У Лідскім раёне адбыўся адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору
“Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі… ” Пад такой назвай у мінулую суботу адбыўся адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору. У аграгарадку Мажэйкава ўшанавалі памяць нашага земляка – Земавіта Фядэцкага.
У гэты цёплы дзень, афарбаваны незвычайна яркімі колерамі бабінага лета, было светла і ў актавай зале філіяла “Мажэйкаўскі Дом культуры”. Са сцэны гучалі незвычайна прыгожыя песні, месца паходжання якіх – лідская зямля. Вясёлыя, сумныя, слёзныя і грозныя… Кожная з іх – залаты злітак, скарбніца мясцовага фальклору. Але чаму ў час мерапрыемства часцей за ўсё называлася імя Земавіт? Хто быў гэты чалавек?
– Земавіт Фядэцкі нарадзіўся 22 жніўня 1923 года ў маёнтку Лебяда, непадалёку ад Мажэйкава, – распавядае карэспандэнту “Лідскай газеты” вядучы метадыст ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Ганна Некраш. – Тут правёў дзяцінства і перажыў вайну. У цяжкія часіны ліхалецця – у 1942-1943 гадах – жыў ў вёсцы Феліксава, у сям’і свайго сябра Уладзіміра Мальца. Працаваў з ім у полі, дапамагаў будаваць новую хату. Канешне, хадзіў на вячоркі, вяселлі, талокі, хрысціны і хаўтуры. Дужаўся з хлопцамі на ігрышчах, танцаваў з паненкамі на вечарынах. А яшчэ (што вельмі важна цяпер для нас, суайчыннікаў) запісваў у сшытак феліксаўскія песні.
Аказваецца, калісьці Земавіт не ведаў, ці будзе з гэтага запісу нейкая карысць і ці здолее ў будучым надрукаваць дарагую сэрцу спадчыну. Але усё ж такі зборнік сабраных у Феліксаве песень пад назвай “Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі… ” ўбачыў свет, хоць і праз пяцьдзясят гадоў. З лёгкай рукі аўтара кніга трапіла ў многія краіны свету, “дайшла” аж да Новай Зеландыі. У Італіі яго назвалі “Песнямі Атлантыды”. Жыве яна і разам з намі. Сведчанне таму – выступленні ўдзельнікаў свята, якімі сталі прадстаўнікі дзвюх узроставых катэгорый: дарослыя і… носьбіты – нашы бабулі.
– Перад пачаткам мерапрыемства я шмат у каго з удзельнікаў запыталася, за што яны любяць народныя песні, можа, каго прымусілі сёння выступіць, – жартавала Ганна Мікалаеўна. – Адказ быў станоўчы: усе маюць творчы імпэт да народнай песні. І здзіўляцца тут няма чаму. Па-першае, у народных песнях адлюстроўваецца само жыццё, па-другое, яны даступныя нават недасведчанаму слухачу, а па-трэцяе, народныя песні маюць багатую, разнастайную тэматыку і цікавую меладычна-ладавую структуру.
“Цёплыя вечары …ды халодныя ранкі…”, “Пайду я лугам…”, “Малада Марыля па гаі хадзіла…” Ад адных песень станавілася сумна, ад другіх хацелася смяяцца, ад трэціх – кінуцца ў скокі. Кожны нумар музычнай праграмы слухачы сустракалі гарачымі апладысментамі, асабліва калі на сцэну выходзілі ўдзельніцы самага шаноўнага ўзросту – Яніна Буткевіч і Яніна Руцкая, якім сёння ўжо за восемдзесят год.
Кожны, хто ў гэты дзень прыйшоў на адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору, атрымаў вялікую асалоду ад пачутага і ўбачанага на сцэне. Вядучыя жартавалі: “Ніякіх табе фанаграм – толькі чысты голас… Некага абавязкова будзем адпраўляць на праграму “Голас”, што трансліруецца па АНТ…”
“Голас”… Магчыма. Але такія слаўныя артысты патрэбны і нам самім. У выніку пераможцамі ў катэгорыі “Носьбіты самага шаноўнага ўзросту” сталі: лаўрэатам III ступені – Яніна Буткевіч (87 год) з вёскі Белевічы, лаўрэатам II ступені – Яніна Руцкая (89 год) з аграгарадка Крупава, лаўрэатамі I ступені – Станіслава Грабліс (78 год) з аграгарадка Дзітва і фальклорны гурт “Вавярэск” з Ваверскага Дома культуры. У дарослай катэгорыі лаўрэатамі III ступені сталі гаспадары свята – ансамбль бытавых інструментаў “Каханачка” з Мажэйкава, лаўрэатам II ступені – фальклорны гурт “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, лаўрэатам I ступені – Алеся Ярунічава з аграгарадка Ёдкі, якая атрымала яшчэ і прыз глядацкіх сімпатый. Дарэчы, аб прызах. Іх аказалася шмат і яны былі смачнымі, за што арганізатары мерапремтсва вельмі ўдзячныя магазіну “Дом гандлю” і асабіста яго дырэктару Валерыю Касяку, Лідскаму хлебазаводу і яго дырэктару Лявону Куліку, гаспадарцы “Мажэйкава” і яе дырэктару Пятру Роўбу.