У Лідскім раёне ўпершыню адбыўся фестываль-конкурс «Спазнай смак сваёй кухні» (фота)

03 Февраля 2016 3873

Упершыню ў аграгарадку Беліца адбыўся раённы фестываль-конкурс «Спазнай смак сваёй кухні». Вяртанне да традыцый нашых продкаў – аб'яднальная ідэя гэтага грандыёзнага мерапрыемства.

У суботу ўжо з самай раніцы па паверхах філіяла «Беліцкi Дом культуры» распаўсюджваўся дзіўны водар прыгатаваных страў. Не адчуць яго і незнарок не глынуць сліну – значыць, да канца не ўсведамляць усяго таго, што адбывалася на імправізаванай пляцоўцы. Гаспадынькі ў традыцыйных народных касцюмах, нібы пчолкі, завіхаліся, выстаўлялі на ўпрыгожаныя сталы самыя розныя стравы. Тут жа дапамагалі задаваць тэмп музыкі і сябры. А хвалявацца было чаго. Перад удзельнікамі стаяла складаная задача – праявіць фантазію, майстэрства, здзівіць афармленнем, смакавымі якасцямі i, галоўнае, распавесці аб самых самабытных стравах іх мясцовасці. Ці атрымалася гэта ва ўдзельнікаў фестывалю, даведаўся карэспандэнт «Лідскай газеты».

Усяго ў конкурсе прынялi ўдзел шаснаццаць сельскiх устаноў культуры. Традыцыйная кухня нашага рэгiёна была прадстаўлена смачнымi i духмянымi стравамi, якія ацэньвалі не толькі члены журы, але і калегі, суседзі. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі вядучы метадыст па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ДУК “Абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” Яніна Барысевіч, вядучы метадыст па музыцы і харэаграфіі ДУК “Абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” Ларыса Галалобава, загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Марыя Еўтух, рэдактар краязнаўчага, гісторыка-літаратурнага часопіса “Лідскі летапісец” Станіслаў Суднік, загадчык кафэ “Сябрына” Ірына Рудэнка, дырэктар ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Наталля Вайцюкевіч і навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун. Дэлікатэсы адпраўляліся на дэгустацыю суддзям, а потым і гледачам. Прысмакі ўражвалі разнастайнасцю.

12

“У Бердаўцы 150 год таму пан Дамбавецкі палац пабудаваў сабе шыкоўны шляхецкі! – гучалі вершаваныя занатоўкі з Бердаўскага падворка. – Таму прадстаўляем адзін дзень з гастранамічнага яго жыцця”.

2526

– Наша клубная ўстанова размешчана ў прыгожым палацы, – звярнуліся да суддзяў муж і жонка Парфенчыкі. – Пан прыязджаў сюды адпачываць, пагуляць у парку. Але галоўнае – любіў паесці ён дзічынкі, парсючка, крывяначкі і дранічкаў, а таксама халадцу. У Пецярбурзе ды Магілёве інтэлігенцыя вакол, а вось у бердаўскай летняй рэзідэнцыі даваў сабе слабінку ён.

14

Напой з цукровых буракоў, яечная кілбаска, грачаныя пялюхі, цярцюха, скрылькі, цыбрыкі са шкваркамі, печаныя яблычкі… Пачаставацца, а то і наесціся было чым. Але вось што цікава: панскія стравы можна было ўбачыць і на іншых падворках. Асабліва разнастайнымі яны аказаліся ў ваверскіх гаспадынь. Аказваецца, перад тым як смажыць, пячы, варыць і таўчы, члены аматарскіх аб’яднанняў “Спадчына” і “Надзея” арганізавалі экспедыцыю па навакольных вёсках. Яны даведаліся, што менавіта саладуха была самай распаўсюджанай стравай простага люду іх мясцовасці. Падавалі яе з печанай ці варанай у мундзірах бульбай. Саладуху налівалі спецыяльнай лыжкай. І вось такую лыжку члены клуба адшукалі і ўпрыгожылі ёю стол. А вось галкі былі любімай стравай пана Скіндэра, які жыў у вёсцы Багданаўшчына. Іх у доме гатавалі кожны дзень і падавалі за абедам. Рэцэпт гэтай стравы паведала жанчынам Марыя Купрановіч. Аб ім яна даведалася ад сястры пана пані Грыфіноўскай.

18

Багата ваверская зямля была на паноў, таму на стале ўсё больш можна было ўбачыць цікавыя і вельмі простыя стравы, якія любілі ўладары маёнткаў (дарэчы, рэцэпты іх мы абавязкова надрукуем у адным з нумароў газеты). Гэта бабка “Па-бурносаўскі”, дранікі “Клімавіцкія”, комы “Па-петухоўскі”, галкі “Грыфіноўскія”.

