Ліда названа пераможніцай рэспубліканскага конкурсу «Горад культуры ў Год культуры»
Як стала вядома рэдакцыі, Ліда названа пераможніцай рэспубліканскага конкурсу “Горад культуры ў Год культуры” у намінацыі “Лепшы горад раённага падпарадкавання”.
Гэты конкурс быў аб’яўлены ў Беларусі ўпершыню з мэтай вылучыць самыя культурныя населеныя пункты, якія ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё сфер культуры і турызму. Журы назвала лепшыя абласны цэнтр, горад абласнога падпарадкавання, горад раённага падпарадкавання, пасёлак гарадскога тыпу і аграгарадок. Асноўнымі крытэрыямі пры падвядзенні вынікаў былі колькасць і якасць культурных мерапрыемстваў, рэалізацыя наватарскіх праектаў, узровень развіцця турыстычнай інфраструктуры і паслуг, стан матэрыяльнай базы арганізацый культуры і яе ўмацаванне, дзейнасць па ахове гістарычна-культурнай спадчыны за тры апошнія гады.
Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Ірына Рабец, за гэты перыяд у Лідзе было арганізавана і рэалізавана больш за сем тысяч культурных праектаў, накіраваных на прапаганду беларускай мовы, літаратуры, нацыянальнай культуры, гісторыі, звычаяў і традыцый. Найбольш значнымі з іх былі анімацыйныя праграмы «Кола часу», музейна-замкавы праект «Падарожжа ў сярэднявечча», праект-адраджэнне «Абрады маёй краіны». Акрамя таго, праводзіліся фэсты, конкурсы, святы, выставы і пленэры. У бягучым годзе быў праведзены шэраг брэндавых мерапрыемстваў – такіх як конкурс традыцыйных страў «Спазнай смак сваёй кухні», шоу-праграма «Нявестка добрая як дачка родная», конкурс ручной касьбы «Звініць каса – жыве вёска», яблычны фэст «Тарноўскі цуд». Культурныя аб'екты Ліды за тры гады наведалі больш за 250 тысяч турыстаў, у тым ліку і замежных.