Свой дваццацігадовы юбілей адзначае ў бягучым годзе ансамбль песні і танца «Талака»

11 Ноября 2015 3483

Свой дваццацігадовы юбілей адзначае ў бягучым годзе ансамбль песні і танца “Талака”, што дзейнічае на базе Лідскіх электрычных сетак. Яго вядомасць даўно пераступіла межы Ліды і Гродзенскай вобласці, роўна як і распаўсюдзілася за рамкі сістэмы энергетыкі. З 2004 года ансамбль песні і танца “Талака” насіў званне “народны”, а ў 2012 годзе слова “народны” ў поўнай назве калектыву змяніла слова “заслужаны”. У статусе народнага адзначаў ансамбль некалі сваё 10-годдзе. У статусе заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь падышоў ён да свайго 20-годдзя.

Адлік сваёй творчай біяграфіі ансамбль песні і танца Лідскіх электрычных сетак “Талака” вя-дзе з 1994 года. Узнік творчы калектыў не на пустым месцы: на прадпрыемстве існаваў свой хор, старэйшыя ўдзельнікі якога і склалі аснову “Талакі”. А з таленавітай моладзі была створана танцавальная група. У наступным, 1995, годзе ансамбль упершыню выступіў на сцэне перад гледачамі. Год сцэнічнага дэбюту калектыву і прынята лічыць годам яго стварэння.

Стаяў ля вытокаў ансамбля песні і танца “Талака”, фарміраваў яго першапачатковы рэпертуар таленавіты музыкант і арганізатар Вальдэмар Захаркевіч, які і па сённяшні дзень з’яўляецца нязменным мастацкім кіраўніком калектыву. Танцавальную групу ўзначальвае харэограф Марына Лесагор, чыімі намаганнямі танцавальныя нумары ў выкананні “Талакі” сталі своеасаблівай візітнай карткай гэтага творчага калектыву. З прыходам у ансамбль хормайстра Уладзіміра Гарачова па-новаму, больш магутна, ярка і выразна, загучаў хор. Уладзімір Фёдаравіч таксама робіць апрацоўкі беларускіх народных песень.

– Амаль усе ўдзельнікі калектыву – работнікі Лідскіх электрычных сетак, – расказвае аб складзе “Талакі” яе мастацкі кіраўнік Вальдэмар Захаркевіч. – Інжынерна-тэхнічных работнікаў, спецыялістаў, электраманцёраў, каменшчыкаў, вадзіцеляў і іншых людзей зусім “несцэнічных” прафесій аб’яднала любоў да беларускай песеннай спадчыны, жаданне ў вольны час спяваць і танчыць. На сённяшні дзень агульная колькасць “талакоўцаў” – каля шасцідзесяці чалавек. Самы малодшы з нас – амаль што равеснік ансамбля, старэйшаму – больш за шэсцьдзясят гадоў. Сённяшняя “Талака” – гэта тры яскравыя творчыя групы: харавая (з якой і пачаў некалі “расці” калектыў), харэаграфічная і аркестравая.

– Раскажыце аб рэпертуары ансамбля.

– Наш рэпертуар заснаваны на беларускім песенным і танцавальным фальклоры, нацыянальнай культуры і традыцыях, у прыватнасці – культуры і традыцыях прынёманскага краю. Створаныя за дваццаць год існавання калектыву песенныя нумары і вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі – яскравы прыклад сцэнічнага адлюстравання побыту і працы беларускага народа, яго гісторыі. Ёсць у рэпертуары ансамбля і рускія, украінскія народныя песні і танцы, творы сучасных аўтараў.

IMG 7790-01

– Творчае жыццё ансамбля насычана падзеямі, калектыў шмат гастралюе і выступае на розных мерапрыемствах, удзельнічае ў конкурсах…

– Гэта сапраўды так. Нас не раз запрашалі на канцэрты ў Палац Рэспублікі, на Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, на Свята беларускага пісьменства і іншыя мерапрыемствы, прыняць удзел у якіх лічыць за гонар любы творчы калектыў. Наш ансамбль – неаднаразовы дыпламант абласных і рэспубліканскіх аглядаў-конкурсаў самадзейнай мастацкай творчасці сярод прадпрыемстваў энергетыкі, энергетычнай і паліўнай прамысловасці. У 2010 годзе калектыў стаў лаўрэатам I ступені Рэспубліканскага конкурсу вакальна-харавых калектываў, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР Генадзія Цітовіча. Бачылі нашу “Талаку” дэлегаты III Усебеларускага народнага сходу, удзельнікі канферэнцыі краін-членаў СНД у Мінску, лідчане і госці Ліды падчас правядзення ў нашым горадзе рэспубліканскіх “Дажынак-2010”…

– Што можаце адзначыць з нядаўніх падзей у творчым жыцці ансамбля?

– У 2014 годзе “Талака” прадстаўляла нашу краіну ў Польшчы на Міжнародным фестывалі “Падляска актава культур” (Беласток). Бягучы, юбілейны, год азнаменаваўся для нас перш за ўсё ўдзелам у рэспубліканскім Дні беларускага пісьменства, які праходзіў у Шчучыне, і фінальным гала-канцэрце рэспубліканскай акцыі “Харавое Веча”.

S1570001-1

P. S. Час ідзе... пайшоў на заслужаны адпачынак былы дырэктар Лідскіх электрычных сетак Пётр Лабан, пры якім “Талака” стваралася, расла і мацнела і які падтрымліваў яе дзейнасць. Новы дырэктар прадпрыемства Віктар Жук зазначыў: «”Талака” была, ёсць і будзе». Творчае жыццё ансамбля працягваецца, і трэцяе дзесяцігоддзе гэтага жыцця, спадзяёмся, таксама будзе напоўнена яркімі выступленнямі, гастролямі, творчымі здабыткамі і перамогамі.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться