнам истории. Красивое место, с богатой, интересной историей, достойное, чтобы его посещали и восхищались».
Паглядзець, паслухаць, даведацца, больш таго – паспрабаваць, памераць, дакрануцца да жывой гісторыі, адчуць яе можа любы жадаючы. Гасцей сёння прымаюць надзвычай гасцінна і стараюцца забяспечыць іх багатымі уражаннямі.
Да ўвагі наведвальнікаў шматлікія замкавыя аб’екты і пляцоўкі. Асаблівым попытам традыцыйна карыстаецца выставачная экспазіцыя “Быт сярэдневякоўя”, дзе прапануюць прымераць даспехі, кальчугі, падняць меч. Можна паглядзець тэатр “Батлейку” і паспрабаваць стравы сярэдневяковай кухні ў карчме “Львіна хата”, якая хаця яшчэ і не адчынілася афіцыйна, але прымае кліентаў у тэставым рэжыме. Працуюць шматлікія выставы ў башні, у тым ліку з інтэрактыўнымі пляцоўкамі. Арганізоўваюцца тэматычныя экскурсіі (у тым ліку бясплатныя).
Тым часам, свята ўжо распаўсюджваецца па Лідзе. У Доме гандлю распачалася дабрачынная акцыя БРСМ “У школу з добрым сэрцам”. Валанцёры саюза моладзі раздаюць лідчанам лістоўкі з напамінаннем, што настаў час зрабіць добрыя справы. А ў самім магазіне (у аддзеле канцылярскіх вырабаў), а таксама на школьным базары і ў магазіне “Кніжны свет” устаноўлены спецыяльныя дабрачынныя каробкі, у якія можна апусціць сшыткі, алоўкі, ручкі, якія перад пачаткам навучальнага года будуць перададзены дзецям з сем’яў, дзе найбольш патрэбна наша дапамога. Сярод адной з першых удзельніц дабрачыннай акцыі карэспандэнт застаў прыёмную маму Людмілу Огар з Бердаўкі. “Я выхавала пяцёра сваіх дзяцей і зараз гадую прыёмных, ведаю, як цяжка бывае сабраць неабходнае да школы. Трэба дапамагаць тым, каму найцяжей: дабрыня вернецца да цябе сторыцай”, – адзначыла Людміла Янаўна.
У другой палове дня свята перамясцілася да Палаца культуры г. Ліды. Спачатку сюды ішлі ў асноўным бабулі і дзядулі з унукамі, а вечарам – маладыя лідчане цэлымі сем’ямі. Ля сцен палаца размясцілася арт-выстава творчых работ лідскіх мастакоў. Побач былі абсталяваны фотазоны, жадаючыя маглі зрабіць аква-грым, набыць сувеніры ручной работы, выкананыя мясцовымі майстрамі аддзела рамёстваў. Асобным пунктам у праграме стаялі паказальныя выступленні Лідскага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Трэба аддаць належнае, выратавальнікі паказалі сапраўдны майстар-клас: яны паднімаліся на вышыню трохпавярховага дома і самастойна апускаліся (нібыта ў выпадку непрадбачаных абставін), віртуозна валодалі складанай тэхнікай і тонка вучылі дзяцей, як паводзіць сябе ў надзвычайных сітуацыях.
На сцэне ля Палаца культуры распачаўся музычны марафон. Змянілася некалькі канцэртных праграм: рэтра, сучаснай песні і народнай музыкі. Для лідчан спявалі і танчылі артысты Лідскага эстраднага аркестра, студыі “Акцэнт”, ансамбляў “Талер”, “Лідчанка” і “Чаравічкі”, а таксама Віктар Лебядзевіч, група “Прэмія”, тэатр гульні “100 сяброў” і інш.
Лідчане, якія падцягваліся на свята, не хавалі: ідуць менавіта на заяўлены напярэдадні ў анонсах “Тата-фэст”. Яго чакалі…
– Падобнае дзейства ў Лідзе праходзіць упершыню, а задумка належыць Палацу культуры, – расказала культуролаг Палаца культуры г. Ліды Наталля Ячмаева. – Сямейны адпачынак апошнім часам актуальны ў нашым горадзе, таму было вырашана менавіта зараз, летам, у сезон адпачынку, зладзіць падобную сямейна-забаўляльную праграму. Падкрэслю, фестываль праводзіцца ўпершыню, гэта імправізацыя, але мы чакаем актыўнасці ад тат і іх сямей, груп падтрымкі”.
Татаў, магчыма, сабралася і не вельмі шамт, але сярод іх было дастаткова смелых, крэатыўных, энергічных і здольных, гатовых паказаць і даказаць сваім родным і ўсім прысутным, што яны сапраўды найлепшыя таты.
“Тата-фэст” у свае рукі ўзялі артысты тэатра “100 сяброў” і павярнулі яго ў гульню. Вельмі лёгка на сцэне, у розных конкурсах, апынуліся некалькі тат і нават дзядуля. Падчас першага іспыту таты паспаборнічалі ў такой простай, на першы погляд, справе, як завязванне гальштука. Усяго лічаныя секунды барацьбы паміж татамі Аляксандрам Ступакевічам і Ігарам Князевым сыгралі на карысць першага.
Аляксандр Ступакевіч вадзіцель ААТ “ГВФ “Ліда”, удзельнік ансамбля “Чаравічкі”, тата 19-гадовай дачкі, якая і параіла яму падняцца на сцэну і прыняць удзел у конкурсе. “Хваляваўся, – прызнаецца Аляксандр. – Гальштук завязваў апошні раз 26 год таму, на ўласным вяселлі”.
Аляксандр Тазаў і Іосіф Данілевіч сталі ўдзельнкіамі чарговага конкурсу, на спрытнасць рук. Поспех быў на баку маладзейшага, Аляксандра Тазава. У яго яшчэ пакуль няма дзяцей, але ёсць цудоўная сям’я, якая моцна падтрымлівала яго на сцэне. А вось Іосіф Данілевіч ужо дзядуля, у яго двое ўнукаў, з якімі ён і прыйшоў на свята.
Некалькі разоў на сцэну з песняй пра тату паднімалася юная спявачка Анастасія Князева. А побач увесь час яе падтрымлівала сям’я, і напэўна актыўней за ўсіх – тата. У адной з песень Насця папрасіла яго падняцца на сцэну, і, трэба было бачыць, як на крылах ляцеў да яе тата і колькі шчасця было ў вачах абоіх.
– Цудоўнае свята!.. Вельмі хацелася б, каб такіх у нашым горадзе было болей, – падзяліўся Ігар Князеў. – А ўвогуле, трэба, каб у нас нарэшце з’явіўся Міжнародны дзень бацькі.
Свята працягвалася і, нягледзячы на тое, што ў надвор’і наступіла доўгачаканая прахалода, на пляцоўцы ля палаца ўсталёўваўся ўсё большы накал. Распачаліся танцы: сучасныя, разам з тэатрам гульні “100 сяброў”, і па-даўнейшаму – разам з ансамблямі “Талер” і “Чаравічкі”. Іх змяніў песенны марафон эстрадных выканаўцаў Палаца культуры г. Ліды. А з набліжэннем цемнаты лідчане чакалі шоу-праграму “Fire-Млын” ад фаер-брыгады “Вогненныя вораны”.