Жывапіс іголкай. У Лідскім музее адкрылася выстава аматарскай вышыўкі (фота)
Кветкавыя і бытавыя нацюрморты, пейзажы, флора і фауна, партрэты, іконы – сюжэты прац, прадстаўленых на выставе “Зачараванне вышыўкай” даволі разнастайныя. Разнастайная і тэхніка іх выканання: ад вышыўкі звыклымі ніткамі рознага колеру з вельмі дакладным падборам адценняў, да алмазнай вышыўкі мазаікай.
– Усе працы дзіўныя і па складанасці, і па тэхніцы выканання, і па выбары тэматыкі, – падкрэсліла куратар выставы, навуковы супрацоўнік гісторыка-мастацкага музея Ілона Мерава. – Такі падыход абумоўлены жаданнем адрадзіць і захаваць традыцыі, выявіць і падтрымаць таленавітых майстроў гэтага віду творчасці.
Для агляду прадстаўлена каля 300 вырабаў. Асобнае месца ў экспазіцыі адведзена працам, вышытым яшчэ ў мінулым стагоддзі: гэта карціны, рушнікі, сурвэткі, абрусы, падушачкі – усе яны з фонду музея. Цікава, што сюжэты гэтых “экспанатаў” вельмі падобныя. Справа ў тым, што раней не было такога багацця схем, як сёння, і майстрыхі вышывалі калі не адно і тое ж, то нешта вельмі падобнае.
Зусім іншая справа цяпер. Усе майстры розныя, са сваім бачаннем, стылем і почыркам. А цяпер факт, які ламае стэрэатып, што вышыўка – захапленне выключна жаночае. На выставе ёсць і мужчынскія працы. Усе яны – справа рук Юрыя Лаўрэнцьева.
Выстава “Зачараванне вышыўкай” чакае сваіх наведвальнікаў штодзённа, акрамя панядзелка, аж да 24 красавіка. Як адзначыла Ілона Мерава, экспазіцыя можа стаць базай для правядзення майстар-класаў, круглых сталоў і абмеркаванняў па праблемах і перспектывах гэтага віду мастацтва.