Таямнічыя жанчыны замкаў Гродзеншчыны «пасяліліся» ў Доме Валянціна Таўлая

13 Ноября 2026 898
Бягучы год у Рэспубліцы Беларусь аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. Арганізацыі, прадпрыемствы і ў першую чаргу ўстановы культуры ствараюць цэлыя праекты, прысвечаныя жанчынам, і рэалізуюць іх на сваіх пляцоўках. Так, у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея працуе часовая экспазіцыя «Таямнічыя жанчыны замкаў Гродзеншчыны» з выкарыстаннем тэхналогій, добра знаёмых цяперашняму пакаленню. Навізной у экспазіцыі з’яўляецца сучасны згенераваны спосаб перадачы вобраза праз так званы штучны інтэлект, якім масава карыстаецца моладзь, а таксама спецыялісты па ІТ-тэхналогіях. 

Мэтай экспазіцыі «Таямнічыя жанчыны замкаў Гродзеншчыны» з’яўляецца знаёмства з гістарычнымі асобамі жанчын, якія ў свой час мелі значны тытул, пасаду, кіравалі нават землямі. Згодна з існуючымі легендамі і паданнямі, жыццё заможных жанчын – князёўнаў, жонак князёў – поўнае драматычных сцэн.  Каханне, трагізм лёсу, любоў да Радзімы і непахіснасць духу – асноўны лейтматыў часовай выставы. Гэта дыялог паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй, які раскрыты праз жыццё і ўчынкі гістарычных асоб Гродзеншчыны. Наведвальнікі  музея, акунаючыся ў гісторыю, адчуваюць  сябе часцінкай мінулых эпох, нібыта знаходзяцца побач з героямі, становячыся змагарамі і барацьбітамі на сваёй зямлі. Уяўляюць сябе закаханым чалавекам, а магчыма, і замураваным у сценах замкаў ці кляштараў. Быццам на машыне часу з ХХІ стагоддзя яны пераносяцца ў ХІV стагоддзе, калі кіравалі землямі князі Гедымін і яго нашчадкі Альгерд, Вітаўт, Ягайла, а таксама Мікалай Святаполк-Мірскі, Жыгімонт Аўгуст, Жыгімонт І, Давід Гарадзенскі, Вайдыла і інш. 

Такім чынам госці экспазіцыі маюць магчымасць пазнаёміцца з гістарычнымі асобамі, падзеямі мінулых часоў, з замкамі, мураванымі збудаваннямі гродзенскай зямлі. Гераіні прадстаўленай выставы – 13 жанчын.  12 вобразаў асоб згенераваны штучным інтэлектам, а 13-ы – «Вайдыла і князёўна Марыя ў Дубровенскім палацы» – рэальны, аўтарам карціны з’яўляецца лідскі мастак Уладзімір Мельнікаў. 

Выкарыстоўваючы  QR-коды, якія размешчаны пад карцінамі, з дапамогай смартфона можна з лёгкасцю  «перанесціся» ў містычны свет і таямніцы гісторыі. На экране тэлефона з’явіцца спасылка на сайт Лідскага гісторыка-мастацкага музея, якую неабходна клікнуць. І перад наведвальнікам – тэкст пра гісторыю пэўнага замка, жанчыну – князёўну, уладальніцу ці жонку князя замка або пасялення Гродзеншчыны. 

У выставачнай зале маецца імправізаваны экран, на якім можна  таксама ўбачыць згенераваныя карціны ў руху, вобраз той ці іншай жанчыны. Акунуцца ў свет таямнічай гісторыі дапамагаюць і кнігі, на старонках якіх змешчана безліч расказаў, якія прывабліваюць зацікаўленага турыста. Для зручнасці наведвальнікаў прапанавана і інфармацыя ў выглядзе надрукаваных тэкстаў на рускай і беларускай мовах. 

Жадаючыя адчуць сябе гераіняй, дамай сэрца могуць прымерыць прадстаўлены старажытны жаночы строй, убранне, у якім можна зрабіць фотаздымкі ў любым месцы выставачнага пакоя. Манекен узброенага рыцара, экспанаты і прадметы з фондаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея – старажытныя кнігі, падсвечнікі, ліхтары з падсветкай – дапаўняюць залу, надаючы эстэтычнасці і пэўнай таямнічасці. 

Лідчына – горад з гісторыяй. Побач з Домам Валянціна Таўлая знаходзіцца Лідскі замак – рэальная легенда з 700-гадовым узростам. Уявіце сабе, колькі падзей адбылося ў старажытных сценах замка-кастэля! Па гэтай прычыне знаёмства з экспазіцыяй пачынаецца з гісторыі, легенд і паданняў, звязаных з  Лідскім замкам, а таксама са знаёмства з таямнічымі асобамі жанчын замкаў Гродзеншчыны. Зацікавіліся і вы? 

Вось нашы гераіні: дзяўчына Ліда – дачка князя Гедыміна, а таксама іншыя яго князёўны, Соня з Мірскага замка – дачка князя Мікалая Святаполка-Мірскага, каралеўна Бона Сфорца і яе нявеста Барбара Радзівіл, вядомыя ў Нясвіжскім замку і ў Гродне, Бірута – дачка князя Гедыміна і жонка князя Давіда Гарадзенскага з Гродзенскага замка, Марыя Альгердаўна – сястра князя Ягайлы і жонка Вайдылы, які трымаў землі горада Ліды, дзяўчыны з Крэва і Гальшанаў, якіх замуравалі ў замках, панна Алена з Любчанскага замка, першадрукар Францыск Скарына і каханая Маргарыта Адвернік, каралеўна Соф’я Гальшанская і кароль Уладзіслаў Ягайла, навагрудская княгіня Гражына, якая адагнала крыжацкае войска ад горада Ліды. Усе яны прадстаюць перад гасцямі музея са сваімі звычкамі, характарам, норавам. Яны рашучыя і хітрыя, закаханыя і заклятыя, мужныя і верныя.
Вы яшчэ не былі на экспазіцыі «Таямнічыя жанчыны замкаў Гродзеншчыны»? Тады вам на Замкавую, 7! 

Алесь Хітрун, 
навуковы супрацоўнік 
Лідскага гісторыка-мастацкага музея


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться