Шчучын у мінулыя выхадныя стаў сталіцай Дня беларускага пісьменства (фота)
Апошні раз Гродзеншчына прымала Дзень беларускага пісьменства шэсць год назад. Гаспадыняй тады была Смаргонь. Сёлета прынеманскі край зноў стаў сталіцай рэспубліканскага свята, якое вяртае нас да нацыянальнай прыналежнасці. Гасцей 22-га Дня беларускага пісьменства прымаў Шчучын. Адказнасць перад горадам і яго жыхарамі была велізарная. Як адзначыў старшыня мясцовага райвыканкама Сяргей Ложэчнік, “Шчучын упершыню за гады свайго існавання стаў эпіцэнтрам рэспубліканскага маштабу”.
Калега з “Гродзенскай праўды” Ала Бібікава ў пачатку свята па-добраму паддзела мяне: “Вы, лідчане, распешчаны святамі. І дажынкі, і "Ліда-рэгіёны", і рыцарскія турніры, і маляўнічыя Дні горада... Вас, напэўна, ужо цяжка чымсьці ўразіць”. Доля праўды ў яе словах, напэўна, была. Доўгія гандлёвыя рады, горад майстроў, розныя тэматычныя пляцоўкі – усё гэта радавала, але не здзіўляла. Мабыць таму, што праводзіць святы весела і песенна ў нашай краіне даўно стала нормай. Куды больш значнай, на мой погляд, з'яўляецца другая традыцыя: такія мерапрыемствы заўсёды спрыяюць захаванню нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны. Думаю, не памылюся, выказаўшы здагадку, што менавіта адкрыццё абноўленага помніка архітэктуры, жамчужыны шчучынскага краю – палаца князёў Друцкіх-Любецкіх, які з’яўляецца двайніком рэзідэнцыі французскіх каралёў (палаца Малы Трыанон на тэрыторыі Версаля) – застанецца галоўным успамінам для ўсіх сведкаў 22-га Дня беларускага пісьменства.
– Гродзеншчына – край з багатай гісторыяй і значнымі культурнымі традыцыямі, – падчас адкрыцця палаца адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. – Наша зямля дала свету нямала выдатных дзеячаў мастацтва, якія стварылі і перадалі нам багатую духоўную спадчыну, неад’емнай часткай якой з’яўляюцца і родавыя сядзібы. Адна з іх – палац Друцкіх-Любецкіх. Упэўнены, ён стане кузняй творчых асоб, якія ў будучым праславяць не толькі Гродзеншчыну, але і ўсю нашу краіну Беларусь.
ДЛЯ СПРАЎКІ: Палац Друцкіх-Любецкіх узведзены ў Шчучыне ў XIX стагоддзі па ініцыятыве князя Францішка Ксаверыя віленскім архітэктарам Раствароўскім. Прататыпам палаца стаў вядомы Малы Трыанон у Версалі. У савецкія часы ў палацы размяшчаўся Дом афіцэраў. Рэстаўрацыю былой княжацкай рэзідэнцыі ў стылі неакласіцызму на беразе возера ў цэнтральнай частцы Шчучына пачалі 11 гадоў таму, аднак не ўдавалася яе завяршыць з-за недахопу сродкаў. Род Друцкіх-Любецкіх у свой час быў даволі ўплывовым. Францыск Ксаверы Друцкі-Любецкі быў вядомым дзяржаўным дзеячам, Гродзенскім, а затым Віленскім губернатарам, міністрам фінансаў у Каралеўстве польскім. Менавіта па яго ініцыятыве быў пабудаваны Аўгустоўскі канал.
Аб гэтым Віктар Андрэевіч гаварыў не без падставы. У былых княжацкіх пакоях размясціўся Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.
– Мы вельмі рады і ўдзячны за такі падарунак, – у інтэрв’ю з журналістам “Лідская газеты” падкрэсліла загадчыца цэнтра Ірына Дзегцярова. – Гэта навучальная ўстанова аб’ядноўвае больш за паўтары тысячы дзяцей. І я ўпэнена, што тая магічная аўра, якая лунае ў гэтым будынку, дапаможа нашым дзецям развіваць свае творчыя здольнасці. Мы будзем займацца канцэртнай дзейнасцю, праводзіць выставы і нават ладзіць балі. У ліку першых запрошанах гасцей, абяцаю, абавязкова будуць і лідчане.
Асаблівасцю 22-га Дня беларускага пісьменства і сведчаннем таго, што дзяржава праяўляе клопат аб беларускіх аўтарах, стала ўручэнне першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Адзін з дыпломаў застаўся ў валоданні гаспадара свята – Шчучына. Зборнік казак “Надзейка-Чарадзейка” жыхаркі горада Ганны Скаржынскай-Савіцкай быў прызнаны лепшым узорам дзіцячай літаратуры.
– Больш за 11 тысяч назваў кніг выдадзена ў Беларусі ў 2014 годзе, – пад час афіцыйнага адкрыцця свята паведаміла Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч. – Гэта лічба параўнальная з пазіцыямі ў кнігавыданні ў Расійскай Федэрацыі. Агульны тыраж выдадзеных кніг – больш за 31 млн экзэмпляраў. Нягледзячы на сцвярджэнне, што друкаваная кніга страчвае свае пазіцыі, мы бачым, што яна застаецца адной з галоўных нашых каштоўнасцей, важнейшым складальнікам у развіцці чалавека як асобы. Кнігі адлюстроўваюць нашу гісторыю і нашу сучаснасць. Таму вельмі важна цаніць і любіць нацыянальную літаратуру.
Дзень беларускага пісьменства яшчэ раз паказаў непарушнае адзінства друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа, яго цесную сувязь са славянскімі вытокамі, а таксама асэнсаванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. Завяршылася ўрачыстасць цырымоніяй перадачы эстафеты свята гораду Рагачову.
На доўгія гады, або За што кажуць “дзякуй” Дню беларускага пісьменства самі шчучынцы?
Рэспубліканскія і абласныя святы – гэта добры прыклад таго, як, дзякуючы падтрымцы дзяржавы, невялікі райцэнтр набывае ўтульнасць, камфорт і непаўторную прыгажосць. Ўспомніце, як змянілася Ліда дзякуючы рэспубліканскім дажынкам! Гэта спадчына з адрамантаваных і новых будынкаў будзе з намі заўсёды... Пасля Дня беларускага пісьменства засталася такая і спадчына і ў шчучынцаў.
Акрамя палаца, пасля капітальнага рамонту адчыніла дзверы цэнтральная раённая бібліятэка, якая носіць імя слаўнай паэткі Цёткі. Храм мудрасці налічвае больш за 4600 чытачоў.
Фасады каля двух дзясяткаў будынкаў – офісаў і жылых дамоў – заззялі новымі фарбамі. Сур’ёзныя фінансавыя сродкі былі выдзелены на інфраструктуру гарадскіх школ і гімназіі, на рамонт аддзяленняў райбальніцы, аднаўленне іншых сацыяльных аб’ектаў – РДК, кінатэатра. Маштабныя работы праведзены па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол гарадскога возера. Усяго ў горад укладзена каля 80 мільярдаў рублёў з розных крыніц фінансавання.
Лідскія імпрэзы Дня беларускага пісьменства
Падчас свята была наладжана выстава “СМІ Гродзеншчыны”. Магчыма, і нясціпла, але стэнд “Лідскай газеты” сапраўды прыцягваў увагу: госці з задавальненнем гарталі свежыя нумары, чыталі, аб чым раёнка пісала ў самым пачатку свайго шляху, знаёміліся з творчасцю паэтаў нашага краю, у тым ліку – і членаў літаратурнага аб’яднання “Суквецце”, якое існуе пры газеце на працягу ўжо многіх гадоў. Прыемна, што асаблівую зацікаўленасць выклікала кніга наша супрацоўніка рэдактара карэктарскага аддзела Аляксандра Мацулевіча “Леў і ключы” (нагадаем, зборнік вершаў быў прысвечаны гораду Лідзе і прэзентаваны вясной гэтага года). Некалькі экзэмпляраў аўтар падпісаў на памяць.
– Гэта ж такая праца прароблена, – дзякавала за падарунак па-заштатны карэспандэнт “Астравецкай праўды” Людміла Кухарэвіч. – Прабегшы вачыма па некаторым вершам, разумею: аўтар – вельмі таленавіты. І прадчуваю: ад чытання кнігі атрымаю асалоду.
Падставай бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Аляксандра Мацулевіча для Людмілы, упэўнена, стане і той факт, што яе зямляк, вядомы кампазітар Астравеччыны Аляксандр Якіменя на адзін з вершаў напісаў музыку.
Сябе паказаць, на другіх паглядзець
Са сваёй прадукцыяй у Шчучыне знаёмілі і друкарні краіны. Багаж Лідскай друкарні быў важкім, а змесціва па меншай меры пазнавальным. Кнігі, брашуры, этыкеткі, буклеты – асартымент не новы, але якасна выраблены.
– Мерапрыемства, вядома, грандыёзнае, – падзяліўся ўражаннямі дырэктар Лідскай друкарні Мікалай Пякарскі, – і вельмі карыснае. Ёсць такое паняцце "абмен вопытам", але тут, скажу шчыра, яго не адбываецца. Кожны вытворца прагны і трымае свае сакрэты пры сабе. Мы не выключэнне (усміхаецца). Але гэта не прымяньшае важнасці ўдзелу ў Днях беларускага пісьменства. Мы глядзім канкурэнтам у вочы, бачым, хто чым "дыхае", чэрпаем ідэі. Я, напрыклад, таксама ўзяў на ўзбраенне некалькі задумак.
“Усебеларускі” талент
Падчас свята ладзіўся рэспубліканскі конкурс “Папяровыя фантазіі”. На вачах у шматлікай публікі свае шэдэўры з паперы выразалі майстры з розных куткоў нашай краіны. Была сярод іх і Дар’я Юрчык, супрацоўнік Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына”. Яе выцінанка была прысвечана Спаса-Ефрасіннеўскаму храму.
– Ефрасіння Полацкая – першая беларуская і, па некаторых даных, усходнеславянская асветніца. Каго, як не яе, праслаўляць у Дзень беларускага пісьменства?! – патлумачыла свой выбар аўтар.
Дарэчы, яшчэ да падвядзення вынікаў конкурсу журналіст "Лідскай газеты" мела магчымасць пагутарыць з членамі журы. Нават "сырую" працу лідчанкі яны назвалі вельмі добрай, адзначыўшы, што яна адрозніваецца выдатным пачуццём густу і індывідуальнасцю аўтара. Як жа было прыемна даведацца, што гэтая папярэдняя ацэнка была не беспадстаўнай: Дар'я Юрчык стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Папяровыя фантазіі”.
Дзякуй “Лідскай газеце” за захаванне “Суквецця”
Думкамі аб тым, як захаваць любоў да літаратуры з журналістам “Лідскай газеты” падзяліўся вядомы беларускі пісьменнік Алесь Бадак.
– Пісьменік не можа варыцца сам з сабою. Атрымліваецца застой. Зрушыць яго можа ў тым ліку і газета. На жаль, я не знаём з дзейнасцю “Суквецця”. Пакуль. Але могу смела ціснуць руку вашаму галоўнаму рэдактару і казаць “дзякуй” за захаванне такой спадчыны. Такія аб’яднанні акрыляюць паэзію, якая сёння, магчыма, не так карыстаецца папулярнасцю, як некалі. Глядзіш на ўсё гэта і разумееш: беларуская душа жыве ў слове, якое перадаецца ў тым ліку і праз раённыя выданні. Для пісьменніка важна абмеркаванне, гаворка. Літараратура не пішацца для сябе. Таму я вельмі рад, что “Лідская” не толькі захоўвае, але і прыумнажае любоў да слова, любоў да прыгожага. Раіў бы браць з вас прыклад усім выданням.
Напярэдадні Дня беларускага пісьменства я быў у Лідзе, натхняўся яе прыгажосцю. Таму цяпер мне самаму цікава пазнаёміцца бліжэй і з газетай, і з дзейнасцю літаратурнага аб’яднання пры ёй.
Шчучын вачыма журналіста “Лідскай газеты”, або Чаму сюды хочацца вярнуцца?
Да Дня пісьменства Шчучын мне прыходзілася наведваць усяго двойчы. Першы раз у 2008 годзе, калі мая сяброўка выходзіла замуж. І другі – у 2011, калі я па дарозе ў Гродна зазірнула сюды папіць гарбаты. Сустрэчы былі кароткімі, таму горад паўстаў перада мной прыгожым незнаёмцам. Дзякуючы Дню беларускага пісьменства у нас завязалася сяброўства, якое абавязкова будзе мацнець. І вось як я правяду нашу наступную сустрэчу…
На ўездзе мяне сустрэне славуты МіГ-25. Самалёт – сімвал авіяцыйнага мінулага, калі Шчучын горда насіў статус горада авіятараў. Тут я зраблю фотаздымак.
Праехаўшы кіламетры паўтары, абавязкова зазірну ў палац князёў Друцкіх-Любецкіх. Прычым зраблю гэта не пазней пачатку лістапада! Справа ў тым, што тут на два месяцы разгарнуў свае экспазіцыі Гродзенскі абласны гісторыка-археалагічны музей. Выставы прысвечаны роду Друцкіх-Любецкіх, яго гісторыі, дзейнасці князёў.
У адной зале, напрыклад, змешчаны партрэты сям’і, у другой – частка калекцыі карцін (Друцкія-Любецкія былі сапраўднымі аматармі жывапісу). Трэцяя зала знаёміць з кнігамі, якія былі напісаныя настаўнікамі і вучнямі былога калегіума піяраў. На працягу двух месяцаў у палацы будзе дзейнічаць і экспазіцыя Нацыянальнага гістарычнага музея, якая прысвечана стагоддзю Першай сусветнай вайны. Згадзіцеся, нагода прагуляцца па панскіх пакоях важкая.
Затым я паеду ў цэнтр горада. Па дарозе зазірну ў касцёл Святой Тэрэзы Авільскай. Ён цікавы не толькі як прыклад культавай архітэктуры ў стылі класіцызму канца 19 стагоддзя: на тэрыторыі касцела размяшчаецца будынак калегіума ордэна піяраў. Між іншым, парафія сёлета адзначае сваё 500-годдзе.
Перайшоўшы дарогу наведаю царкву Святога Міхаіла Архангела. Дарэчы, такое суседства двух святыняў не выпадкова: тут жыве роўнае колькасць каталікоў і праваслаўных.
Шчучын лічыцца адным з самых невялікіх райцэнтраў на Гродзеншчыне. У гэтым ёсць свае хараство: да славутасцяў рукой падаць. Вось і да мясцовага «Біг-Бэна» ад святыняў усяго пару метраў. “Біг-Бэнам” шчучынцы празвалі каменную вежу, упершыню пабудаваную ў пачатку 20 стагоддзя як абярэг ад пажару, голаду і мору (адноўлена ў 2007 годзе).
Далей мой маршрут будзе ляжаць у гімназію. Тут знаходзіцца ўнікальны музей адукацыі Шчучыншчыны. Яго я раю абавязкова наведаць усім настаўнікам і вучням Лідчыны. І не толькі каб пашырыць свой кругагляд, але і каб падглядзець ідэю. Пад сваім дахам музей сабраў больш за тры тысяч экспанатаў.
Гэта і падручнікі, і сшыткі, і дэталі формы адзення, і пасведчанні аб адукацыі, і фатаграфіі, і шмат чаго яшчэ. Як мне расказала дырэктар гімназіі, самыя раннія экспанаты датуюцца другой паловай 18-га стагоддзя. Менавіта мяне ўразіла тое, што экскурсіі па музею вядуь вучні, прычым на пяці мовах. Дзякуючы гэтаму, з гісторыяй адукацыі Шчучына змаглі пазнаеміцца госці з Нарвегіі, Бельгіі, Канады, Швецыі і іншых краін.
* * *
Навінкі кнігавыданя былі прадстаўлены на тэматычных выставах. Сярод іх – фотоальбом “Беларусь замкавая”, да стварэння якога руку прылажылі і журналісты “Лідскай газеты” – у раздзеле пра Лідскі замкі выкарыстаны нашыя фотаздымкі. Важыць кніга не меней за пяць кілаграмаў, таму пагартаць яе на вясу фізічна не магчыма. Кошт альбома 548 900 беларускіх рублёў.
* * *