Жыхарам і гасцям Ліды паказалі тканую спадчыну рэгіёна (фота)
Сёння ў Лідскім раённым аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адбылося свята ткацтва “Белыя сцяжкі”.
Чаму менавіта белыя? Мабыць таму, што ў аддзеле вядзецца карпатлівая праца па адраджэнню і захаванню белага “фактурнага” ткацтва, якім Лідчына славілася некалькі стагоддзяў таму і тэхніка якога з’яўляецца сапраўдным адкрыццём для навукоўцаў і аматараў гэтага старадаўняга віда рамяства.
– Колькасць ткацкіх прадпрыемстваў, мастацкіх промыслаў штогод у Беларусі, на жаль, памяншаецца, – у інтэрв’ю журналісту “Лідскай газеты” адзначыла ганаровы госць свята, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства Марыя Віннікава. – І як добра, што ёсць цэнтры, аддзелы рамёстваў, якія праяўляюць зацікаўленасць да захавання гэтай спадчыны. Лідчане ў гэтым плане так наогул вялікія малайцы. Я прыемна здзіўленая ўбачаным. Я ведала пра белыя ручнікі, але ў такой колькасці і ў такой разнастайнасці, як яны прадстаўлены у вашым аддзеле рамёстваў, не бачыла. Гэта ўражвае. Ніхто так блізка не дакранаўся да белага “фактурнага” ткацтва, ніхто яшчэ не спрабаваў яго аднавіць. Што для мяне стала сапраўдным адкрыццём? Тэхніка падвоенага ткацтва. Сёння ў Лідзе я ўпершыню з ёй пазнаёмілася.
Марыя Мікалаеўна таксама дадала, што праца, праведзеная малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела рамёстваў Марынай Савіцкай па адраджэнню і захаванню белага “фактурнага” ткацтва, – гэта яскравы доказ таго, што пры жаданні заўсёды можна знайсці і аднавіць спадчыну нашых продкаў. Але былое не можа існаваць у сучасным свеце без пэўнай адаптацыі. Таму Марыя Віннікава параіла пашыраць асартымент, каб тканыя вырабы карысталіся попытам як сярод турыстаў, так і мясцовых жыхароў.
Але вернемся да свята “Белыя сцяжкі”. Трэба адзначыць, што яно ўключала і песні, і танцы, і выставу. На апошняй гасцям паказалі ўсю разнастайнасць тканых вырабаў рэгіёну: інтэр’ерныя тканіны (ручнікі, посцілкі, дываны), адзежныя (кашулі, паясы), аўтарскія працы і іншыя.
Важна, што госці мерапрыемства – а сярод іх былі не толькі дзеці і жанчыны, але і мужчыны – мелі магчымасць не толькі дзівіцца вырабам ткацтва майстроў Лідчыны, але і пазнаёміцца з імі. На свяце прысутнічалі сапраўдныя ткачы. Больш таго, на дзеючых ткацкіх станках – кроснах, яны давалі майстар-класы ўсім жадаючым, што стала, бясспрэчна, сапраўднай адметнасцю свята.
Наталля Улашчык, Валянціна Сільвановіч і яе дачушка Ульяна – усе яны з’яўляюцца прыемнікамі носьбіта белага “фактурнага” ткацтва лідчаніна Яўгена Маркевіча, які і падзяліўся сакрэтамі гэтай тэхнікі з супрацоўнікамі Лідскага раённага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.
– Яўген – гэта сведчанне таго , што народныя традыцыі не толькі памятаюць і беражліва захоўваюць, але і перадаюць з пакалення ў пакаленне, – падзякавала мужчыне малодшы навуковы супрацоўнік аддзела Марына Савіцкая.
…”Белыя сцяжкі”. Гэтае свята падарыла ўсім яго ўдзельнікам не толькі радасць зносін, радасць творчасці і натхнення, але і жаданне сустракацца часцей. Зрэшты, ніякіх перашкодаў для для гэтага у лідчан няма. Пры Лідскім раённым аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры працуюць спецыялізаваныя курсы па навучэнні ткацтву. А што тычыцца выставы тканых вырабаў, у аддзеле яна будзе дзейнічаць да канца вясны.
У чым жа асаблівасць белага “фактурнага” ткацтва? Адказ на гэтае, а таксана на пытанне: чаму гэтую тэхніку вырашана ўключыць у нематэрыяльную спадчыну раёна, –шукайце на старонках друкаванй версіі “Лідскай газеты”.