У Лідскім раёне працуе этнаграфічны пакой «Вяртанне да вытокаў»
На базе філіяла “Беліцкі Дом культуры” не так даўно адчыніў дзверы этнаграфічны пакой «Вяртанне да вытокаў». На плошчы больш чым у пяцьдзясят квадратных метраў размясціліся прылады працы, мэбля, адзенне – усё тое, што дапамагае заглянуць у мінулае нашага раёна, адчуць самабытнасць культуры, убачыць, як жылі нашы продкі сто і больш гадоў таму назад.
– Раней тут месцілася бібліятэка, – расказвае карэспандэнту “Лідскай газеты” культарганізатар Беліцкага Дома культуры Таццяна Карповіч. – Але потым плошча вызвалілася. Падумаўшы трохі з калегамі, вырашылі: трэба яе асвоіць і абсталяваць невялікі этнаграфічны музей. Але як гэта зрабіць, каб было не толькі прыгожа, але і цікава? І вось тут на дапамогу прыйшоў мой муж Леанід Карповіч – вадзіцель хуткай дапамогі Гезгалскай амбулаторыі. Гаспадарскім вокам аглядзеўшы пакоі, ён прапанаваў некалькі ідэй. У выніку атрымалася тое, што можна бачыць сёння.
Дарэчы, першы пакой нагадвае сялянскі двор. Асабліва прыцягвае ўвагу ў ім студня, якую Леанід Часлававіч зрабіў сваімі рукамі. І хоць калодзеж не дасць вадзіцы напіцца, але выглядае даволі арыгінальна, ад сапраўднага не адрозніш. Тут жа размясціліся трапачка для льну, вялікія кошыкі, дзе захоўвалі каўбасы і кумпякі, старая драўляная барана, якая апрацоўвала зямлю, жорны, конская вупраж, цяпкі, матыгі, вілы – усё тое, што абавязкова мелася ў добрых гаспадара і гаспадыні.
– Экспанаты доўгі час збіраліся па мясцовых вёсках, – гаворыць Таццяна Мікалаеўна. – Прывезены яны з Грушоўцаў, хутара Збляны, некаторыя далі беліцкія жыхары. Сама я родам з Дзятлаўскага раёна. Частка прадметаў таксама адтуль.
– Ёсць рэчы і з маёй маленькай радзімы, – запрашае ў другі пакой – своеасаблівы жылы дом – Леанід Часлававіч. – Яны належалі дзеду і прадзеду. Вось шафа 1926 года, а вось дубовы ложак і радыё. Такое наўрад ці дзе сёння пабачыш, хіба толькі ў музеях.
Маю ўвагу прыцягнуў невялічкі драўляны чамадан. Таццяна тут жа дадае:
– Гэты куфэрачак належаў любімай бабулі. Памятаю, як яна казала, што аб’ездзіла з ім “усю Расею”. Праўда, у гэтага дарожнага сябра ўмяшчалася няшмат пажыткаў. Толькі самае неабходнае.
Усе рэчы, знойдзеныя і сабраныя з вясковых гарышчаў і сараяў, сёння маюць магчымасць убачыць вучні мясцовых школ. З асаблівай цікавасцю разглядаюць яны буквар на польскай мове і Біблію на стараславянскай, ручнікі і адзежу, у якой сёння не паходзіш – не модна.
– Печ – маіх рук справа, – заўважае напрыканцы экскурсу ў мінулае Леанід Карповіч. – Прыязджаў за жонкай у клуб, а пакуль яе чакаў, бавіў час за працай. Майстраваў, абсталёўваў “хату”, “двор”. Вельмі хацелася, каб у будучым нашы сялянскія пакоі ўразілі не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей раёна. Гэты год Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка аб’явіў Годам малой радзімы. Няхай аб ёй раскажа таксама і беліцкае «Вяртанне да вытокаў».