21

Не менш цікавую гісторыю расказалі на крупаўскім падворку. Праўда, тут героем дня стала ўнікальная страва з вішняй. Дык што ж гэта за таямнічы рэцэпт? – Называецца ён “Панская вішнаванка”, – апавядае жыхарка аграгарадка Крупава Алена Войсят. – Узнікненне яго звязана з любоўю – мабыць, таму такі смачны. Гавораць, што жыў у нашых краях пан, які быў вельмі закаханы ў сваю служанку. Называў яе не інакш як «вішанка». Жанчына была кухаркай. Таму на стале пана хутка сталі з’яўляцца цікавыя стравы. У многіх з іх прысутнічалі ягады вішні, якую нарыхтоўвалі нават на зіму, хаваючы ў водах рэчкі. Дык вось, для гатавання гэтай стравы неабходна было ўзяць птушку (дзікую або свойскую), вагой прыкладна тры фунты. Нацерці яе марынадам, які рабілі так: браліся адвар з цыбулі і пяць зубчыкаў часнаку. Дадавалі да яго лаўровы ліст, трохі перцу, солі, а калі астываў – паўкварты вішнёвага соку і кідалі туды птушку. Праз тры гадзіны птушку вымалі, абмазвалі смятанай з часнаком. Потым клалі на бляху, змазаную свіным тлушчам, абкладвалі шчыльна бульбай. Зверху птушку ўпрыгожваліі ягадамі вішні і ставілі ў добра напаленую печ. Вось такі цікавы рэцэпт, які больш нідзе не пачуеце.

3233

Пераходзячы ад стала да стала, не маглі не здзівіцца, колькі ўсяго гатавалі на лідскай зямлі. Дварышчанскія паненкі запрашалі пакаштаваць стравы, якія былі традыцыйнымі ў вёсках Пашунцы, Мяргінцы, Дворышча. Дзяўчаты з філіяла “Першамайскі Дом культуры” прапанавалі старадаўнія стравы ад жыхароў вёсачкі Сухвальня. Нельга было прайсці міма добразычлівых спадарынь з Голдава, Ігнаткаўцаў, Ходараўцаў, Дзітвы, Мажэйкава. Усім падворкам смела можна было ставіць самую высокую адзнаку.

29

– Гэты год аб’яўлены Прэзідэнтам нашай краіны Годам культуры, – звярнулася да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю вядучы метадыст па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ДУК “Абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” Яніна Барысевіч. – Вельмі прыемна, што ён так актыўна стартаваў на Лідчыне. Вялікае дзякуй усім вам за тое, што сёння прыйшлося пабываць на свяце народнай кулінарнай творчасці. Мы ехалі з Гродна і думалі, што гэта будзе толькі конкурс традыцыйнай кухні. Але аказалася, што яшчэ ўчулі цудоўныя спевы, патанчылі разам з усімі. Дзякуй, што шануеце, зберагаеце, прапагандуеце сваю лакальную культуру.

37

Пакуль журы падводзіла вынікі, госці свята размясціліся ва ўтульных крэслах перад сцэнай. Для іх выступалі танцавальны калектыў Дома польскага “Крэсовэ забавы”, пераможца адборачнага абласнога тура Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2016” Алёна Палейчык і іншыя. На першым паверсе Дома культуры працавала выстава “Горад майстроў”. Чаго тут толькі не было! Тканыя дарожкі, разнастайныя ўпрыгожванні з пацерак і камянёў, лялькі з саломы, вырабы з гліны, вязаныя цацкі, карціны... Народныя ўмельцы Лідчыны прадставілі ўсю разнастайнасць народных промыслаў. Але час праляцеў непрыкметна. І вось вынікі вядомыя. Першае месца ў раённым фестывалі-конкурсе “Спазнай смак сваёй кухні” дасталася філіялу “Ганчарскі Дом культуры”, другое – філіялу “Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр”, трэцяе – гаспадарам свята, філіялу “Беліцкі Дом культуры”. Таксама дыпломы атрымалі: у намінацыі “За афармленне рэцэптаў” – філіял “Ваверскі Дом культуры”, у намінацыі “За рэжысёрскае вырашэнне прэзентацыі страў” – філіял “Дзітвянскі Дом культуры”, у намінацыі “Традыцыйная страва” – філіял “Ходараўскі Дом культуры”, у намінацыі “Сервіраванне стала” – філіял “Першамайскі Дом культуры”, у намінацыі “Пераемнасць народных традыцый” – філіял “Голдаўскі клуб-бібліятэка”. Два спецыяльныя прызы атрымалі філіял “Крупаўскі Дом культуры” і клуб па інтарэсах з Ліды “Актыўнае даўгалецце”.

20

***

Многія скажуць: “Ну нашто гэтыя традыцыйныя стравы? Каму яны патрэбныя? Мы ўсё роўна карыстаемся іншымі інгрэдыентамі, у нас іншы рытм жыцця”. Але раённы фестываль-конкурс «Спазнай смак сваёй кухні» многіх пераканаў у іншым. Праз традыцыйныя стравы мы дакрануліся да мясцовай гісторыі, даведаліся, як жылі нашы продкі, хто быў уладаром многіх зямель. І самае галоўнае – пачулі пра тыя тэхналогіі, якія збераглі да сённяшніх дзён нашы бабулі. З упэўненасцю магу дадаць, што з нецярпеннем буду чакаць яшчэ аднаго такога свята!

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

19

1

1

1

1

1

1

31

1

1

1

1

1

1

1

1

1

4344

1

1

1

1

1

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться