Выстава, прысвечаная храмам Лідчыны, праходзіць у гісторыка-мастацкім музеі (фота)
Убачыць душою нябесны той храм... Аднайменная выстава працуе ў гісторыка-мастацкім музеі. Яна стала вынікам трохдзённага пленэра выкладчыкаў школ мастацтваў Гродзеншчыны і першым сумесным праектам Лідскай епархіі, гісторыка-мастацкага музея і дзіцячай мастацкай школы.
Звыш чатырох дзясяткаў карцін, выкананых у розных тэхніках, але аб’яднаных адной тэмай – храмы Лідчыны, – уваходзяць у экспазіцыю. Свята-Міхайлаўскі сабор, Свята-Георгіеўская царква, царква Усіх Святых, храм Успення Прасвятой Багародзіцы ў Радзівонішках, храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Зблянах, храм Мікалая Цудатворца ў Лебядзе і іншыя знайшлі адбіткі на палотнах майстроў з Ліды, Бярозаўкі, Іўя, Дзятлава. На выставе можна атрымаць адказ на пытанне, якія лідскія храмы асабліва натхняюць творцаў, і ўбачыць іх прыгажосць праз прызму мастацкай фантазіі.
Напрыклад, зблянская царква, прыгожая і велічная святыня невялікай вёсачкі на беразе Нёмана (дарэчы, менавіта яе найбольш часта малявалі ўдзельнікі пленэра), на карцінах адлюстроўваецца абсалютна па-рознаму. Мастак з Дзятлава Віктар Жалянін прысвяціў ёй дзве работы: адну – выкананую ў традыцыйным фармаце, другую – у жанры калажа, дэталямі якога сталі каляровыя выразкі з выпадковага часопіса. Менавіта з іх дапамогай мастак перадаў маляўнічасць зблянскай вулачкі, што вядзе да храма. Вугал бачання мастакамі храмаў можна прасачыць нават у назвах работ: “Белыя росы”, “Благадаць”, “Не пакідай нас, Божа” і г. д.
Урачыста адкрылі выставу і віталі прысутных епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый, начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Хвайніцкі, дырэктар гісторыка-мастацкага музея Ганна Драб, дырэктар дзіцячай мастацкай школы Валянціна Грышкевіч. Уладыка Парфірый адзначыў, што пленэр і выстава прымеркаваны да 1000-годдзя прадстаўлення святога князя Уладзіміра, які хрысціў Русь, і прызваны праз мастацкае бачанне паказаць сапраўднае хараство.
Выстава будзе працаваць у гісторыка-мастацкім музеі да 22 жніўня, наведванне яе бясплатнае.